Ежа55

Як стваралі першую ў Беларусі анлайн-школу кандытарскага майстэрства

Мінчанка Наталі Падаляк працавала ў IT, але аднойчы кінула высокааплатную працу і пачала зарабляць на жыццё дэсертамі. Хутка такім жа чынам зрабіў яе муж Зміцер Буко, сышоўшы з пасады вэб-дызайнера. Праз тры гады пошукаў, навучання, гадзін знятых відэа, барацьбы з бюракратыяй і нават слёз яны разам, нарэшце, запусцілі школу кандытарскага майстэрства «Lililoveme», каб перадаваць назапашаныя веды іншым ахвотнікам. Менш чым за год існавання іх анлайн-пляцоўка здолела прыцягнуць вучняў больш чым з 20 краін свету. Пра тое, з чым прыйшлося сутыкнуцца бізнэсоўцам, перш чым іх стартап выбухнуў, Наталі распавяла «НН».

«Lililoveme» — анлайн-школа кандытарскага майстэрства, створаная двума беларусамі: Наталі Падаляк і Змітром Буко, дзякуючы якой кожны ахвотны можа навучыцца рабіць круасаны, сінабоны ці незвычайныя шакаладныя цукеркі ў хатніх умовах: патрэбныя толькі інтэрнэт і вялікае жаданне.

«НН»: Наталі, хто вучыў цябе кулінарным азам?

НП: Усё рабіла самастойна. Першыя спробы былі нікчэмнымі: падпаленая пліта, булка, падобная на цэглу, крэм на сценах і гэтак далей.

«НН»: Чаму табе ўвогуле захацелася вырабляць складаныя дэсерты?

НП: Мне падабаецца глядзець, як узаемадзейнічаюць прадукты, разбірацца ў асновах. Разумець, што, калі злучыць муку з вадой, утворыцца глютэн. Калі дадаць дрожджы, яны з'ядуць цукар, вылучаць газ — у момант падагравання ён будзе пашырацца, і ў цесце атрымаюцца бурбалкі. Гэта вельмі цікава! Але больш за ўсё мяне ўражвае, які з эксперыменту можа атрымацца смак: часта выкарыстоўваеш звычайныя прадукты, а выходзіць нешта неверагоднае.

Першым сур’ёзным дэсертам, які я паспрабавала зрабіць, былі макаронс: толькі праз паўгода сталых спроб яны пачалі атрымлівацца такімі, як трэба.

«НН»: Памятаеш сваю дэбютную камерцыйную замову?

— Вядома! Гэта былі пірожныя а-ля «Мурашнік». Здаецца, тады я ўзяла грошы толькі за прадукты. Я напісала пра гэты досвед у сваім блогу, які вяла як дзённік для душы. Там на мяне было падпісана шмат людзей, якія сачылі за ўсімі кулінарнымі подзвігамі. Калі я распавяла, што зрабіла пірожныя на замову, было вельмі шмат пытанняў, ці магу я нешта прыгатаваць і для іншых людзей. Менавіта з блога да мяне прыйшлі першыя кліенты. У нейкі момант замоваў стала шмат: удзень я працавала ў офісе, а ўвечары рабіла торты на кухні. Трэба было штосьці змяняць, і, у рэшце рэшт, я прыняла рашэнне звольніцца з асноўнай працы.

«НН»: Пасля ніколі не было жадання вярнуць усё назад?

— Не. Я адчула палёгку, калі не трэба было на сабе цягнуць дзве працы, і з галавой акунулася ў кандытарскі бізнес. Канечне, без падтрымкі мужа я б не здолела, бо нават на пачатковым этапе ледзь паспявала ўсяму даць рады. Трэба было падтрымліваць стасункі з кліентамі, весці дакументацыю, не блытацца ў замовах, і, вядома ж, гатаваць на кухні.

«НН»: З якімі асноўнымі праблемамі ты сутыкнулася, пачаўшы працаваць як кандытар?

— Па-першае, у нас цяжка знайсці годнае памяшканне для працы і паралельнай фота- ці відэафіксацыі. Па-другое, ніхто ні ў падатковай, ні ў іншых органах не ведаў, якія трэба сабраць дакументы, каб законна весці сваю справу: ты павінен шукаць усё самастойна ў інтэрнеце, нярэдка самастойна інтэрпрэтуючы інфармацыю. І потым тое, што мы «накасячылі», раптам высвятлялася ў самы нязручны момант.

Варта дадаць, што амаль усе формы, градуснікі, нават сіліконавыя лапаткі, ліставы жэлацін, розныя гатункі шакаладу, ванілі, фруктовае пюрэ, прыходзілася замаўляць, прывозіць з паездак ці прасіць сяброў. Цяпер сітуацыя крыху палепшылася: некаторыя беларускія кандытарскія крамы пашырылі асартымент, але ўсё роўна шмат чаго ў нас, на жаль, набыць нельга.

«НН»: Праз які час пасля стварэння школы вы адчулі сябе свабодна ў матэрыяльным плане і змаглі «выдыхнуць»?

— Мы з Дзімам робім усё ўдваіх, і ўвесь час застаецца вялікі хвост працы. Не ўсе разумеюць, але, каб выдаць адно відэа з рэцэптам торта, трэба здымаць амаль суткі і згатаваць мінімум тры аднолькавыя торты. Мы стараемся нешта паляпшаць, змяняць, рабіць зручней, таму складанасці ёсць заўсёды. Калі ўзгадаць самыя першыя замінкі, то яны датычыліся падключэння сістэмы аплаты і пытанняў пераліку валюты з іншых краін.

«НН»: Вядома, што ты актыўна пачала асвойваць новыя рэцэпты. Якім з іх ты навучыла кліентак анлайн-школы?

— Малекулярнай кухняй я занялася нядаўна, і нікога пакуль гэтаму не вучу. Цяпер у мяне два курсы: асновы працы з мусавымі тортамі, глазура, макаронс, мармелад, зефір і маршмэлаў. Другі курс прысвечаны выпечцы: дражджавое, пясочнае, слоенае цеста.

«НН»: Прадстаўнікі якіх краін цяпер у вас навучаюцца і ці ёсць сярод іх мужчыны?

— Нядаўна мы павесілі на сцяну карту, і адзначылі гарады, адкуль паходзяць нашы студэнты. Мы былі здзіўлены, наколькі шырокая геаграфія атрымалася! ЗША, Канада, Расія, Эстонія, Фінляндыя, Нарвегія, Швейцарыя, Украіна, Беларусь, Бразілія, Новая Зеландыя, Арабскія Эміраты, Англія, Германія, Чэхія, Ірландыя, Аўстрыя, Венгрыя, Ізраіль, Індыя, Тайланд…

У асноўным гэта дзяўчаты, але ёсць і мужчыны: напрыклад, быў дырэктар турфірмы, кухар. На курс па шакаладзе запісалася шмат хлопцаў, якія хочуць стаць шакалацье!

«НН»: Якімі шэф-кухарамі ці фуд-блогерами ты натхняешся?

— Я падпісана на шэфаў з розных краін. Захапляюся Джэніс Вонг: яна іншапланетная і думае вельмі нестандартна. А мой любімы фуд-блогер — гэта Алеся Купрын.

«НН»: Ці ёсць у Беларусі хтосьці, каго ты можаш пахваліць як крутых кандытараў?

— Так, вядома. Напрыклад, маладых людзей, з якімі мы ўжо знялі курс па шакаладзе — Роня Бялова і Андрэй Дубовік. Яшчэ ёсць Ганна Тамільчык, праўда, цяпер яна жыве ў Чэлябінску, але па паходжанні беларуска.

«НН»: Якую параду ты б дала тым дзяўчатам, якія прагнуць пайсці па тваіх слядах у Беларусі?

— Калі б нехта мяне спытаў, ці варта займацца кандытарскай справай? Я б, напэўна, адгаворвала. Гэта вельмі цяжкі занятак, дарагі, які патрабуе поўнай аддачы. Абавязкова павінна быць падтрымка з боку родных, без яе ніяк. Трэба любіць шукаць інфармацыю і не ленавацца карыстацца інтэрнэтам. Нешта абавязкова будзе не атрымлівацца, але гэта нармальна. Проста не кідайце пачатую справу.

«НН»: У якім напрамку вы плануеце развіваць свой бізнэс далей?

— Калі казаць пра нейкую высокую мэту, то гэта платформа, дзе людзі самі могуць ствараць аўтарскія анлайн-курсы.

«НН»: Што з дэбютнага параіш прыгатаваць на аснове рэцэптаў «Lililoveme» нашым чытачам?

— Для школы мы асобна робім раздзел з бясплатнымі ўрокамі, дзе я таксама імкнуся вельмі падрабязна пісаць пра прадукты і рэакцыі. Плюс мы заўсёды ствараем падрабязнае відэа і фота-рэцэпты па кроках. Раю паспрабаваць прыгатаваць нашы знакамітыя кулічы. Яны заваявалі сэрцы многіх. Заадно праверыце сябе на стойкасць падчас працы з дражджавым цестам.

Каментары5

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»35

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →