Інцыдэнт адбыўся ў магілёўскім шоу-руме Moshe, уласніцай якога з’яўляецца жонка футбаліста Вячаслава Глеба.
Пра здарэнне Вольга Глеб расказала «Нашай Ніве».
Вольга сцвярджае, што прадавачка яе магілёўскай крамы Валерыя Міскевіч скрала 5000 беларускіх рублёў і ўцякла.
«Цяпер я знаходжуся ў Магілёве. Напісала заяву ў міліцыю, у краме працуе аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі», — распавядае жанчына.
Шоу-рум у Магілёве Вольга Глеб адкрыла два месяцы таму.
«Продажы тут былі нават лепшыя, чым у Мінску. З Валерыяй у нас былі добрыя адносіны. І яе ўчынак — гэта гром пасярод яснага неба. Спачатку яна не брала трубку, пасля казала, што хварэе, пасля выдумала гісторыю, што ў яе памерла бабуля… Дзяўчыне ўсяго 20 гадоў, яна не баіцца нічога», — наракае Вольга Глеб.
Яна ўпэўнена, што краму ў Магілёве зачыніць назаўжды.
Каментары