Пяць апазіцыйных арганізацый дамовіліся аб правядзенні Кангрэса дэмакратычных сілаў
Перамовы па вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі выйшлі на новы ўзровень, заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. На сённяшні момант пяццю з сямі асноўных арганізацый апазіцыі дасягнута згода аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Само вылучэнне павінна адбыцца ў канцы сакавіка, на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
Подпісы пад пагадненнем паставілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), руху «За Свабоду», кампаніі «Гавары праўду!», Партыі БНФ і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Звяртае ўвагу, што пад пагадненнем няма подпісаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі (Анатоль Лябедзька) і Партыі левых «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін).
«На сённяшнім паседжанні быў толькі Калякін, а Лябедзька асабіста не прысутнічаў — даслаў свайго прадстаўніка. Калякін адзначыў, што гэтае пагадненне — пэўны прагрэс, аднак, каб прыняць канчатковае рашэнне, яму трэба параіцца з кіруючым органам сваёй партыі на сходзе, які адбудзецца пры канцы лістапада, — патлумачыў Юрась Губарэвіч, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду». — Прадстаўнік Лябедзькі паабяцаў перадаць усю інфармацыю свайму партыйнаму лідару, і ў хуткім часе адказ ад яго будзе атрыманы».
На мінулым паседжанні прадстаўнікі гэтых дзвюх партый галасавалі супраць гэтага дакумента. Незадавальненне ў іх выклікала магчымасць вылучэння дэлегатаў на Кангрэс шляхам збору подпісаў, а не ад арганізацый і сходаў мясцовых актывістаў.
Нязгода АГП і экс-камуністаў могуць адцягнуць тэрмін Кангрэса аж на май. Перамовы аб вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі і без таго расцягнуліся ўжо амаль на год.
Прычым, падкрэсліў Аляксей Янукевіч, прынятае пагадненне — гэта не прапановы «Народнага рэферэндуму».
«Да нас далучылася «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», але «Сямерка» не складаецца з прадстаўнікоў «Народнага рэферэндуму», БХД і «Талакі». Яна складаецца з прадстаўнікоў розных суб’ектаў. І «Народны рэферэндум» ствараўся не дзеля вылучэння адзінага кандыдата, ці канкрэтнай працы на прэзідэнцкія выбары. І ў хадзе абмеркавання працэдуры прадстаўнікі «hэферэндуму» галасавалі па-рознаму. Канечне, тое, што мы разам робім «Народны рэферэндум» спрасціла нам дамаўленне паміж сабой. Але апускаць «сямерку» да ўзроўню перамоўнай пляцоўкі паміж «Рэферэндумам» і «Талакой» было б няправільна і мы выступаем супраць гэтага».
Каментары