Грамадства

Справа «замежных шпіёнаў» за год так і не была перададзеная ў суд

Зняволены падчас следства ксёндз Лазар кажа, што галоўныя фігуранты былі яго прыхаджанамі: «Калі людзі не вінаватыя, то ўсё гэта подла і прымітыўна».

Больш за год КДБ працягвае расследаваць справу аб шпіянажы.

Розгалас пра яе пайшоў летась у канцы ліпеня пасля выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра здрадніка, які «у спецслужбах служыў і праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з іншаземнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Гэтая інфармацыя на той момант выглядала здагадкай, яна не была пацверджаная следствам. Але праз некалькі дзён быў затрыманы ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар.

Вядома, што пра сітуацыю даведаўся нават Папа Рымскі Францішак.

Паўгода ксёндз Уладзіслаў правёў у СІЗА КДБ і ў выніку быў выпушчаны. А расследаванне па справе аб шпіянажы дагэтуль не завершанае. Хоць днямі з’явіліся чуткі, што яна ўжо перададзеная ў суд.

«Крымінальная справа ў дачыненні да ксяндза Лазара ў суд не трапляла», - кіраўнік прэс-службы Вярхоўнага суда Юлія Ляскова праверыла інфармацыю па абласных і іншых судах. - Калі б такая гучная справа знаходзілася ў нейкім судзе, то мы б пра гэта ведалі».

Еўрарадыё: А што наконт іншых спецслужбоўцаў, якіх абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы?

Юлія Ляскова: «Астатняе мне не вядома. У маёй кампетэнцыі толькі такую інфармацыю давесці да СМІ».

Цікавімся перспектывамі крымінальнай справы і ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

«Каментарыя на гэты конт не будзе. Калі з’явіцца нейкая інфармацыя, яна будзе даведзеная ва ўстаноўленым парадку», - абразае вуглы кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

Перыядычна наконт «справы Лазара» (хоць святар і выпушчаны з СІЗА а галоўнымі фігурантамі з’яўляюцца іншыя людзі, у СМІ замацавалася менавіта такая назва) з’яўляліся розныя меркаванні. Нехта лічыў, што арышт ксяндза - гэта спосаб націснуць на каталіцкую царкву. Еўрарадыё мела неправераныя звесткі пра тое, што па справе праходзіць некалькі абвінавачаных. А галоўны фігурант нібыта перадаваў замежнікам таемныя звесткі і вось-вось збіраўся пераехаць у іншую краіну. Гэтая інфармацыя не публікавалася, бо выглядала надуманай.

Сам ксёндз Лазар, якога пасля вызвалення з СІЗА адправілі служыць у Вілейку, падрабязнасці нікому не раскрывае.

«Я не хачу, каб з-за маіх слоў пацярпелі людзі. Прабачце, але мне было сказана не размаўляць на гэтую тэму», - так сустракае Еўрарадыё ксёндз Уладзіслаў. Але не праганяе з ганку плябаніі: не па-хрысціянску.

Аказалася, што галоўныя фігуранты сапраўды з’яўляліся прыхаджанамі касцёла, дзе служыў ксёндз Лазар. Цікавімся ў святара, за што менавіта яго затрымалі?

Ксёндз Лазар: «Справа вядзецца. Затрымалі, бо лічыцца, што калі вінаватая паства, то вінаваты і пастар. Але святар не пытаецца ў прыхаджан, хто яны, адкуль і якую пасаду займаюць. Калі людзі вінаватыя, то яны павінны адказаць. Але калі не вінаватыя, то тое, што адбываецца, - гэта наіўна, подла і прымітыўна».

Святар толькі ўсміхаецца на пытанні пра здароўе і нават не распавядае пра мясцовы касцёл, бо «не з’яўляецца тут рэзідэнтам». Выглядае, што ў Вілейцы ён — своеасаблівы закладнік на час следства, калі так можна фармуляваць думку, звязаную з гэтым мілым мястэчкам. 

Дагэтуль незразумелы статус ксяндза Лазара ў «шпіёнскай справе».

Паводле адных звестак, ён дагэтуль з’яўляецца абвінавачаным, бо быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Паводле іншых, усе абвінавачванні былі знятыя. Не валодае пытаннем нават выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько, які нядаўна «сустракаўся з мітрапалітам і інфармацыі на гэты конт не атрымаў».

Разумеем прынамсі, што вытворчасць па крымінальнай справе ідзе. Але зацягнутыя тэрміны расследавання сведчаць, што з даказваннем віны «шпіёна» маглі ўзнікнуць праблемы.

Зрэшты, гісторыі з «беларускімі шпіёнамі», якіх ідэнтыфікавалі ў Польшчы, таксама выглядаюць неадназначна.

Сёлета ў сакавіку польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі паведаміла пра дваіх такіх нашых «Джэймсаў Бондаў». Абодва мелі фотаздымкі вучэбнага цэнтра NATO у Быдгашчы і, як паведамлялася, збіраліся перадаць іх у Расію. Адзін з гэтых шпіёнаў, як пісалі польскія СМІ, быў ваенным аташэ беларускай амбасады. Здымкі нібыта зрабіў сам. Яго дэпартавалі. Другі аказаўся 34-гадовым выкладчыкам гродзенскага ВНУ. Ён дэманстратыўна фатаграфаваў вучэбны цэнтр з суседніх дамоў. Прадстаўнікі польскіх спецслужбаў выказвалі журналістам меркаванні, што «шпіён» паводзіў сябе так, нібы сам хацеў звярнуць на сябе ўвагу.

Каментары

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні7

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Беларуская прапаганда пабаялася паказаць, што Верамейчыка вывозілі самалётамі «Белавія» і «Аэрафлота»2

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні7

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Галоўнае
Усе навіны →