Дарагі наш патрыярх: колькі візіт Кірыла каштаваў беларускім епархіям
У Мінску адбыўся Сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), па выніках якога расійскія іерархі вырашылі разарваць адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Аўтаматычна тое самае зробіць і БПЦ, як частка Рускай праваслаўнай царквы.
Усе гэтыя багатыя на падзеі тры дні, калі ў Беларусі прысутнічалі сябры расійскага Сінода, забяспечваліся бесперабойнай лагістыкай і абслугоўваннем гасцей.
Жытло, абеды, раз'езды, падарункі… Хто гэта ўсё аплочваў? Штосьці траціла дзяржава, але немалыя грошы сабралі і з цэркваў.
Пра якую ж суму ідзе гаворка?
Наколькі ўдалося высветліць «Нашай Ніве», сёлета ніякіх пісьмовых распараджэнняў мітрапаліта Паўла аб зборы грошай не было, пажаданні выказваліся ў вуснай форме.
Але мы знайшлі лічбы па мінулым візіце патрыярха Кірыла ў Мінск і Брэст — гэта было ў 2015-м, з 20 па 22 чэрвеня.
Па колькі ж тады скідваліся беларускія епархіі? Лічбы ўражваюць: агулам гэта $100 000!
Мы здабылі адпаведны дакумент, завізіраваны мітрапалітам Паўлам тры гады таму. У «Плане ўнясення мэтавых унёскаў на візіт Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага» ад 13.05.2015 за подпісам галоўнага бухгалтара А.І.Кахно фігуруюць такія лічбы.
Епархія | Сума ў доларах ЗША |
Мінская | 15 000 |
Бабруйская | 5 000 |
Барысаўская | 5 000 |
Брэсцкая | насупраць Брэсцкай епархіі лічба не стаіць, бо патрыярх прылятаў у Брэст, і яны неслі вытраты |
Віцебская | 8 000 |
Гомельская | 10 000 |
Гродзенская | 7 000 |
Лідская | 5 000 |
Магілёўская | 7 000 |
Маладзечанская | 6 000 |
Навагрудская | 5 000 |
Пінская | 10 000 |
Полацкая | 7 000 |
Слуцкая | 5 000 |
Тураўская | 5 000 |
Агулам | 100 000 |
На што за двое сутак можна выдаткаваць сто тысяч долараў?
Кіраўнік сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін адказаў «Нашай Ніве», што ён не ў курсе памераў мэтавых унёскаў ні 2015-га, ні 2018-га.
«Наколькі мне вядома, сёлета памер не ўстанаўліваўся і не абмяжоўваўся», — сказаў нам Лепін.
Абазнаныя людзі кажуць, што сёлетнія ўнёскі маглі быць у агульнай суме большымі па памеры, бо ў 2015-м світа патрыярха была сціплейшай — разам з ім не было сябраў Сінода РПЦ.
Ну і гасцявалі яны даўжэй на адзін дзень.
Шараговых святароў уразіла шматлікасць аховы патрыярха. За крытыку яе быў адхілены ад служэння мінскі бацюшка Аляксандр Шрамко. Раскошны лад жыцця патрыярха Кірыла выклікаў нараканні і даўней: яшчэ ў 2012 годзе шуму нарабіў гадзіннік коштам 30 тысяч еўра.
Варта адзначыць, што і тады і цяпер асобныя графы выдаткаў наўпрост фінансаваліся беларускай дзяржавай, напрыклад: у Мінск патрыярх Кірыл звычайна прылятае на ўрадавым самалёце беларускага боку, які забірае яго з Масквы.
Каментары