«На дзяржаву працаваць не буду!». Як Юрый Чыж, якога сёння затрымала КДБ, стаў мільянерам
Гісторыя поспеху самага багатага беларуса краіны.
Паводле меркавання экспертаў інтэрнэт-выдання «Ежедневнік», Юрый Чыж заняў першае месца ў рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсмэнаў Беларусі.
«Наша Ніва» нагадвае шлях да поспеху Юрыя Чыжа. Гэты артыкул быў апублікаваны ў друкаванай версіі ў 2011 годзе.
* * *
Мільянер у дзяржаве для народа
У спісе беларускіх мільянераў, які з’явіўся ў краіне ў пачатку стагоддзя, Юрый Чыж займаў восьмае месца. Ягоную маёмасць ацэньвалі ўсяго ў $46 мільёнаў — нішто ў параўнанні з расійскімі алігархамі. Але сярод бізнэсоўцаў Чыж быў трэцім. Вышэй былі толькі «збройнік» Уладзімір Пефціеў і давераная асоба Івана Ціцянкова Віктар Лагвінец, які ўрэшце збег у Маскву.
Прайшло дзесяць гадоў. Імперыя Чыжа ўпэўнена разраслася ва ўсіх накірунках, а яго імя ў новым бізнэс-рэйтынгу апынулася на першым месцы пад сонцам беларускай эканомікі. Але выходзіць пад сафіты тэлекамер алігарх не спяшаецца. Чыж не любіць лішняга шуму.
«Бедны» сваяк
Уся інфармацыя пра Юрыя Чыжа ў беларускай медыяпрасторы фактычна зводзіцца да некалькіх гутарак з карэспандэнтамі «Прэсбола», дзе ён паказвае сябе богам і гаспадаром футбольнага мінскага «Дынама», а таксама некалькіх настальгічных інтэрв’ю. У адным з іх ім мільянер расказваў, якім таленавітым вучнем быў у школе, прызнаваўся, што «здымае кватэру», бо «яшчэ не пабудаваў дом», і скардзіўся на недахоп свабодных грошай. Уменне не прыцягваць да сябе лішнюю ўвагу — тое, што адрознівае беларускіх алігархаў ад расійскіх і ўкраінскіх калегаў.
Пладавітая вёска
Будучы мільянер нарадзіўся ў маленькай вёсцы Сабалі пад Бярозай, што на Брэстчыне, у 1963 годзе. Юра быў у бацькоў малодшым дзіцем, прычым у сям’і нарадзілася ажно шэсць хлапчукоў! Так шмат дзяцей нараджалася і ў суседніх дварах.
«У нашых Сабалях утварылася вельмі моцная баптысцкая супольнасць, — тлумачаць аднавяскоўцы Чыжа. А паколькі ў баптыстаў не вітаюцца аборты, то дзеці і нараджаліся адно за адным». Цікава, што бацька алігарха, Аляксандр Чыж, быў праваслаўным, а маці стала баптысткаю. А вось самога Юру ў малітоўным доме ніколі не бачылі.
Сямейны бізнэс
Бацькі Чыжа былі простымі людзьмі, і род быў сялянскі ад веку. Па словах суседзяў — сям’і Жалудкоў, з іх сынам Юра сябруе дагэтуль, — бацька падчас вайны трапіў у палон да немцаў. Быў у канцлагеры, але выжыў і вярнуўся дадому.
«Валодзя, Жэня, Віця, Саша, Толік… Ну і Юра, канечне!» — вяскоўцы з цяжкасцю ўзнаўляюць спіс братоў Чыжоў па старшынстве. Старэйшага з іх ужо няма ў жывых. Раней Валодзя працаваў старшынёй мясцовага калгаса, а пасля лёс закінуў яго ў прымежную Маларыту, дзе ён працаваў дырэктарам гароднінасушыльнай фабрыкі.
Сямейная справа на Юравы грошы — бярозаўскае прадпрыемства «Варыянт», якое робіць вокны і дзверы. Пераважна з дрэва, але ёсць і алюмініевыя вырабы. Саша з Толікам дагэтуль кіруюць «Варыянтам». Гараджане іх паважаюць, але не вельмі любяць — кажуць, што браты ганарлівыя.
Раней разам з імі працаваў яшчэ брат, Жэнік. Пасля выхаду на пенсію і вярнуўся ў родную вёску, трымаць бацькоўскую хату. Нядаўна памёр і ён.
А жоўты дом на краі вёскі адноўлены і добра глядзіцца на фоне суседніх шэрых панурых хат. Прасторны двор з не самай новай машынай, нядаўна пафарбаваная альтанка і склад шыферу на двары — вось няхітрая панарама чыжоўскай хаты.
Маці братоў там больш не жыве. Калі ў старой з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, адзін з братоў забраў яе да сябе ў суседні Белаазёрск. Там Вера Пятроўна і памерла мінулым летам.
Шалапаісты хімік
Бліжэйшая ад Сабалёў школа знаходзілася за пару кіламетраў, у суседніх Равяцічах. Туды хадзілі ўсе браты. «Сабалянцаў было так шмат, што з іх стваралі цэлы клас», — узгадвае тагачасны дырэктар школы Іосіф Дубскі.
Калі Юра атрымліваў сярэднюю адукацыю, алімпійская траса Масква—Брэст (цяперашняя галоўная дарога краіны) прайшла якраз паміж вёскамі, пакінуўшы іх паабапал дарогі.
Як вучыўся малодшы Чыж — загадка для будучых біёграфаў алігарха. «Вучыўся добра. Сярэдні бал быў 4,47. Было б 4,5, здаваў бы пры паступленні ў Політэхнічны інстытут два экзамены, а так прыйшлося здаць чатыры. Мне ўсё лёгка давалася, але я быў самым недысцыплінаваным у класе», — так расказваў Юрый Чыж у інтэрв’ю «Прэсболу».
Мясцовыя жыхары расказваюць іншае. «У яго былі найлепшыя адзнакі па хіміі. Ну і па фізкультуры, вядома ж», — кажа школьны настаўнік. Узгадвае і цікавы эпізод. На адзін і той жа дзень Юру запрасілі ўдзельнічаць у алімпіядзе па хіміі і ў нейкай спартакіядзе ці то па барацьбе, ці то па лыжных гонках. Чыж абраў спорт, чым вельмі расчараваў школьную настаўніцу хіміі. Але ў тым, што ў юнацтве Юра быў шалапаем, не сумняваецца ніхто, нават ён сам. «Быў лайдакаватым, але ду-ужа спрытным!» — падсумоўвае дзед Валодзя з роднай вёскі.
Паказальная разруха…
Сабалі засталіся ў цяні больш паспяховых Равяцічаў. Вёска вымірае. Агулам тут жыве семдзесят чалавек, але мясцовасць выглядае пустыннай. Лукашэнка сюды ніколі не заязджаў. «Яго сюды не павязуць. Мы бес-перс-пек-тыў-ныя, — з цяжкасцю вымаўляе адзін з дзядоў. — І ферма ў нас загнівае — яму такое не паказваюць».
Увесь гонар за славутага земляка дастаўся менавіта Равяцічам. Сюды возяць і дарагіх гасцей са сталіцы, і замежныя дэлегацыі. І школу, і футбольнае поле можна заўважыць з трасы.
Чыстае поле — і раптам такі акультураны аазіс. Але хоць вёска сімвалічна стаіць ля самай трасы, назваць яе пацёмкінскай не павернецца язык.
… і паказальнае шыкаванне
Сваю школу Чыж падтрымліваў ад самага пачатку, як толькі выйшаў закон аб спонсарскай дапамозе. Самая першая дапамога — набыў камп’ютары. А дзецям на Новы год заўсёды арганізоўваў салодкія падарункі ад Дзеда Мароза.
Сёння школа — адна з найлепшых у вобласці па тэхнічным забеспячэнні. Хіба што прайграе радзіме Пятра Пракаповіча, Тамашоўцы, але ў Нацбанка грошай было не менш… У Равяцічах і штучнае пакрыццё на футбольным полі, і мультымедыйныя ўстаноўкі ў класах — дзе праектары, дзе мультымедыйныя дошкі.
Сцены не проста фарбавалі, а запрашалі найлепшых мастакоў вобласці. «Ад старой школы ў нас застаўся вісець толькі электронны гадзіннік над уваходам!» — прыводзіць паказальны прыклад былы дырэктар школы. Давялося нават зрабіць перапланіроўку будынка, пакінуўшы толькі падмурак.
Мала хто са старых настаўнікаў паспяхова ўпісаўся ў час новых тэхналогій. Замянілі і дырэктара. Новага кіраўніка знайшоў сам Юра. Гэта былы гарадскі фізрук, які пераехаў у вёску разам з сям’ёй. Яму ўсяго трыццаць гадоў, і з тэхнікай ён на «ты».
Новае пакаленне не выбрала «Трайпл»
У рэканструкцыю школы ўклалі велізарныя грошы — 400 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай і яшчэ 3,5 мільярда рублёў ад Чыжа. Па тагачасным курсе ўклад мільянера склаў больш за $1,5 мільёна. Чыж асабіста кантраляваў працэс. «Аднойчы прыехаў, убачыў, што рабочыя паклалі не зусім роўную сцяну. Дык загадаў разагнаць усю брыгаду, а новым будаўнікам давялося разабраць сцяну і толькі пасля класці новую», — легенды пра строгасць, але справядлівасць Чыжа перадаюцца з вуснаў у вусны.
Кажуць, што аднойчы на сустрэчы выпускнікоў нехта з школьных прыяцеляў падышоў да алігарха і папрасіў замовіць слова ў Мінску, нават не для сябе, а для сына ці ўнука. Чыж раз’ярыўся: «Я нават па радстве нікога не бяру на працу!»
Але не ўсе ў раёне бясспрэчна слухаюцца мільянера. Чыж падарыў школе міні-бар. Ходзіць легенда, што там меркавалі прадаваць (ці нават разліваць бясплатна) газіроўку ад «Трайпла». Але санстанцыя ўпёрлася: ніякай газіроўкі ў школе! «Вось і стаіць цяпер бар як помнік», — жартуюць настаўнікі.
Біццё аб сцены МТЗ
Атрымліваць адукацыю Юрый Чыж адправіўся ў Мінск. У 1980 годзе ён паступіў у Політэхнічны інстытут на электратэхнічны факультэт.
«Скончыў інстытут — узнікла праблема працаўладкавання. З Мінска з’язджаць, вядома ж, не хацелася, — расказваў сам Юрый Чыж. — А ў нас найбліжэйшае размеркаванне — Смаленская АЭС. Добра, што дэканам быў мой зямляк. Звычайны мужык, мы з ім вырашылі пытанне, і адправіўся я выкарыстоўваць атрыманыя веды на МТЗ».
Кар’ерны рост давёў Чыжа за сем гадоў да ўзроўню кіраўніка энергаслужбы корпуса. Але прадпрымальніцкая жылка хацела большага. Будучы мільянер прапанаваў тагачаснаму кіраўніку завода Івану Куляшову стварыць на прадпрыемстве кааператыў. Аднак начальнік савецкай закалкі шарахаўся ад такіх энтузіястаў. Некалькі гадоў спробаў праявіць ініцыятыву, і ў 1992 годзе Юрый Чыж звальняецца з МТЗ. У Сабалях усе ў адзін голас паўтаралі нам фразу, якая нібыта належыць Чыжу і якая прагучала менавіта тады: «Больш я на дзяржаву працаваць не буду!»
У тым жа годзе Юрый Чыж заснаваў сваю першую кампанію — «Трайпл»…
Першы прыбытак з машыны гарэлкі
Гэта цяпер «Трайпл» — вядомы брэнд, які прыносіць свайму ўладальніку добрыя грошы. Але пачыналася ўсё з маленькага. «Арандаваў пакойчык у раёне кінатэатра «Мір», — узгадваў Юрый Чыж. — Прызначыў сябе дырэктарам, бухгалтара ўзяў. Першы досвед быў паспяховым — зарабіў паўтары тысячы даляраў на перапродажы машыны гарэлкі. Стартавы капітал пазбіваў, пасля пачалі брэсцкія дываны прадаваць у Расію. І так пайшло-паехала…»
Пасля таго, як удалося скалаціць стартавы капітал пасрэдніцкай дзейнасцю, Чыж адкрыў дзве вытворчасці — безалкагольных напояў і пластыку.
Капітал на радзіме
У самой Бярозе Чыж выкупіў мясцовы сілікатны камбінат. Выкупіў без тэндара. Прадпрыемства абышлося яму ўсяго ў $148 тысяч. Мільянер правёў рэканструкцыю і закупіў якаснае нямецкае абсталяванне. Цяпер ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» — адно з самых прыбытковых месцаў працы ў горадзе. «У нас сярэдні заробак большы за $700» — хваляцца супрацоўнікі грашыма далёка не раённага маштабу.
Яшчэ адным бярозаўскім прадпрыемствам, «Варыянтам», кіруюць браты Чыжа — Саша і Толік. Тут займаюцца вырабамі з дрэва. «Гэтае прадпрыемства стваралася для братоў», - прызнаецца Чыж. Цікавасць выклікае спіс кліентаў кампаніі — добрага, але далёка не адзінкавага іграка на рынку. А кліенты як на падбор — Міністэрства замежных спраў Расіі,Беларуская праваслаўная царква, чыгунка (у прыватнасці, вакзал у Мінску).
У Бярозе Чыж выкупіў і казармы XIX ст. У іх будынку цяпер месціцца аптовая база.
Уласны лядовы палац
У Бярозе Чыжа лічаць паралельным кіраўніком горада. Высокі статус нясе разам з сабой яшчэ і дадатковую «сацыяльную нагрузку». Для мільянера яна выразілася ў будаўніцтве лядовага палаца ў Бярозе. У адрозненне ад суседніх Пружанаў, дзе спартыўны комплекс будаваўся за бюджэтныя грошы, а таму належыць райвыканкаму, бярозаўская арэна знаходзіцца ва ўладанні «Трайпла». Пра гэта сведчаць і флагштокі каля ўваходу ў палац. Побач з дзяржаўным і раённым сцягамі лунае фірмовая эмблема.
Паклапаціўся Чыж і пра сваё юнацкае спартыўнае захапленне — барацьбу. Апроч катка, у лядовым палацы ёсць сучасная барцоўская зала плошчай 390 м2.
Аднабаковы бартар
У Чыжа хапае інтарэсаў і ў Мінску. Мільянер даўно на кароткай назе са сталічнымі ўладамі.
Самая вядомая і адначасова самая скандальная гісторыя звязаная з будаўніцтвам агромністага жылога комплексу каля Траецкага прадмесця. Праект чыжоўскага дома «Ля Траецкага» не абпляваў толькі лянівы. Не будзем у чарговы раз вінаваціць стваральнікаў праекта ў безгустоўнасці, а ўзгадаем, якім чынам Юрый Чыж атрымаў прыбытковую пляцоўку.
У верасні 2009 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №460, у якім абавязаў кампанію «Трайпл» у 2009—2011 ажыццявіць праектаванне, будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю крытага катка па праспекце Дзяржынскага ў Мінску.
Аб’ект мусіў складацца з дзвюх лядовых пляцовак і шмат чаго іншага… Прычым кампанія Чыжа была абавязаная выдаткаваць уласныя сродкі, а пасля бясплатна перадаць крыты каток у камунальную ўласнасць Мінска. На паперы ствараўся двухбаковы бартар — у абмен «Трайплу» аддаваўся пляц каля Траецкага прадмесця. Прычым дзяржава нават брала на сябе выдаткі па адсяленні ўласнікаў знесеных дамоў на месцы элітнай будоўлі. Кошт некаторых элітных кватэр у «доме Чыжа» перавышаў мільён даляраў!
Што ж з катком? Ён запрацаваў зусім нядаўна. Не два, а адзін, ды яшчэ і «ўсох» на два паверхі.
«Тата ходзіць у хакей гуляць ці як на працу?»
Персанальныя прэзідэнцкія ўказы — не навінка для Юрыя Чыжа. Напрыклад, у 2010 годзе ён атрымаў загад пабудаваць комплекс будынкаў па абслугоўванні дэлегацый на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Меркавалася, што гэта будзе выязная рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.
Менавіта выкананнем такіх спецдаручэнняў кіраўніка дзяржавы Чыж і зарабляў свой статус. Напрыклад, будаўніцтва гарналыжнага цэнтра ў Лагойску. Вось як апісваў гісторыю стварэння комплексу сам Чыж: «Лукашэнка катаўся на лыжах у расійскай Краснай паляне і літаральна захварэў ідэяй стварэння такога цэнтра ў нас. Сказаў мне: «Юра, там мне аўстрыйцы ўвесь час мазгі дураць наконт будаўніцтва ў Лагойску гары, з’ездзіў бы ты, паглядзеў на тыя месцы і прыкінуў, што там можна зрабіць». Я прыкінуў іх моцныя і слабыя бакі, каб чужых памылак не паўтараць, а калі саспеў канчаткова, сказаў прэзідэнту, што «Трайпл» за гэта возьмецца. Прэзідэнту мае довады здаліся пераканаўчымі, і ён даў дабро».
Юрый Чыж — пастаянны ўдзельнік «прэзідэнцкага» хакея. Наконт свайго энтузіязму ў лядовых баталіях мільянер дазволіў сабе шматзначны ўспамін: «У жонкі дачка неяк спытала: «Мама, а тата ходзіць у хакей гуляць ці як на працу?» Не памятаю, што жонка адказала, але я б на яе месцы задумаўся…»
Праблема ў трэнеру ці прэзідэнту?
Як спартыўны анекдот успрымаецца большасцю футбольных заўзятараў Беларусі сітуацыя з мінскім футбольным «Дынама», любімым «дзіцем» Юрыя Чыжа.
Аўтарытарны стыль кіравання заўсёды прыводзіць да канфліктаў. Са снежня 1999 года, калі мільянер узначаліў футбольны клуб, у ім змянілася больш за 25 галоўных трэнераў! Усе яны не задавальнялі прэзідэнта-Чыжа, і той выганяў іх з каманды. Пры гэтым на спецыялістаў выліваўся традыцыйны набор абразаў. Дастаткова сказаць, што асноўнага суперніка мінчан, барысаўскі БАТЭ, за гэты час трэніравалі ўсяго тры чалавекі, а поспехаў клуб дасягнуў нашмат большых.
Праявіў сябе Юрый Чыж і ў іншым спартыўным інтарэсе — барацьбе. Ён з’яўляецца кіраўніком рэспубліканскай федэрацыі менавіта ў гэтым відзе спорту. Заадно яшчэ ўваходзіць у цэнтральную раду «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба» Дзмітрыя Лукашэнкі і з’яўляецца членам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.
Часовыя цяжкасці
Але бесклапотнае жыццё ў апошнія дзесяцігоддзі і прыхільнасць уладавых структур былі ў Чыжа не заўсёды. Чорнай датай для мільянера магло стаць 29 мая 2007 года. Літаральна праз некалькі гадзінаў пасля арышту тагачаснага кіраўніка «Белнафтахіма» Аляксандра Бароўскага ў выніку аперацыі спецслужбаў быў затрыманы і Юрый Чыж. Праўда, неўзабаве ён быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.
Небяспека навісла над мільянерам і ў 2011 годзе. «Трайпл» трапіў у «чорны спіс» кампаній, супраць якіх Еўрасаюз увёў эканамічныя санкцыі.
Даходная таблетка
Шматвектарнасць эканамічнай экспансіі Юрыя Чыжа здзіўляе. Нядаўна дадаўся яшчэ адзін профіль — фармакалагічны.
На заводзе ў Лагойску працуе кампанія «Трайплфарм». Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці антыбіётыкаў трэцяга і чацвёртага пакаленняў.
Цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам дазваляюць Юрыю Чыжу атрымліваць дазвол на перспектыўных і прыбытковых накірунках. Да гонару мільянера, ён не займаецца бізнэсам, звязаным з гандлем зброяй, алкаголем ці тытунёвай прадукцыяй. Вядома ж, калі не браць пад увагу вытворчасць жывога піва ў «Ракаўскім бровары» і тую самую перапрададзеную ў Расію машыну гарэлкі, з якой пачалося няўмольнае ўзыходжанне Юрыя Чыжа на вяршыню беларускага бізнэсу.
Каментары