Грамадства117117

Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў

Асобныя праваслаўныя святары аказаліся ўцягнутыя ў сумнеўную актыўнасць. Датычнай аказалася і віцебская арганізацыя беларускіх афганцаў «Братэрства».

Любая вайна прыцягвае садыстаў. Канфлікт на Данбасе не быў выключэннем. Сярод іншых, адзначыўся там нейкі Аляксей Мільчакоў з Санкт-Пецярбурга — камандзір так званай дыверсійнай групы «Русіч», якая ваявала за «ДНР». На ягоных старонках у сацыяльных сетках з'яўляліся фатаграфіі ўкраінскіх салдат з выразанымі на тварах свастыкамі і адрэзанымі вушамі. 

Якое ж было наша здзіўленне, калі мы атрымалі фотаздымкі Мільчакова, які вядзе заняткі з беларускімі школьнікамі ў летнім лагеры ў Расіі.

Аляксей Мільчакоў з аўтаматам — пасярэдзіне.

Гэты чалавек стаў вядомым яшчэ ў 2012 годзе, калі пад сцягам Трэцяга Рэйху адразаў сабакам голавы, пільна фіксуючы ўвесь працэс на фота.

«Сабакі не толькі сябры чалавека, але і выдатны шашлычок», — пісаў на сваёй старонцы Укантакце Мільчакоў і заклікаў забіваць не толькі жывёл, але і бамжоў.

Яшчэ ў 2011 годзе Мільчакоў фатаграфаваўся з нацысцкім сцягам. 

Вайна на Данбасе стала выдатнай магчымасцю для самарэалізацыі Мільчакова.

Ужо там, ва Украіне, разам са сваімі аднадумцамі-нацыстамі з «Русіча», Мільчакоў адзначыўся тым, што проста на тварах забітых украінскіх жаўнераў выразаў васьміканцовыя свастыкі, адразаў ім вушы, рабіў на фоне трупаў «сэлфі».

Мільчакоў паказвае жэст «клас» на фоне цела ўкраінскага салдата (замаляванае). 

Фота ўсіх ягоных «подзвігаў» не надаюцца на публікацыю праз іх бесчалавечнасць. Але ахвотным не складзе цяжкасці адшукаць іх у інтэрнэце.

Такім людзям не павінна быць месца ў цывілізаваным грамадстве.

Але менавіта да іх на выхаванне возяць беларускіх (!) дзяцей структуры, якія і раней фігуравалі ў трывожных кантэкстах.

Вось фота з «Велікодных ваенна-патрыятычных моладзевых збораў», якія прайшлі пад Масквой з 6 па 9 мая. Перад групай падлеткаў у паласатай цяльняшцы стаіць Мільчакоў.

Як пішуць арганізатары, зборы прысвячаліся «пачатку Другой Сусветнай вайны і 100-годдзю брусілаўскага прарыву».

Арганізавалі гэтыя зборы Дыверсійная група «Русіч» з «ДНР», карпарацыя баявікоў «ДНР» E.N.O.T і «Некамерцыйнае партнёрства па адраджэнні казацтва».

Усе інструктары збораў належалі альбо да ЕНОТаў, альбо да «Русіча». Чым яны адметныя?

«Галоўная мэта — узнаўленне Рускага народа. Дзесьці інфармацыяй, а дзесьці «агнём і мячом» — паўсюль мы робім усё магчымае, ніколі не застаючыся абыякавымі», — пішуць пра сябе ЕНОТы і размяшчаюць відэа, дзе Гіркін-Стралкоў узнагароджвае іх за штурм Дэбальцава.

«Мы будуем тут рускую нацыянальную Чачню, дзе ўсё будзе толькі для рускага народу», — гэта ўжо баявік «Славян» з «Русіча» абазначае задачы свайго ўдзелу ў вайне на Данбасе.

ЕНОТы разам з «Русічамі». Пасярэдзіне ў сінім Аляксандр Барадай — кіраўнік саюза дабраахвотнікаў Данбаса, былы намеснік Захарчанкі, «старшыня савета міністраў ДНР».

Каго яны трэніруюць? Дзяцей, якія займаюцца ў розных г.зв. «ваенна-патрыятычных» клубах па ўсёй Расіі.

Некалькі разоў на год правінцыйныя інструктары звозяць малалетак да прафесіяналаў з ЕНОТа і «Русіча», каб тыя ладзілі для дзяцей майстар-класы.

Іх вучаць нажавому, тактычнаму, рукапашнаму бою, стральбе з розных відаў зброі.

Сёлета на гэтыя ваенныя зборы прывезлі таксама малалетніх дзяцей з Віцебска, Друцка і Талачына. 

Вось агульнае фота. Злева чырвоным пазначаныя баевікі «Русіча», у блакітным берэце сам Мільчакоў. А па цэнтры — малалетнія сябры «ваенна-патрыятычных» клубаў пры цэрквах Віцебскай епархіі разам са сваімі кіраўнікамі. 

А канкрэтна гаворка ідзе пра Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае братэрства імя святых благаверных князёў Барыса і Глеба прыхода храма Увядзення ва храм Прасвятой багародзіцы», «Казацкі» клуб «Вароты Паазер'я» (афіцыйна аформлены як «каманда палаца творчасці дзяцей і моладзі г. Віцебска), Друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб імя Архангела Міхаіла», а таксама ваенна-патрыятычны клуб «Школа выжывання» пры віцебскай арганізацыі афганцаў «Братэрства» (кіраўнік «Братэрства» — старшы прапаршчык запасу Валерый Ананчанка).

Усімі вышэйназванымі «ваенна-патрыятычнымі» клубамі кіруе адна сямейная пара Гаўрыліных — Таццяна і Міхаіл.

Выхаванцы Гаўрыліных на пярэднім плане.

У Друцкім клубе пры прыходзе храма Раства святой Багародзіцы Таццяна Гаўрыліна — «атаман». 

У афганскім «Братэрстве» — «член рады па рабоце з моладдзю».

У расійскім «партнёрстве па адраджэнні казацтва» — «сотнік».

Міхаіл жа паўсюль выконвае функцыі намесніка ў жонкі.

Цяжкасць «патрыятычнага» выхавання моладзі з імі дзеляць іерэй Талачынскага благачыння Алег Плаксіцкі і старшы навуковы супрацоўнік інстытута сацыялогіі РАН, казак Аляксандр Шаўчэнка. 

Вось некаторыя з іх на фота разам з выхаванцамі: злева Таццяна Гаўрыліна, за спінай дзяўчыны муж Таццяны, а справа Шаўчэнка. 

Гэта яны на экскурсіі ў аршанскіх кадэтаў. Звярніце ўвагу на маленькага хлопца з медалём у колерах расійскага сцяга.

Вось 10-гадовы навучэнец 9-й віцебскай гімназіі Андрэй Касьян буйным планам. На левай назе ў раёне калена ў хлопца латка. 

А вось ён жа на зборах у Падмаскоўі трымае ў руцэ палку. У хлопца той жа «медаль», тая ж самая латка на левай назе. 

Побач стаяць таксама беларускія дзеці. 

Што за асобы ў зялёным камуфляжы?

Спінай да камеры, з шаўронам «Русіча», стаіць расійскі неанацыст Ян Пятроўскі з пазыўным «Славян».

Вось ён на тых жа зборах са сваім камандзірам-скуралупам Мільчаковым. 

Нават фота для свайго «інстаграма» сябры робяць у адных месцах і позах. 

Фота са старонкі яшчэ аднаго нацыста «УКантакце».

Ян увесь у наколках — на грудзях ў яго набіты «Зоненрад» — эмблема дывізій СС «Нордланд» і «Вікінг».

Іншыя інструктары збораў мала чым адрозніваюцца ад Мільчакова і Пятроўскага.

А вось што яны расказваюць дзецям! У кожнай фразе нянавісць да людзей.

«Пачынаеце страляць знізу, — Мільчакоў вучыць дзяцей на папярэдніх зборах забіваць «украў». — Табе адразу ахраненна тады. Страляеце па нагах. У праціўніка афігенна дупу рве. Нават калі ён у броніку, ён упадзе. Таму што некаторыя вясёлыя людзі ў данецкім аэрапорце ўмудрыліся выйсці вось так на укра, сказаць «ні..я сабе», і ў…аць яму чаргу бранябойна-запальнага з калаша. Укр загарэўся і, я думаю, ён падох, хутчэй за ўсё».

Галоўны ідэолаг збораў — расійскі публіцыст Валерый Шамбараў, вядомы такімі творамі, як «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі», «Як русічы перамаглі Дарыя і Македонскага» і г.д.

На відэа з леташніх збораў відаць, як ён расказвае дзецям, што «бандэраўцаў» трэніруюць амерыканскія дэсантнікі, таму вас, маўляў, таксама будуць трэніраваць людзі з баявым досведам, але «нашы, рускія».

Пры гэтым вітаюцца з дзецьмі словамі «Хрыстос уваскрос». 

Аўтаматы, імперскія сцягі — вось дык патрыятычнае выхаванне для школьнікаў-беларусаў. 

Сёлета ў сетцы з'явілася толькі кароценькае відэа.

Але як туды занесла беларускіх дзяцей? 

Аказваецца, чарнасоценскі квартэт Плаксіцкага, Гаўрыліных і Шаўчэнкі займаецца «патрыятычным» выхаваннем беларускіх дзяцей з 2013 года. 

Гаўрыліна справа перад сваімі выхаванцамі.

Працаваць «ваенна-патрыятычныя» клубы адразу пачалі пад куратарствам расійскай арганізацыі «Некамерцыйнага партнёрства па спрыянні адраджэнню казацтва «Кубанскай казацкай асацыяцыі «Расія». 

Пачынаючы з 2013 году гэтае «партнёрства» пачало арганізоўваць для дзяцей з Віцебскай епархіі праваслаўныя летнікі, дзе разам з рэлігійнай прапагандай іх таксама навучалі і… ваеннай падрыхтоўцы. Абсталяванне для адпрацоўкі тактычнага бою даваў віцебскі лазертаг-клуб «Кольт».

Увесь працэс можна адсачыць на ютуб-канале Алега Плаксіцкага. 

Праваслаўны святар Алег Плаксіцкі развівае сувязі з расійскім казацтвам.

Туды ён запампоўваў відэасправаздачы з большасці збораў, што арганізоўваліся Талачынскім благачыннем і расійскім казацкім «партнёрствам».

Вось адна з першых.

Гаўрыліны — таксама сябры гэтай «Кубанскай казацкай асацыяцыі», якая фігуруе напачатку відэа. Таццяна — «сотнік», яе муж — «падхарунжы».

Дарэчы, Гаўрыліны ўжо з'яўляліся ў беларускіх СМІ — тады мы пісалі, што ў 19-ю аршанскую школу з дзіўным візітам прыехалі нейкія казакі. 

Тады Гаўрыліна ўручала дзецям «медалі» з расійскім трыкалорам.

Што думаюць бацькі тых дзяцей, якія пабывалі ў лагерах чарнасоценцаў?

Мы пагаварылі з бацькамі малалетняга Арсеня Касьяна і яшчэ аднаго хлопца, Андрэя Талерчыка. На фота ён у цёмнай майцы.

«Я ведала, куды яны едуць. Яны ехалі з кіраўніком, а кіраўнік ужо ведае, хто там чым займаецца. Мы ўжо год там займаемся і давяраем гэтай жанчыне. Сыну падабаецца — сустрэчы для нас арганізоўвалі розныя, і ў Оршу мы ездзілі, сустракаліся з кадэтамі. Мы грамадзяне сваёй краіны і патрыёты. Гэта проста як для хлопчыка — ваенная падрыхтоўка. Я разглядаю ў гэтым ключы. Пакуль у мяне ніякіх падазрэнняў не выклікае», — сказала Вольга, маці маленькага Арсеня.

Мы пацікавіліся ў яе, як патрыятызм спалучаецца з расійскімі шаўронамі, што яе сын носіць на сваім кіцелі.

«Гэта ён мяне папрасіў нашыць», — сказала жанчына.

«Мы ўвогуле туды выпадкова патрапілі: муж па восені ўбачыў каля моладзевага цэнтра дзяцей у камуфляжнай форме, спытаў, што гэта ў іх тут. Яму сказалі, што клуб. Ён кажа — можна да вас? Ну вось так было. А за паездку гэтую мы нядорага аддалі — 500 рублёў «расіі» [каля 150 тысяч беларускімі], — дадала жанчына. 

А вось маці Андрэя Талерчыка з жахам сказала, што яна не ведала, якія інструктары будуць на «зборах» і перастала здымаць трубку.

Дазваніліся мы і да старшыні віцебскай афганскай арганізацыі «Братэрства» Валерыя Ананчанкі.

Менавіта праз гэтую арганізацыю ў лагер трапіў той самы Талерчык. 

Ананчанка сказаў, што ён «нічога не ведае» і абяцаў «разабрацца». Таксама ад яго мы даведаліся, што Гаўрыліна не мае дачынення да Афганскай вайны — паводле статута «Братэрства», для сяброўства неабходна толькі быць паўналетнім і мець цікавасць да афганскай тэмы.

Дарэчы, клубы Гаўрыліных бываюць і на ваенна-палявых выхадах, што арганізоўваюць псеўдаказакі «Казацкага спасу» начале з Пятром Шапко.

Раней «Наша Ніва» пісала пра вельмі падобную сітуацыю ў Гродзенскай епархіі, дзе пры падтрымцы асобных святароў псеўдаказакі вядуць аналагічную актыўнасць.

Каментары117

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

У Новай Баравой прадаюць кватэры-студыі на 20 квадратных метраў. Цана здзіўляе4

У Іране 27-гадовая спявачка выступіла з непакрытай галавой на канцэрце, што забаронена правіламі краіны ВІДЭА

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →