Улада99

«Мы тут, бо ўмеем і ведаем»: рэпартаж з «участка Тапузідзіса»

Датэрміновае галасаванне ў сталічнай школе №199 пачалося ў час.

У 10:02 я забег у маленькі кабінет з надпісам «участак №69». Члены камісіі якраз атрымалі апошнія інструкцыі, а з кабінкі для галасавання выглядвала галава першага датэрміновага выбарцы.

«А можна ў вас спытаць, як запаўняць?» — пацікавіўся чалавек у кабінцы.

«Нельга», — на ўсялякі выпадак адказалі члены камісіі.

«Ды не, які значок ставіць за таго, за каго галасую? Крыжык можна?» — усё ж спытаў ён.

«Любы сімвал пішыце», — аўтарытэтна падказала маладая жанчына, якая стаяла каля стала з бюлетэнямі. Яна выглядала галоўнай на гэтым свяце народнага волевыяўлення.

«Добры дзень. Я журналіст. Буду ў вас на ўчастку працаваць», — парадаваў я яе. Для такіх выпадкаў у камісіі ёсць спецыяльныя сшыткі, куды перапісваюцца дадзеныя з рэдакцыйнага пасведчання.

Пакуль жанчына старанна перапісвала імя, я разглядаў памяшканне ўчастка.

Увогуле ў склад камісіі запісана 13 чалавек, але, па шчырасці, я прыйшоў толькі дзеля аднаго з іх. Мультымільянер Павел Тапузідзіс чарговы раз вылучаны на гэты ўчастак «ад працоўнага калектыва бухгалтэрыі «Тытунь-Інвест».

Але Тапузідзіса на месцы не было. Затое было 7 іншых членаў камісіі, для якіх прынеслі толькі пяць крэслаў. Займаць свабодныя месцы ім было няёмка — іншым жа не хопіць, — таму ўсе стаялі каля сценаў.

Скрыня для галасавання была зусім не празрыстай. Звычайная драўляная скрынка з налепленым гербам Беларусі.

Каля яе паставілі стэнд з даведкавай інфармацыяй: біяграфіі кандыдатаў, кантактны нумар Лідзіі Ярмошынай, Канстытуцыя і выбарчы кодэкс.

Побач прымацавалі ўзор запаўнення бюлетэня. У яго ўнесена тры кандыдаты, усе з рускімі прозвішчамі: Іваноў Іван Іванавіч, Пятроў Пётр Пятровіч і Сідараў (але чамусьці не Сідар Сідаравіч, а Іван Сяргеевіч). Прычым ЦВК рэкамендуе галасаваць менавіта за Пятра Пятровіча.

Я вырашыў сфатаграфаваць дакумент эпохі, і адна з членаў камісіі неадкладна паведаміла жанчыне-перапісчыцы: «А нічога, што ён тут фатаграфуе?»

Тая не мела дакладных інструкцый, ці можна фатаграфаваць выбарчы стэнд, таму папрасіла: «Вы толькі мяне не фатаграфуйце, добра?»

Я запярэчыў, маўляў, вы ж у публічным месцы, на грамадска важнай пасадзе. Але жанчына настойвала: «Я проста не вельмі згодная…».

Новых датэрміновых выбарцаў не было відаць. За той час, што я хадзіў, каля ўчастка, не прыйшоў ніводзін новы ахвотны.

Усе 13 членаў камісіі працавалі на гэтым жа ўчастку і на папярэдніх выбарах, таму я папрасіў іх падзяліцца вопытам: «Ці многа людзей у вас звычайна галасуюць датэрмінова?» Члены камісіі заўсміхаліся і патлумачылі, што на кожных выбарах сітуацыя розная.

«А вы ўжо прагаласавалі, хто будзе старшынёй, і выбралі Тапудзіса?» — паспрабаваў угадаць я. Як выявілася, прагноз аказаўся дакладны.

Жанчына-перапісчыца аказалася намесніцай старшыні камісіі. «А вас прыцягвае менавіта асоба нашага старшыні?» — удакладніла яна.

«Вядома, — не стаў адпірацца я. — Мала дзе ўбачыш, як мільянер лічыць галасы».
Намесніца засмяялася ў адказ.

«У вас ужо такая адпрацаваная схема, усе тыя самыя…» — пачаў я.

«Не трэба. У нас мяняліся людзі», — з ноткамі крыўдамі ў голасе перапыніла мяне намесніца.

«У сэнсе? У вас у камісіі не мяняўся ніхто. Я паглядзеў спісы за парламенцкія выбары, за мясцовыя і цяперашнія», — абурыўся я.

Калі нехта хлусіць, гледзячы проста ў вочы, сумленнаму чалавеку становіцца непрыемна.

«Ну зразумела. Ну добра, добра», — адступіла намесніца.

«А вас, уласна кажучы, як завуць?» — удакладніў я.

«Лапшова Вікторыя Алегаўна, — прадставілася яна. — Вы ведаеце выдатна, я фігурую ў тым самым спісе, які вы глядзелі».

Таго спісу я пакуль не ведаю на памяць, таму запытаўся, якую арганізацыю прадстаўляе Вікторыя Алегаўна Лапшова.

«Я з «Тытунь-Інвест». Я працую там», — патлумачыла яна. Можа, намесніцы старшыні і забыліся патлумачыць, што, паводле папераў, яна прыйшла на ўчастак ад Беларускага саюза жанчын. А ад «Тытунь-Інвеста» раней рэгістравалася яе калега, якая цяпер запісалася ад Асацыяцыі шмадзетных бацькоў. Зрэшты, якая розніца.

«А чаму вас паклікала на выбары грамадзянская адказнасць?» — спытаў я. Такое самае пытанне вельмі хочацца задаць Паўлу Тапузідзісу.

«Грамадзянская адказнасць» не зусім… Па-першае, мы ўмеем, па-другое, мы ведаем», — афарыстычна адказала Вікторыя Лапшова, дадаўшы, што Сухарава — «знаёмы раён».

Але ж «Тытунь-Інвест» зарэгістраваны на вуліцы Гусоўскага, ды і Тапузідзіс мае катэдж у Драздах, а не ў Сухарава… Чаму ж менавіта ўчастак №69? Адказу не было.

«Яно само?» — падказаў я. «Так», — пагадзілася Вікторыя.

Каментары9

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →