Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва

МАЗЫР

Тут – усходні куток магічнага Палесся. Рэгіён, які славіцца не толькі соллю і нафтай, а яшчэ і сваімі магутнымі ледавіковымі ўзгоркамі, звышскладаным ландшафтам і гарналыжным курортам. Таму гэтыя мясціны і называюць «беларускай Швейцарыяй», таямніцы якой адкрываюцца толькі тым, хто не баіцца заблукаць на схаваных сцежках. Мазыр – у праекце «Гарады Магдэбургскага права».

ДАЛІНА АНЁЛАЎ

Горад як брэнд. Горад як культурны здабытак.

Кантэнт для матэрыялаў мы ствараем з дапамогай супермагутнага Samsung Galaxy Note9.
Першы пісьмовы ўспамін пра Мазыр – 1155 год, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. А першыя жыхары на тэрыторыі Мазыра з'явіліся яшчэ тры тысячы гадоў таму, у бронзавым веку. Паселішча на старажытным гарадзішчы месцілася на ўскрайку цяперашняга горада ва ўрочышчы Кімбараўка. У XI стагоддзі цэнтр горада перамясціўся на новае ўзвышша – Замкавую гару.
ГАРАДЗІШЧА І НАЗВА
Паходжанне назвы горада дагэтуль невядомае. Частка даследчыкаў звязвае айконім (уласнае імя населенага пункта) Мазыр са спалучэннем словаў «мой жыр», што можа сведчыць пра рыбныя промыслы на берагах Прыпяці. Яшчэ адна версія тлумачыць назву як старажытны «балотны» тапонім – такія назвы гарадоў сустракаюцца на забалочаных тэрыторыях Славеніі.

ЗАМАК
У старажытным Мазыры існавала ажно два замкі: Верхні (Стары), які месціўся на цяперашняй Замкавай гары, і Ніжні. Дакладна вядома, што на пачатку XVI стагоддзя замак ужо існаваў. Уся яго тэрыторыя была абнесена магутным плотам-парканам з каменным начыннем. Трапіць у Мазыр можна было праз тры брамы па перакінутых мастах. У горадзе актыўна развівалася рамесніцтва, гэта пацвярджаецца знаходкамі кафлі са складаным узорам: на руінах выявілі кафлю з рэнесанснай выявай жанчыны (цяпер яе называюць «мазырскай мадоннай»).
Сёння замкавыя сцены Мазыра можна назваць помнікам толькі ўмоўна. Замак аднавілі «з элементамі рэканструкцыі» ў 2005 годзе да «Дажынак» і 850-годдзя горада, грошы збіралі грамадой. Мясцовыя называюць замак «кітайскім» – па аналогіі з нечым штучным. Архітэктурна-гістарычны кур'ёз пацвярджае і шыльда «гісторыка-культурная каштоўнасць», што вісіць на браме комплексу.
«Мазырская мадонна» — кафля з краязнаўчага музея Мазыра.


На Замкавай гары месціцца адна з самых кароткіх вуліц Беларусі – Гара Камунараў. На ёй усяго 6 дамкоў, вядзе яна да карчмы і краязнаўчага музея на замчышчы. На тэрыторыі музея – чатыры адноўленыя вежы замка, у збройную можна падняцца і загадаць жаданне (мазыране вераць, што яно абавязкова здзейсніцца, калі ўдасца з першага разу пазваніць у звон, які месціцца на гэтай вежы).

З вышыні замка праглядаюцца суседнія Калінкавічы – насельніцтва двух гарадоў цесна звязана між сабой, бо ў «горадзе-спадарожніку» ёсць чыгуначная станцыя.

У сярэдзіне XIV стагоддзя Мазыр быў далучаны да Вялікага Княства Літоўскага. Пазней гэта былі ўладанні Радзівілаў. 28 студзеня 1577 года кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права. Герб горад атрымаў праз 32 гады: «У блакітным полі чорны аднагаловы арол з сярэбраным шыльдам на грудзях, на шыльдзе – чырвоная літара S» (манаграма Стэфана Баторыя). Мазыр – адзін з гарадоў Беларусі, якія здолелі захаваць уласныя гербы ў XIX стагоддзі. Сёння герб Мазыра выкарыстоўваецца ў версіі без шчыта і лацінскай S.

Каралеўскі прывілей Мазыру на «дараванне» з'яўляецца адным з двух арыгінальных дакументаў, якія захаваліся і да сённяшняга часу ў Беларусі. Магдэбургскае права перадавала асноўныя пасады па кіраванні горадам, як і ўсе гарадскія зборы, у рукі найболей багатых гараджан.

САПРАЎДНЫ ПРЫВІЛЕЙ
ЛАНДШАФТ
Мазыр мае складаны рэльеф з мноствам узгоркаў і ўпадзін. Культурны і гістарычны цэнтр горада геаграфічна месціцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць цэнтральная вуліца Савецкая – адна з самых доўгіх у Беларусі – амаль 10 кіламетраў. Даўжэйшы толькі праспект Незалежнасці ў Мінску.
Перпендыкулярна Савецкай углыб горада ідуць іншыя вуліцы. Складаны ландшафт Мазыра – пастка для неабазнанага турыста. Здаецца, што патрэбны табе адрас зусім побач, але дабірацца да яго ты можаш з паўгадзіны. Мясцовыя добра ведаюць «сакрэтныя» хады, пракладзеныя між узгоркаў, схаваныя лесвіцы. Некалькі год таму рэспубліканскі камітэт па ахове прыроды прапаноўваў зрабіць Мазыр ландшафтна-архітэктурным запаведнікам, але, на жаль, гэтая ідэя пакуль не знаходзіць падтрымкі.
У Мазыры яшчэ можна адшукаць прыкметы тыповай гарадской забудовы. На Ленінскай вуліцы, адзінай, якая захавала стыль канца XIX стагоддзя, размешчаны асноўныя архітэктурныя каштоўнасці горада. Побач з Замкавай гарой можна ўбачыць прыклады палескай архітэктуры – драўляныя будынкі з каменнымі падмуркамі. Адзін з такіх стаіць на вуліцы Гара Камунараў непадалёк ад краязнаўчага музея.
КІМБАРАЎКА
Кімбараўка, ці Анёльская даліна – старажытнае ўрочышча Мазыра, што месціцца на сучаснай вуліцы Гогаля. Лічыцца, што тут і пачалася гісторыя горада. Назву археолагі адносяць да скіфскага ўтварэння: кімы – горы, а бар – паселішча, двор, горад. Такія паселішчы, мяркуюць даследчыкі, маглі ўзнікнуць у II стагоддзі нашай эры. Магчыма, Кімбараўку заснавалі неўры – лясныя скіфы-земляробы, якіх згадваў Герадот.
Атмасфернае месца пачынаецца комплексам будынкаў Мазырскага бровара – аднаго з найстарэйшых у Беларусі. Вытворчасць пеннага напою пачаў у 1884 годзе Майсей Шандэраў у прыватнай хаце. (Цікава, што ў пачатку XX стагоддзя піва тут разлівалі ў фірмовую пластыкавую тару, якую замаўлялі ў Пецярбургу.) Паступова, з ростам бізнэсу, побач адзін за адным пачалі з'яўляцца будынкі з чырвонай цэглы.

Цяпер бровар вядомы не толькі півам, але квасам і медавухай. Побач з заводам ёсць легендарны, самы стары ў горадзе «бар», дзе можна пакаштаваць вось гэта вось усё – трэба толькі падпільнаваць, калі ён адчынены, бо графік працы зразумелы толькі мясцовым.
Наступны незвычайна цікавы аб'ект – праваслаўная царква ў канструктывісцкім стылі. Такога прыкладу мадэрну ў культавай пабудове вы больш нідзе не ўбачыце. У канцы XIX стагоддзя гэта быў «Дом абароны». Дамінанта яго галоўнага фасада – круглаватая лесвічная клетка, завершаная шатром. Над уваходнай лоджыяй – тэраса.

Уздоўж усёй вуліцы ва ўрочышчы цячэ Прыпяць. На Палессі гэта асноўная дарога і крыніца зносін. Цяпер узбярэжжа – больш турыстычны цэнтр, чым эканамічны. Але раней ля мазырскіх берагоў спыняліся гандлёвыя баржы, мясцовы люд сцякаўся сюды на кірмаш.
«ДАЛІНА АНЁЛАЎ»
Як мазырскі бізнэсовец пераўтварае закінуты каталіцкі кляштар у культурніцкую прастору
АНЁЛЫ
Галоўным культурным рухавіком старажытнай Кімбараўкі былі манахі-цыстэрцыянцы, якія з'явіліся тут у пачатку XVIII стагоддзя. Цыстэрцыянцы – старажытны манаскі ордэн, які аддзяліўся ад бенедыкцінцаў. За белую вопратку і аскетычны лад жыцця мясцовыя празвалі іх анёламі, а само гэтае месца і даліну – анёльскай. Мужчынскі кляштар ордэна быў заснаваны ў Мазыры ў 1711 годзе. На Беларусі было ўсяго тры цыстэрцыянскія кляштары, два з іх, мужчынскі і жаночы, знаходзіліся ў Мазыры. Жаночы цяпер адноўлены і функцыянуе як касцёл. А мужчынскі напаткаў няпросты лёс: ён быў зачынены царскімі ўладамі пасля паўстання 1863 года. Пазней – пераабсталяваны ў запалкавую фабрыку «Маланка», а затым – у фабрыку «Мазырдрэў». У 2011 годзе прадпрыемства збанкрутавала і тэрыторыю выставілі на аўкцыён.

Цяпер на гэтае месца прыйшлі іншыя анёлы. Бізнэсовец Аляксандр Баранаў узяў пад сваю адказнасць велізарныя плошчы і тузін будынкаў, што маюць розную гістарычную каштоўнасць: ад старажытнага кляштара да фабрычнай прахадной. Аляксандру крыху больш за 40 гадоў. Свой дзень ён пачынае на гэтай пляцоўцы. Былая прахадная мэблевай фабрыкі ператварылася ў прапускны пункт культурніцкай прасторы. Адраджэнне культурнага ландшафту пачалося з устаноўкі «хіпстарскага» плоту і адкрыцця лекцыйнай залы. На гэтай пляцоўцы зладзілі ўжо некалькі выстаў, тут праходзілі беларускамоўныя курсы, арганізаваныя Андрусём Горватам.

Вось ужо год ідуць працы па аднаўленні. Як кажа Аляксандр, кожны ахвотны можа далучыцца да гэтай справы. Некалькі рабочых працуюць дзень і ноч – выносяць смецце, мяняюць камунікацыі, пілуюць дошкі, тынкуюць сцены. На аднаўленне ўсяго комплексу ім трэба 1 мільён даляраў. Працы не спыняюцца і зімой, а Аляксандар пачувае сябе за гэтай працай больш чым упэўнена.
«У маім выпадку гэта гісторыя прыходу да веры. Я з дзяцінства цікавіўся гісторыяй і архітэктурай, таму, калі тут павесілі шыльду «аддаём будынак за 13 базавых», я захацеў паспрабаваць яго аднавіць. Месца тут гістарычнае, атмасфера — унікальная. Манаскі ордэн у свой час прынёс сюды веды і тэхналогіі. Арганізавалі школу, у якую прымалі як дзяцей шляхты, так і сялян. Як пра гэта можна забыць? Адзін манах прынёс мне папку з надпісам «Кімбараўка», у ёй былі дакументы па гэтым кляштары. Уручыў і сказаў: «Цяпер гэта тваё».


«ПАДТРЫМЛІВАЮЧЫ ГЭТУЮ АКТЫЎНАСЦЬ, Я ХАЧУ, КАБ ТУТ КВІТНЕЛА КУЛЬТУРА»