Гісторыя1111

Ібрагім Канапацкі: беларускі татарын, які здзейсніў неймавернае

Ён адрадзіў жыццё свайго малога народа. Піша Разалія Александровіч.

Пра беларускіх татараў, колькасць якіх адносна ўсіх жыхароў краіны вызначаецца як 0,1%, ніяк нельга сказаць, што гэты народ шматлікі. Нават калі аб’яднаць разам з этнічна блізкімі татарамі Польшчы і Літвы. Калі памірае нехта з татараў, то супляменнікі паведамляюць аб гэтым сваім родным і знаёмым. Усе лічаць страту асабістай і жадаюць спачыўшаму Раю светлага.

Тое, аб чым пачула 10 гадоў таму, і да гэтай пары пранізвае да самага сэрца. Пятнічным вечарам 9 верасня патэлефанавала сяброўка маёй мамы Альміра Якаўлеўна і, зразумеўшы, што не ведаю, разгубленым голасам вымавіла: «Памёр Ібрагім Барысавіч…»

Яшчэ ў першай палове дня, мінаючы музей Янкі Купалы, пра сябе вяла я з ім дыялог. І нават азірнулася — ці не спыніцца каля дарогі чырвонае аўто. Як цяпер разумею, у гэтыя хвіліны яго жыццё перарывалася і ён падаваў знак.

Пачуўшы словы аб незваротным, я ў адчаі сціскала рукі, грукала кулаком па стале: не можа быць. Што, што трэба зрабіць, каб пачутае абвярнулася няпраўдай.

І цяпер упэўненая — гэта найвялікшая недарэчнасць. Так не павінна было здарыцца. Як і большасць, упэўнена — яго сыход не па добрай волі, аб хваробе размова не ідзе. Ды і Айша Александровіч распавядала, як размаўляла з ім па тэлефоне бліжэй да дванаццаці гадзінаў і ён казаў, што збіраецца ў мячэць.

Іерусалім, верасень 2004 года.

Прычыны яго загадкавай смерці на 57-м годзе жыцця не вядомыя і цяпер.

Пражыў ён многа ці мала? Калі ў 66 гадоў не стала Якуба Адамавіча Якубоўскага, Ібрагім Барысавіч са шкадаваннем казаў, што мала, яшчэ б хаця гадоў 10. А сам пражыў на 10 меней за сябра. Праўда, той жа Якубоўскі любіў у пэўных выпадках казаць: «Магло б быць і горш…»

Лічу гады не дзеля самых гадоў. Лічу дзеля нашай татарскай справы. Справы, якая, здавалася, спынілася. Як надоўга? Як пакуль бачна, то вельмі надоўга. У мінулым засталося ўсё грунтоўнае. Кожны год па міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Ібрагім Канапацкі валодаў уменнем арганізоўваць людзей і справы.

Не забываўся пры гэтым аб дасведчаннасці дакладчыкаў — дактары і кандыдаты навук, аспіранты, вядомыя краязнаўцы, народныя пісьменнікі і паэты. Да кожнай канферэнцыі — зборнік дакладаў. Найчасцей зборнікі выходзілі напярэдадні наступнай канферэнцыі, «каб было што людзям у рукі даць».

Арганізатарамі апошняй ХІ-ай канферэнцыі «Народы СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг.» (2005) былі Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Сусветны кангрэс татараў, Міжнародны фонд развіцця татара-башкірскай духоўнай спадчыны «Чымша», Беларускае грамадскае аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб». Старшыня аргкамітэта — Ібрагім Канапацкі.

Ібрагім жыў не тымі меркамі, якія захоўвалі здароўе. Але моцы і настрою дадавалі людзі, адданасць справе і пачуцце гумару. Жартаўлівы, адкрыты і тактоўны у абыходжанні.

Яго постаць прыцягвала людзей. Некаторыя знаёміліся з ім самі. Нехта, заўважыўны ў бібліятэцы ў ліку апошніх з чытацкай залы. Нехта, зацікавіўшыся яго даследчыцкімі справамі. Нехта проста пачуўшы яго сакавітую беларускую мову. Так было і на адным з мерапрыемстваў у Доме літаратара.

Паэт Анатоль Сыс азірнуўся на яго голас, а, угледзеўшы твар, сказаў: «Які выдатны твар!». На што быў адказ: «Які ж гэта твар, звычайная татарская м…».

Сыс разгубіўся, а пасля чулліва дадаў: «Навошта Вы так. Я ж хацеў з Вамі пазнаёміцца». І яны пазнаёміліся, і паэт распавядаў гісторыку пра Паўлюка Багрыма.

Убачыўшы Ібрагіма Канапацкага аднойчы, яго нельга было не пазнаць наступным разам. Яго выгляд быў запамінальны. Круглы, злёгку смуглаваты, адкрыты твар (валасы стрыг коратка), абаяльная ўсмешка, прыцягальна сакавітая беларуская мова.

Нават яго кульгавасць была не проста адзнакай дзіцячай хваробы, а знакам падабенства з магутным Цімурам-Тамерланам.

З унукам Русланам і сабакам Чэлсі.

Ібрагім Канапацкі быў у шчырых адносінах з народным пісьменнікам Янкам Брылём, народнымі паэтамі Рыгорам Барадуліным і Нілам Гілевічам, паэтам Яўгенам Гучком. З пачуццём павагі адгукаліся на яго звароты дактары гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч, Эммануіл Іофэ, акадэмік Радзім Гарэцкі.

Мяне вельмі прывабліваюць справы на глебе татарскага адраджэння 1930-х гадоў віленскіх братоў Леона і Альгерда Крычынскіх.

Вельмі даражу Іванам і Антонам Луцкевічамі, у тым ліку і ў сэнсе шанававання нацыянальных каштоўнасцяў, сярод якіх і татарскі Кітаб. Параўноўваць. Добра гэта ці не? Але так лепей бачна. Якуб Якубоўскі і Ібрагім Канапацкі. Яны былі для беларускіх татараў Крычынскімі і Луцкевічамі.

Яны жылі адной справай і былі апірышчам адзін адному. Пасля смерці Якуба Адамавіча 14 верасня 1998 года Ібрагім працаваў за дваіх яшчэ сем гадоў — да 9 верасня 2005 года. Не аднойчы разважаў ён аб тым, як не хапае яму дарадцы і шчырага сябра — Якуба Якубоўскага. Не аднойчы практычна фізічна намагаўся адчуць на сваім плячы дотык яго рукі…

Калі было зусім цяжка, ехаў, каб не абцяжарваць сямейнікаў, да маці ў Смілавічы. Соф’я Мустафаўна шкадавала сына, перажывала за яго. Ён супакойваў: «Мама, не перажывай».

Але яна непакоілася, а, магчыма, і адчувала. Старэйшы з яе дзяцей быў апірышчам для родных. Маці і сын — сувязь паміж імі моцная, нават на адлегласці. Ён быў падобны да маці. Згодна з народнай прыкметай павін быць шчаслівым.

Ён не наракаў на лёс, быў шчаслівы, што ў складзе рознага кшталту дэлегацый пабачыў землі і людзей у Крыме, Чадзе, Палесціне, Турцыі, ЗША, Літве, Польшчы. Не так рэдка здараліся паездкі па месцах аседласці татараў. Былі і з дакладнымі мэтамі — іх задумвалі разам з Якубоўскім. Каб сярод зімы ў Ібрагіма не мерзлі ногі, мая мама вязала яму шкарпэткі з воўны. Ён умеў быць удзячным за ўвагу да сябе.

Каля магілы Якуба Якубоўскага: Ісмаіл Варановіч, Соф’я Канапацкая, Ісмаіл Александровіч, Ібрагім Канапацкі, Канстанцін Якубоўскі. Смілавіцкі мізар, люты 1999 г.

Ягоная ж увага патрабавалася бясконца. Колькі татараў спадзявалася на яго, колькі верыла яго слову і адгукалася. І хатні тэлефон не сціхаў. Нехта проста хацеў пачуць яго меркаванне, запытацца аб планах згуртавання. Не цяжка ўявіць, што чалавек у пэўным сэнсе не належаў сабе. Як не належаў сям’і ў традыцыйным разуменні. І не аднойчы спрабуючы дазваніцца, не магла зрабіць гэта, бо нехта перахапіў тэлефон. Ён і сам тэлефанаваў людям. У яго, як у лепшай даведцы, у шматлікіх нататніках меліся нумары тэлефонаў мноства людзей і арганізацый. Умеў ён з аднолькавай лёгкасцю весці размову як з вядомымі вучонымі, так і звычайнымі людзьмі, як маладымі, так і шаноўнага веку.

І па меры таго як мінаюць гады, усё больш становіцца зразумелым — замены яму няма. Як і раней у папулярнасці, у прыцягненні да сябе людзей, у тым ліку моладзі, ніхто не можа зраўняцца з ім.

Супольнасць людзей, якая называецца народам, не можа дастойна існаваць, калі не мае ўлюбёнцаў з ліку сваіх прадстаўнікоў.

Кіраўнік рэспубліканскага грамадскага згуртавання татараў «Зікр-уль-Кітаб» (Памяць і кніга), кіраўнік мусульманскай рэлігійнай абшчыны Мінска, стваральнік сучаснай навуковай школы татаразнаўства, аўтар кніг, шматлікіх артыкулаў — насуперак часу ён прысутнічае вельмі моцна сярод нас, на гэтай зямлі.

Каб падкрэсліць сваю еднасць з зямлёй Беларусі, і ў рускамоўным варыянце пашпарта запісаў сваё прозвішча праз «а» — Канапацкі. А вось імя, дадзенае ў гонар дзеда Ібрагіма Хасяневіча, напачатку мінулага стагоддзя імама Смілавічскай мячэці, насіў з гонарам.

Імя гэта запаміналі адразу, яно выдатна клалася і на беларускі гук, і на татарска-мусульманскую традыцыю. Вымаўляюць людзі яго імя і прозвішча прыгожа і з павагай, нават тыя, хто не ведаў яго блізка. Пэўны час пасля таго, як яго не стала, можна было пачуць у радыёпраграме «Супольнасць» голас з вітальнымі словамі. Цяпер і гэтага няма.

«Проста забівае мяне думка, што больш ужо не пачую голасу Ібрагіма, не атрымаю мудрага ліста, поўнага клопату аб нашых справах!» — так пісаў мне з Сопата 7 кастрычніка 2005 года Мацей Канапацкі і называў яго ласкава Ібрагімчыкам.

Вытрымкай з ліста Мацея Канапацкага ад 12 студзеня 2004 года хачу завяршыць: «Няспынна збіраю крыніцы для Ібрагімчыка да 125-годдзя нараджэння майго бацькі (палкоўніка Гасана Канапацкага – кіраўніка беларускага войска БНР), але не хацелася, каб рабілі з яго героя. Іншая справа Ібрагім, непахісты і нязломны — гэта ён ГЕРОЙ!»

А героі, як вядома, не ўміраюць і слава іх не гасне!

Чытайце яшчэ: «Памяці Ібрагіма Канапацкага», «НН» 2005 год

Каментары11

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння зноў пераадольваў планку 3,5 рубля

«Цэны дасягнулі піка». Што чакае рынак нерухомасці ў 2025 годзе

У Расіі салістку вайсковага аркестра аштрафавалі на $30 тысяч за спробу даказаць калегам, што ва Украіне гінуць цывільныя3

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага11

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →