Здароўе1313

Пластычны хірург: «Беларусы просяць паўтарыць банальныя ідэалы прыгажосці — Кім Кардаш’ян і Брэда Піта»

Якія аперацыі зараз найбольш запатрабаваны ў Беларусі, чаму памер мае значэнне, а бодзіпазітыў прайграе жаданню падабацца — у нашай гутарцы з пластычным хірургам Алегам Стасевічам.

Алег Стасевіч — пластычны хірург з 20-гадовым стажам. У месяц ён робіць дзясяткі аперацый. Скончыў лячэбна-прафілактычны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Што адметна, група, дзе вучыўся будучы хірург, захацела, каб навучанне вялося на беларускай мове, і адміністрацыя, як і большасць выкладчыкаў, пайшлі ім насустрач. Гэта інтэрв’ю таксама адбылося на чыстай мове. Пасля інстытута наш суразмоўца засвоіў шмат тэарэтычных і практычных курсаў тут і за мяжой. Працаваў у Цэнтры пластычнай і рэканструкцыйнай мікрахірургіі, у «Нардзіне», з 2011 года — у медыцынскай установе «Канфідэнс».

«Наша Ніва»: Спадар Алег, на якім ўзроўні зараз знаходзіцца айчынная пластычная хірургія? Ці не адстаём мы ад сусветных магчымасцяў?

Алег Стасевіч: З пункту гледжання медыцыны, пластычная хірургія — маладая галіна, пра якую асобна загаварылі пасля Другой Сусветнай вайны: параненых, пакалечаных людзей трэба было не проста лячыць, але і неяк аднаўляць іх знешнасць, каб яны маглі паўнавартасна жыць далей. У цеперашні час толькі-толькі пачалі сыходзіць з жыцця людзі, якія лічацца стваральнікамі сучаснай пластычнай хірургіі: так, летась памёр бразільскі доктар Іва Пітангі, які ў 1950-я стварыў тэхналогіі, якімі мы карыстаемся і зараз.

Канечне, у савецкія часы развіццё гэтай медыцынскай галіны крыху стрымлівалася, бо яна не адносілася да асноўных патрэб народа. Лічылася, што, напрыклад, анколагі захоўваюць жыццё, і гэтага было дастаткова. Як будзе выглядаць пацыент пасля такой аперацыі, хвалявала мала. Нягледзячы на ўсё гэта, сёння беларусы валодаюць усім, што ёсць у тых краінах, дзе пластычная хірургія пачала распрацоўвацца раней. Комплекс, што мы нейкія недаразвітыя, тут цалкам адсутнічае.

«НН»: Але калі казаць не пра рэканструкцыйныя аперацыі, а менавіта пра эстэтычныя — гэта, у асноўным, прывілеі багатых?

АС: Я б не сказаў так, бо на рынку прадстаўлены абсалютна розныя кошты і сэрвісы. Тут як з прадуктамі харчавання: можна набыць звычайны хлеб, а можна пайсці ў прыватную пякарню і купіць эксклюзіўны, які будзе спечаны адмыслова для вас. Акрамя таго, у людзей розная матывацыя: нехта адкладае грошы, каб набыць новае аўто, а нехта збірае на прыгожы нос.

«НН»: Што найчасцей не падабаецца беларусам у сваёй знешнасці?

АС: У большасці краін, якія лічацца цывілізаванымі, у першую чаргу людзі звяртаюцца па амаладжальныя працэдуры. Прычым далёка не ўсе імкнуцца выглядаць маладзейшымі за свой век, ёсць тыя, хто проста хоча знешне наблізіцца да свайго ўзросту, бо зараз з люстэрка на яго глядзіць нехта куды старэйшы. На жаль, якасць жыцця, яго інтэнсіўнасць, экалагічныя і эканамічныя складнікі не дадаюць нашай знешнасці балаў.

У топе зваротаў таксама змяненне формы і аб’ёмаў грудзей, контуру носа і ліпасакцыя. На 10-15 зваротаў ад жанчын прыпадае 1 мужчынскі. Пры гэтым колькасць апошніх на працягу гадоў не павялічваецца. Мяркую, гэта звязана з панаваннем традыцыйных поглядаў у беларускім грамадстве.

«НН»: А які памер грудзей зараз самы папулярны?

АС: С, ці трэці. Але я, канечне, арыентуюся не толькі на жаданні пацыентак. Імкненне да гармоніі — гэта галоўнае правіла пластычнага хірурга. Калі я бачу, што ў чалавека ўсе часткі цела і без маёй дапамогі выглядаюць прапарцыйна, я магу адмовіць у аперацыі — хай звяртаецца да іншых спецыялістаў, калі хоча.

З мужчынскім органам тая ж сітуацыя, тым больш што аперацыя на чэлесе куды больш складаная, чым аўгментацыя грудзей імплантамі. Быў у практыцы выпадак: прыйшоў да мяне мужчына і сказаў, што хоча павялічыць свае геніталіі. А там усё нармальна абсалютна па ўсім крытэрыям. Я спытаў, кім ён працуе. Высветлілася, што мужчына ездзіць на будоўлю ў Санкт-Пецярбург. Тады я параіў яму завітаць у Эрмітаж і прыгледзецца да антычных статуй: да тых прапорцый, што лічацца стандартамі прыгажосці ў мастацтве. На мае довады мужчына адказаў наступнае: «Зараз ужо іншыя стандарты». Людзі «натхняюцца» тэматычнымі, эратычнымі сайтамі і імкнуцца ўвасобіць гэта ва ўласнае інтымнае жыццё. Сёння нас ужо хвалюе не толькі, як выглядае твар, але і тое, што ніжэй пояса. Калі хочаце ведаць, таму патэнцыйнаму кліенту я параіў не спяшацца.

«НН»: Існуе меркаванне, што нярэдка да хірургаў ідуць асобы, якім проста лянотна заняцца сваім тварам ці целам…

АС: Ёсць такое, калі імкнуцца пайсці прасцейшым шляхам. Бывае, патэнцыяльны пацыент патрабуе: хачу змяніць вось гэта. Але я ж бачу, што існуе шмат іншых спосабаў паўплываць на сітуацыю: можна наведаць доктара-касметолага, а можна банальна выспацца. Людзі вельмі здзіўляюцца, калі пластычныя хірургі адмаўляюць ім у аперацыі: яны ж уладары свайго цела, патрабуюць — рабі! На тое, каб растлумачыць ім сваю пазіцыю, бывае, выдаткоўваецца шмат часу.

«НН»: Вось раней існавала мода на пульхныя губы, а зараз што ў трэндзе пластыкі?

АС: Пышныя губы і цяпер у модзе. Тое ж самае з ягадзіцамі. Але ў цэлым модна выглядаць здаровым і маладым.

«НН»: Ці прыходзяць да вас з канкрэтнымі фотаздымкамі, маўляў, хачу быць падобным на вось гэтага індывіда?

АС: Так, і гэта спрашчае задачу хірургаў, бо, калі кажуць «зрабіце мне прыгожа», губляешся: у кожнага ж сваё меркаванне на гэты конт.

Часам, да мяне прыходзяць з даволі банальнымі фотаздымкамі, на якіх змешчаны ідэалы прыгажосці, растыражаваныя сусветнымі СМІ: Скарлет Ёхансан, Кім Кардаш’ян, Мэрылін Манро, Брэд Піт… Але здараецца, просяць арыентавацца на нейкіх расійскіх зорак, імёны якіх я магу зусім не ведаць, прыходзіцца гугліць.

Кім Кардаш’ян.

«НН»: Вас не хвалюе, што ў сувязі з рухам «бодзіпазітыў» (успрыманне цела такім, якое яно ёсць), які зараз набірае папулярнасць, у будучыні ў вас паменшыцца колькасць кліентаў?

АС: Людзі ўсё адно будуць рабіць аперацыі, як яны працягваюць выкарыстоўваць макіяж ці мыць валасы. Можна ж хадзіць з бруднай галавой, нічога асабліва страшнага не здарыцца, але мы гэтага не робім. Усе нашы паводзіны, звязаныя са знешнасцю, прадыктаваны інстынктамі: усе жывыя істоты імкнуцца памнажацца, таму нам так важна падабацца іншым. Як бы мы ні спрабавалі засяродзіцца толькі на сабе, мы ўсё роўна будзем старацца прывабіць партнёра, хай і неўсвядомлена, бо жывём ў свеце навязаных стэрэатыпаў і меркаванняў.

«НН»: А ваша цела спазнала нейкія аперацыі?

АС: Я толькі выдаляў папіломы лазерам, больш нічога.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары13

У Беларусі з'явіўся народны паэт3

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ2

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

У Беларусі сёлета глядзелі порна з мілфамі, а ў Расіі — анальны сэкс28

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт3

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →