Меркаванні88

Гісторыя жыцця Міхаіла Русага, міністра, які пераседзеў усіх прэм’ераў

упершыню апублікавана ў 2015 годзе

***

Падчас кадравых перастановак ва ўрадзе, якія ў снежні зладзіў Лукашэнка, віцэ-­прэм’ер Міхаіл Русы мог злавіць сябе на адчуванні дэжавю.

Калісьці гэтаксама гучна з пасады выкідалі яго — тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі. Што раззлавала Лукашэнку ў 2003­м? У справаздачах чыноўнікаў было напісана, што работнікам калгасаў выплацілі заробкі і разлічыліся за здадзеныя прадукты. А насамрэч, запэўніваў кіраўнік дзяржавы, было інакш.

Прыпіскі тады былі падставай для адставак прэм’ер­-міністра Генадзя Навіцкага, віцэ-­прэм’ера Аляксандра Папкова, а таксама Міхаіла Русага. Яшчэ з дзясятак чыноўнікаў атрымалі вымовы.

Пракуратуры і КДК тады было загадана завесці крымінальныя справы, але на наступны дзень Лукашэнка змяніў гнеў на міласць.

«Яны не павінны быць выкінутыя на вуліцу», — вырашыў ён і загадаў знайсці звольненым чыноўнікам новае месца працы. Напрыклад, Навіцкі атрымаў сінекуру, стаўшы спікерам савета рэспублікі (такім жа шляхам цяпер накіраваўся Міхаіл Мясніковіч).

А вось Русага зрабілі кіраўніком беларускага прадстаўніцтва ў Санкт-­Пецярбургу, а ў 2004-­м ён вярнуўся на радзіму, каб пачаць чарговы ўзыход па наменклатурнай лесвіцы. Праз дзесяцігоддзе пасля ганебнага звальнення ён фармальна ўваходзіць у дзясятку самых высокіх чыноўнікаў краіны.

Старшыня калгаса з партыйнымі перспектывамі

Будучы наменклатурны дзеяч нарадзіўся за некалькі кіламетраў ад Турава. Непадалёку цячэ Прыпяць. Ягоная вёска Вароніна апынулася паміж больш магутнымі вёскамі і цяпер патрохі вымірае. Сярод сваякоў Міхаіла Русага ў роднай вёсцы засталася толькі стрыечная сястра. Родная хата віцэ-­прэм’ера стаіць пустая, ягоныя бацькі прыязджаюць сюды рэдка. Сын перавёз іх у Стоўбцы.

Іван і Надзея Русыя паходзяць з Вароніна. Бацька чыноўніка быў конюхам, а маці працавала ў Тураве. У сям’і раслі трое сыноў.

«Старэйшы Міша быў ціхенькі, худзенькі. І вучыўся добра», — узгадвае сваячка. Базавую школу ён скончыў у сваёй вёсцы, а ў старэйшыя класы хадзіў у суседнюю Верасніцу.

«Дзяцей выхоўвай так, каб сваім розумам усяго дасягалі!» — раіў Міхаіл стрыечнай сястры.

Сам ён паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Дарэчы, падчас вучобы пазнаёміўся з будучай жонкай. Тамара фігуравала ў спісе работнікаў землеўпарадкавальнай службе Мінаблвыканкама.

Атрымаўшы дыплом, Русы вярнуўся на Жыткавіччыну і стаў працаваць у калгасе ў Марохараве. За некалькі гадоў ён узняўся з пасады галоўнага агранома да старшыні калгаса. А ў сям’і тым часам нарадзілася старэйшае дзіця. Усяго ж у Русых дзве дачкі.

Маладога старшыню ў 1983­м перавялі ў Карму. Праца непасрэдна на зямлі для яго скончылася. Русы стаў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў райвыканкаме. А заадно паступіў у Мінскую вышэйшую партыйную школу, якая малявала перад ім шырокія далягляды. У Карме ён паспеў пабыць яшчэ другім сакратаром райкама КПБ, пасля чаго быў пераведзены ў Стоўбцы.

Кармянскую раённую інспекцыю дзяржтэхнагляду, дарэчы, узначальвае сярэдні з братоў Русых — Сцяпан.

У Стоўбцах Міхаіл стаў першым сакратаром райкама КПБ. А таксама ўзначаліў камісію па пераходзе на рынкавыя адносіны.

Асцярожны рэфарматар Русы

Як ён тады ўяўляў рэформы? «Дзе гарантыя, што рынак не стане своеасаблівым магільшчыкам калгасаў і саўгасаў, фермерскіх гаспадарак і падвор’яў. Ды і вёску ён можа зруйнаваць ушчэнт», — засцерагаў ён, прэзентуючы ў канцы 1990­га свае прапановы. Ніякіх рэзкіх нормаў — сярод ягоных ідэй гучала ўвядзенне дзяржаўнага заказу для падсобных гаспадарак, а таксама прыярытэтнае будаўніцтва жылля ў вёсках.

У асабістых пытаннях справа рухалася спрытней. Хату ў Стоўбцах тагачасны першы сакратар і старшыня раённага Савета народных дэпутатаў па сумяшчальніцтве паспеў прыватызаваць яшчэ да развалу СССР. Менавіта тут з цягам часу пасяліліся бацькі Русага.

У 1991-­м партыец пайшоў на павышэнне: ён узначаліў Камітэт па зямельнай рэформе і землеўладкаванні пры Саўміне БССР.

Калі пасля абвяшчэння незалежнасці наспела неабходнасць рабіць паўнавартасную зямельную рэформу, адзін праект прапанавала дэмакратычная апазіцыя, іншы фармулявала камісія Русага.

«Мне расказвалі, што на Брэстчыне ўжо аб’явілася дзевяць спадкаемцаў пана Патоцкага. І ўсе яны прэтэндуюць на землі, якія некалі належалі сямейству. А што застанецца тым, хто столькі гадоў жыў на гэтай зямлі і даглядаў яе? Загнаць у кабалу?» — Русы заклікаў не спяшацца з прыняццем новага закона. У выніку Вярхоўны савет, у якім большасць складалі камуністы і аграрыі, прагаласаваў за ягоны, больш лагодны, варыянт. Калгасы засталіся дагэтуль, фермерства так і не атрымала шырокага распаўсюду.

Міністр пры ўсіх прэм’ерах

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Русы трапіў на міністэрскую пасаду не адразу.

Першым міністрам прыродных рэсурсаў (ведамства было ўтворана замест Дзяржаўнага камітэта па справах экалогіі) быў віцебскі навуковец-­арнітолаг Анатоль Дарафееў. Яшчэ ў савецкія часы ён выступіў супраць будаўніцтва ў Беларусі новай АЭС. А пасля адстаўкі заняўся краязнаўствам — вывучаў творчасць Яна Баршчэўскага.

Ягонае месца ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра ў кастрычніку 1994-­га заняў Міхаіл Русы. Адметна, што на пасадзе міністра ён здолеў папрацаваць пры ўсіх прэм’ер­-міністрах лукашэнкаўскай Беларусі.

Галоўнай экалагічнай праблемай заставаліся наступствы чарнобыльскай катастрофы, аднак гэтым займалася асобнае міністэрства.

Русага ж вабіла сельская гаспадарка. У афіцыйнай біяграфіі ён прадстаўляўся як «навуковец-­аграном». Некалькі ягоных артыкулаў у газетах 1980­-х былі прысвечаныя вапнаванню глебы, а таксама фосфагіпсу.

У 2001-­м Русы стаў міністрам другі раз — цяпер яму даручылі адказваць за сельскую гаспадарку.

Падчас «Дажынак-2013» у Жлобіне Русы сустрэў русалку і загадаў жаданне: «Каб Бог пастаянна жыў у Беларусі».

Што ў гэты час адбывалася ў прыватным жыцці чыноўніка? Сваю чатырохпакаёўку каля Камароўкі ён падарыў старэйшай дачцэ, а сам разам з жонкай пабудаваў яшчэ адну чатырохпакаёўку. Кватэра плошчай больш за 110 м2 знаходзіцца непадалёку ад аэрапорта «Мінск­-1». Русыя якраз паспелі скончыць будаўнічыя справы за некалькі месяцаў да гучнай адстаўкі.

Дэпутат ад «вертыкалі»

У Пецярбургу экс-­міністр правёў менш за год. Тут, дарэчы, жыў ягоны малодшы брат Іван, які памёр некалькі гадоў таму.

Неўзабаве Русаму дазволілі вярнуцца ў беларускую палітыку. У 2004-­м ён балатаваўся ў палату прадстаўнікоў ад Жыткавіч. Ягоным супернікам стаў апазіцыйны камуніст, заатэхнік мясцовага калгаса Міхаіл Сілівонец. Русы трапіў у парламент, дзе ўзначаліў камісію па аграрных пытаннях.

Праз чатыры гады ён вырашыў працягнуць свой мандат. Змагацца зноў давялося з камуністам Сілівонцам, а яшчэ са сталічным доктарам Сяргеем Карняўцом. Аднак і ў гэтым выпадку статус кандыдата ад вертыкалі дазволіў Русаму ўбачыць пераможны вынік у пратаколе. На час працы ў гэтым скліканні яму даручылі кіраваць экалагічнай камісіяй.

Калі на першыя выбары Русы ішоў як беспартыйны кандыдат, то на другія — ад Беларускай аграрнай партыі.

Ён дзейны лідар палітычнай партыі, хоць і незаўважнай.

Паказальны факт пра ягоную арганізацыю: у 2009-­м, на наступны год пасля абрання Русага кіраўніком, «аграрыі» атрымалі папярэджанне ад Мінюста, бо забыліся даслаць інфармацыю пра сваю дзейнасць.

* * *

Летам 2013-га Міхаіл Русы рэалізаваў мару беларускага селяніна — займеў уласную зямлю. Прычым не абы-якую, а ў элітным раёне Вяснінка («Дразды-2»). Па рынкавых цэнах зямля з домам тут каштуе каля $1 мільёна.

* * *

Вяршыня кар’еры

У маі 2010 тагачасны міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра пайшоў на павышэнне — стаў кіраўніком Гродзеншчыны. А Лукашэнка зноў узгадаў пра Русага. Так дэпутат стаў міністрам трэці раз.

Яшчэ праз два гады чыноўніка чакала чарговае павышэнне — да пасады віцэ­-прэм’ера па аграрных пытаннях.

* * *

У памяці інтэрнаўтаў чыноўнік запомніўся фотаздымкам з гіганцкай буханкай хлеба. Так Русы (справа) выглядаў на цырымоніі адкрыцця італьянскай лініі па выпуску кандытарскіх вырабаў на «Магілёўхлебпраме».

* * *

Як Міхаіл Русы ўяўляе сабе сучаснага селяніна? «Гэта малады, прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек, добры гаспадар і сем’янін, рознабакова развіты і з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй … Як правіла, ён жыве ў прасторным доме з газавым ацяпленнем і цэнтральным водаправодам, мае легкавік замежнай вытворчасці 7—10 гадоў эксплуатацыі, трактар і грузавую тэхніку на ўласным падворку», — казаў ён два гады таму.

Па апошніх падліках Белстата, сярэдні заробак работніка сельскай гаспадаркі ледзь-­ледзь перавышае 4 мільёны рублёў «чыстымі».

***

Міхаіл Русы

Нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Вароніна Жыткавіцкага раёна.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1977), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1989).

У 1977—1983 — галоўны аграном, намеснік старшыні, старшыня калгаса імя Леніна Жыткавіцкага раёна, у 1983—1985 начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Кармянскага райвыканкама. У 1985—1991 — на партыйнай службе ў Карме і Стоўбцах.

У 1991—1994 — старшыня Камітэта па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні. У 1994—2001 — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у 2001—2003 і 2010—2012 — міністр сельскай гаспадаркі і харчавання

У 2003—2004 — кіраўнік аддзялення пасольства Беларусі ў Санкт-­Пецярбургу.

У 2004—2012 — дэпутат палаты прадстаўнікоў, старшыня пастаянных камісій.

У 2012—2019 — віцэ-­прэм’ер. 

Жанаты. Мае дзвюх дачок.

Каментары8

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння даляр патаннеў амаль на чатыры капейкі2

Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА2

Оксфардскі слоўнік назваў словам года «засмечванне мозгу»

Галоўчанка патлумачыў, чаму падае беларускі рубель13

Трагічная сутычка на футбольным матчы ў Гвінеі забрала жыцці каля 100 чалавек

Светлавы аб'ект у выглядзе НЛА з'явіцца ў Мінску да навагодніх святаў

Паліцыя зноў разагнала акцыю ў цэнтры Тбілісі1

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Джо Байдэн памілаваў свайго сына28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?

Галоўнае
Усе навіны →