Група навукоўцаў з Французскага інстытута Усходняй археалогіі ў Каіры і Ліверпульскага ўніверсітэта ў Англіі выявілі прыладу, з дапамогай якой старажытныя егіпцяне, верагодна, пабудавалі піраміды, піша Science Alert.
У адным з кар'ераў каля Луксора, дзе егіпцяне здабывалі алебастр, археолагі знайшлі сляды пандуса, які мог выкарыстоўвацца для ўзняцця вялікіх грузаў. Прыблізны ўзрост знаходкі — не менш за 4,5 тысячы гадоў.
У цэнтры канструкцыі знаходзілася нахіленая пляцоўка, абапал якой былі лесвіцы і адтуліны. У адтуліны маглі ўстаўляць драўляныя слупы, вакол якіх абкручвалі вяроўкі. Шматтонныя блокі замацоўваліся на драўляных «санках». Пасля гэтага будаўнікі цягнулі за вяроўкі і перамяшчалі блокі па пляцоўцы ўверх пад вуглом 20 градусаў.
Навукоўцы і раней меркавалі, што старажытныя егіпцяне выкарыстоўвалі падобныя канструкцыі, але выявілі такую сістэму ўпершыню.
Егіпецкія піраміды — адны з самых старажытных каменных збудаванняў на Зямлі. Большая частка з іх гэта пахаванні фараонаў.
Самыя вядомыя піраміды знаходзяцца на ўскраіне Каіра ў Гізе. Найбуйнейшая — піраміда Хеопса, адзіны захаваны з сямі цудаў свету.
Каментары