Тэатр55

Спектакль пра выбух у мінскім метро, спектакль пра міліцыю… Тры прэм'еры мінскай тэатральнай зімы

Піша Аляксей Стрэльнікаў.

«Фабрычная дзяўчына» Аляксандра Валодзіна 

Новы драматычны тэатр
Рэжысёр — Сяргей Кулікоўскі

Сяргей Кулікоўскі звярнуўся да першай вядомай п'есы Аляксандра Валодзіна, здаецца, без асаблівай знешняй на тое прычыны. Нібыта таму, што ў трупе тэатра ёсць артысты пад гэтыя ролі. Матэрыял цалкам адпавядае ўхілу тэатра на традыцыйныя класічныя формы, і гэта патрабаванне не столькі зыходзіць ад мастацкага кіраўніцтва, колькі ад публікі Аўтазаводскага раёна з іх настальгічнымі густамі. І сціплае афармленне спектакля, і музыка, і разважлівы яго рытм арыентуецца на менавіта гэтыя густы.

Але спектакль раптам выглядае вельмі сучасна, як быццам бы Валодзін ужо ў 1950-х прадбачыў і серыял «Girls» і рух #metoo.

Пра перадавую брыгаду швейнай фабрыкі знялі сюжэт для кінахронікі. Кінагрупа з'язджае, і за прыгожай карцінкай мы бачым сапраўдныя лёсы гераінь, складаныя, як заўжды ў Валодзіна. Канфлікт гэтай дваістасці прыгожай знешняй і цяжкай унутранай праўды рэжысёр узмацняе маналогамі a part для кожнай гераіні, як быццам бы сапраўды здымаўся той дакументальны фільм. І простая меладраматычная калізія пачынае трымцець энергетычнымі разрадамі.

Няшчасная жаночая доля для аўтара п'есы шмат у чым абумоўлена вайной, яе сіроцтвам і жабрацтвам. Пераадолець іх і так складана, але цяперашні ракурс лёгка дае разуменне перашкодаў для маладых дзяўчат.

Адзін з ключавых момантаў, калі Бібічаў (у выкананні Арцёма Пінчука) раптам даведваецца пра тое, што ў Лёлі, камсамольскага важака, ёсць дзіцё ад жанатага мужчыны. «І ты магла праводзіць размовы пра савецкую сям'ю, пра маральнае аблічча?!» — ён быццам уражаны яе крывадушнасцю і няшчырасцю. Следам ідзе жудасная істэрычная сцэна ў выкананні артысткі Надзеі Анцыповіч, яе Лёля рэзка б'е Бібічава па твары мокрым ручніком, бо той не аддае фота дзіцяці, і крычыць: «Мая справа! Я сама так вырашыла!» Не можа быць, каб Валодзін напісаў такую сцэну, падумаў я, але ў гэтым эпізодзе спектакль даслоўна ідзе за аўтарам.

Цікава, што ў 1950-х спрэчкі вакол гераінь «Фабрычнай дзяўчынкі» былі вельмі гарачыя, а сёння калізіі п'есы не ўспрымаюцца хоць трошкі неадпаведнымі маралі. І настальгічны савецкі флёр раптам пачынае працаваць цікавым чынам. Дазволіць дзяўчыне самой выбіраць, з кім кахацца, савецкая мараль так адразу не магла, колькі б тая дзяўчына не перавыконвала план.

«11 красавіка»

Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB
Рэжысёр — Валянціна Мароз

«11 красавіка» з'яўляецца ў поўным сэнсе праектным спектаклем. Тут спачатку найперш ідзе менавіта канкрэтная праблема, а ўжо потым ідзе ўсё астатняе. Мякка кажучы, на тэму выбуху ў мінскім метро немагчыма зрабіць спектакль, які не выкліча цікаўнасці. І вось самі ўдзельнікі спектакля паўтараюць, што абмеркаванні пасля спектакля для іх з'яўляюцца працягам дзеі. Хочацца асобна паразважаць пра менавіта гэта…

Знешне можа падацца, што спектакль расказвае пра 11 красавіка ці перадае, як людзі ўспрымаюць 11 красавіка, і вось тут лёгка зрабіць так, што будзе створана эмацыйная дамінанта, якая будзе дыктаваць гледачу пачуцці: спачуванне, роспач, гнеў. Але, на маю думку, спектакль выдатны менавіта тым, што такой дамінанты няма, пачуцці і меркаванні кожнага героя спектакля і, больш за тое, кожнага гледача адчуваюцца самакаштоўнымі. А нейкае калектыўнае бачанне падзеі, па сутнасці, не зводзіцца да нейкай адной супольнай кампраміснай высновы, а застаецца супярэчлівым і стракатым. Бескампраміснасць, якая не становіцца жорсткасцю, а выяўляецца неабходнай тут і цяпер. Бо для кампрамісу трэба дамовіцца, а мы быццам яшчэ і не пачыналі. І вось тут пачынаецца абмеркаванне…

Грамадскае (ці нават грамадзянскае) значэнне гэтага спектакля такое вялікае, што мастацкія асаблівасці нібыта адыходзяць на другі план, і гэта вельмі шкада, таму што і рэжысёр Валянціна Мароз і ўсё каманда спектакля зрабілі велізарную працу. Тут вельмі лёгка можа не спрацаваць сама форма дакументальнага спектакля, існаванне артыста ў матэрыяле, дзе ён, па сутнасці, не выдумляе персанажа на падставе фантазіі драматурга, а працуе з жывым чалавекам. Вельмі цікава, як артысты не хаваюць гэтую сваю прыступнасць, а выстаўляюць яе гледачам напоказ, яшчэ больш адкрываюць прыём, нават не проста дазваляюць сваім героям крытыкаваць саму задуму спектакля, а паказваюць дакументальныя кадры з героямі падзей, мы можам, па сутнасці, параўнаць, як выконваюць артысты, з тым, як тыя, хто перажыў выбух у метро, расказваюць пра яго самі.

Гэта не першы дакументальны спектакль гэтай акцёрскай каманды, спадзяюся, што і не апошні.

«Чалавек з Падольска» Дзмітрыя Данілава

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр
Рэжысёр — Дзмітрый Багаслаўскі

П'еса Дзмітрыя Данілава пра фантасмагарычны допыт у маскоўскім паліцэйскім пастарунку выдатна ўпісваецца ў беларускі культурны кантэкст. Я асабіста не люблю, калі міліцыянераў называюць «тэатраламі», дык вось сапраўдны тэатрал у тэатры не баіцца на сцэне пазнаць самога сябе. А праўда ў тым, што спектакляў пра міліцыянераў у нас амаль няма. Ідзе «Любоў людзей» у РТБД, але там падзеі перанесены ў савецкі час, быў таксама праектны спектакль «Участковыя» па п'есе Віталія Каралёва (яго нават паказвалі ў Музеі МУС), але даўно ўжо не граецца.

Міліцыянеры Данілава выглядаюць прыдуманымі, але ў п'есе ёсць рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі, які робіць высілкі, каб мы атрымалі перажыванне сапраўднага паліцэйскага гвалту.

На затрыманага Мікалая Фралова (у выкананні Дзяніса Аўхарэнкі) аказваюць ціск, але ён хіба што псіхалагічны. Яму задаюць пытанні пра Падольск, просяць дакладна ўспомніць дарогу на працу, заклікаюць спяваць і танчыць, — гэта, вядома, таксама можна назваць грубай маніпуляцыяй ці нават здзекам, але не выглядае так пачварна тут, у кантэксце абсурднага допыту, які тычыцца не злачынства, прапісанага крымінальным кодэксам, а сэнсу і асалоды жыцця. Дзіўныя гульні кармічнай паліцыі Дзмітрыя Данілава выглядаюць прысудам пакаленню хіпстараў (прынамсі, такім іграе свайго героя Аўхарэнка), якія сваім эскапізмам ад бытавой і сацыяльнай чарнухі, па сутнасці, адмовіліся таксама і ад сапраўднага жыцця ў лепшых ягоных праявах, з яго прыгажосцю, каханнем, вернасцю і іншымі духоўнымі ідэаламі.

Да таго ж, акцёры Маладзёжнага тэатра граюць міліцыянераў па-тэлевізійнаму абаяльна. Тут і дабрадушны таўсцяк у выкананні Дзяніса Маісейчыка, і дачэпісты, але праставаты слядак Кірыла Навіцкага, і сапраўдная снежная каралева ў пагонах, якую сыграла Марына Блінова. Цудоўная роля ў гэтым спектаклі таксама і ў Андрэя Гладкага, але я і так дазволіў сабе зашмат спойлераў. Цудоўны акцёрскі ансамбль выйшаў.

Багаслаўскі ўскладняе дзею, увёўшы відэа, якое нібыта паўтарае тое, што мы бачым на сцэне. Але на гэтым відэа міліцыянеры не сюсюкаюцца, і кармічная паліцыя аказваецца яшчэ і проста паліцыяй. Народнае шчасце робіцца прадметам дзейнасці таталітарнай машыны. «Сорам быць нешчаслівым», — пісаў некалі Аляксандр Валодзін, пра якога мы пісалі вышэй. У п'есе Данілава няшчасце робіцца ці не адміністратыўным парушэннем. А ў тым, якую атмасферу стварае ў сваім спектаклі Дзмітрый Багаслаўскі, гэта можа выявіцца толькі пачаткам.

Каментары5

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі4

У Беларусі затрымалі грузінскага злодзея ў законе, які прарываўся з Расіі без пашпарта

Мінскае «Дынама» прайграла чацверты матч у Лізе канферэнцый ВІДЭА1

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →