Меркаванні4848

Стась Карпаў: Кепская краіна не нараджае добрых кандыдатаў

Малюнкі на дзіцячай пляцоўцы. Няміга, Мінск, 2020 год

Калі б я збіраўся памерці за дзень да выбараў, я б абавязкова вырашыў пакінуць запавет. У ім я б расказаў, за каго прагаласаваў бы, калі б дажыў, і расказаў бы чаму. Ну і, канечне, у запавеце я б даў якое-небудзь настаўленне шчаслівым і жывым выбаршчыкам.

Але паміраць я не збіраюся і запавет мой не набудзе смяротнай важкасці аб’яўленага нябожчыка.

Давайце я проста пафантазірую. Давайце ўявім, што хутка я склею ласты, і ад таго да маіх слоў трэба ставіцца максімальна лаяльна і сур’ёзна.

Усе мы бачым, дарагія беларусы, што сітуацыя на гэтым выбарчым вітку адрозніваецца ад папярэдніх. Можа быць, мы не разумеем, як гэтае адрозненне назваць, але ў паветры шмат чаго памянялася, і паколькі мы не ў судзе, то можам сабе дазволіць проста прызнаць факт, не даючы азначэнняў.

А можам пералічыць, што: Лукашэнка разгублены, што ён канчаткова растраціў падтрымку, што ў яго няма плану, у яго няма рэсурсаў, у яго няма любові; апазіцыя болей — не ненавісныя «опы», а беларуская мова незаўважна перастала быць маркерам ворага.

На гэты раз у кандыдаты прыйшлі людзі са статусам, сувязямі і рэсурсам.

Вам не падаецца, што гэта той момант, пра які мы марылі, як пра другое прышэсце, называючы той светлы дзень «расколам эліт».

Ну, што? Час прыйшоў. Сёння ўсё не так, як учора, але адно нязменна: у сацсетачках людзі гэтак жа рыпяць зубамі, сціскаючы кулачкі, і чакаюць, за што б аб’явіць новага кандыдата здраднікам.

Чаму?

Ну, яны, відавочна, хочуць, ігнаруючы змену асяродку, прыйсці ў камфортны стан грамадзян, якія супрацьстаяць гэтаму асяродку з глыбіні сваёй цысты. Тыя, хто прагне пераменаў, настолькі шмат пра іх думаюць, што ўсе перамены прызнаюць недастаткова адпаведнымі ўяўленаму шаблону пераменаў.

Здавалася б, для якога такога афігеннага дня вы сябе бераглі, калі не для гэтага? Чаго вам не хапае, каб праявіць крыху болей актыўнасці?

Я ведаю чаго.

Вы хочаце такога кандыдата, якога можна безумоўна палюбіць.

Я разумею вас. Я таксама хачу, але ў мяне ёсць пара думак на гэты конт, першая з якіх такая. Адкуль узяцца ўсімі любімаму кандыдату?

Ён жа павінен быць і эканаміст, і нацыяналіст, і сацыяліст, і лібертарыянец, і ўладальнік буйнога бізнэсу — і ўсё ў адным наборы.

Ці з’яўляецца такі персанаж казачным? Ну, напэўна — не. Думаю, любы чалавек, які дасягнуў поспеху ў, напрыклад, незалежнай Польшчы, можа быць і эканамістам, і нацыяналістам, і гуманістам, і яшчэ кім заўгодна.

Але ці можа такі чалавек з’явіцца ў Беларусі?

Не думаю.

Лідар, якога палюбяць усе, не можа з’явіцца ўнутры той Беларусі, якую мы ненавідзелі.

 

Сёння ў Беларусі не з’явіцца той чалавек, якога палюбяць усе, бо 30 апошніх гадоў (а то і 300) мы любілі рознае.

Мы ўсе былі рознымі беларусамі, а то і не беларусамі. Мы хацелі бізнэс і ненавідзелі бізнэс. Мы любілі мову і ненавідзелі мову. Мы любілі Расію і ненавідзелі Расію. Мы хацелі незалежнасць і ненавідзелі незалежнасць.

Ну давайце. Давайце намалюем сабе таго бізнэсмена, які фарміраваўся ў апошнія 30 гадоў.

Ён шмат чаго дабіўся. Ён любіць Беларусь так, як можа. Ну, вось так, як Бабарыка, напрыклад. Дабіўся, любіць, прапануе сябе.

Чаму вам не падабаецца тое, як ён яе любіць, і тое, чаго дабіўся?

Таму, што ён ажыццяўляў свой кар’ерны рост не сярод нас.

Ну, так. Сярод нас ён бы стаў нацыяналістам. Але сярод нас ён бы дарос адно да аператара пункта абмену валют.

Мы вінаваты ў гэтым? Не. Ён вінаваты ў гэтым? Не.

Вам падабаецца пагаджацца з маім любімым (без іроніі) Эдам Пальчысам, калі ён называе такіх кандыдатаў «клоўнамі»?

Падабаецца.

А чаму?

Няўжо вас так пераконвае слова клоўн, што той жа Бабарыка становіцца вам цалкам зразумелым? Наўрад ці. Вы проста хочаце дазволу, адпушчэння, санкцыі на заканчэнне аналізу і вяртанне ў звыклы для сябе статус «унутранай апазіцыйнасці». Вельмі бяспечнай. Вельмі інтравертыўнай.

Думаю, Бабарыка ці Цапкала на працягу іх кар’ераў таксама прымушалі сябе, як і вы, «спыняць думку» — для захавання псіхічнага здароўя і кар’еры адначасова.

Напрыклад. Калі вам скажуць: мы з рускімі разам гнілі ў акопах пад Сталінградам, каб здабыць вялікую Перамогу — вы можаце ці пачаць складаную спрэчку на тэму таго, што без рускіх магло б і не быць ніякага гніення пад Сталінградам. Ці пра тое, што Савецкі Саюз быў не супраць прымусіць увесь свет гніць у акопах, супрацьстаючы чырвонай рэвалюцыі.

А можаце пагадзіцца. Бо сыходны тэзіс — не лжывы. Проста ён — частка таго камфорту, які дазваляе займацца справамі, ігнаруючы важныя рэфлексіі.

Калі вам скажуць пра тое, што беларусы не хочуць незалежнасці — вы можаце сказаць, што так, яны не хочуць. Вы можаце сказаць, што яны не хочуць, але я беларус і я хачу. Вы можаце сказаць, што «тых, хто хацеў, — закапвалі ў ямах».

Калі вам скажуць, што Каліноўскі не змагаўся за Беларусь, вы можаце адказаць: так, не змагаўся. А можаце напісаць, што ягоныя апошнія словы былі па-беларуску — дык пра каго ён думаў у апошнія хвіліны жыцця?

Гэтыя адказы, гэтыя дыялогі, якіх тысячы на працягу жыцця умоўнага чалавека, прыводзяць яго туды, куды прыводзяць.

Памятаеце? «Калі ты ў 44 гады апранаеш камбінезон не для таго, каб залезці ў кабіну ракеты, вялікая верагоднасць таго, што ў жыцці ты пару раз павярнуў не туды».

Але ці можна сказаць, што людзі, якіх вы называеце «клоўнамі», увесь час зварочвалі не туды?

Я так не думаю. Я думаю, што ў іх быў верны курс, але не было папраўкі на бакавы вецер.

Праз 50 гадоў новы прэзідэнт Беларусі можа быць цалкам беларускамоўным. «Шчыра адданым роднай зямлі» ў той форме, якая нам безумоўна спадабаецца. Зараз форма нам будзе падабацца не цалкам.

Але для таго, каб прыйшоў той беларускі бізнэсмен сацыяліст, і лібертарыянец, і нацыяналіст, і усім меншасцям абаронца — трэба даць яму магчымасць вырасці ў Беларусі, у якой нацыяналісты змогуць атрымаць хаця б шанец яго нарадзіць і вырасціць.

То-бок пры такім кіраўніцтве, якое не будзе ставіць сваёй мэтай пераламаць рукі кожнаму падлетку, хто ўздыме бел-чырвона-белы сцяг.

Мне падаецца, што пры Лукашэнку гэта немагчыма. А пры «клоўнах» — вельмі нават верагодна. Ну і апошні важны момант заключаецца ў тым, што вы дарма думаеце, што гэта вам цяжка палюбіць умоўнага Бабарыку. Тым, хто галасаваў за Лукашэнку з 94-га, Бабарыку палюбіць яшчэ цяжэй. У гэтым сэнсе, калі вы можаце на яго пагадзіцца свядома — то «яны» чакаюць супакаяльных гарантыяў, і ён, верагодна, іх зараз выдае. Давайце сыйдземся на тым, што кампраміс у Беларусі — гэта калі ўсе незадаволены аднолькава. Я бы пагадзіўся.

Тут трэба неяк закончыць, і я думаю, што для гэтага няблага пасуе мой любімы Пэна Уорэн. Я яго перафразую і перазадам ягонае пытанне: «Адкуль узяцца цудоўнай і прыўкраснай сучаснасці, калі ў нас было такое непрыўкраснае і нецудоўнае мінулае?»

Каментары48

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

«Задрыжаць і атарапеюць». МЗС Расіі абяцае кары ЗША з-за дазволу Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па Расіі12

Патрыярх Кірыл заклікаў не баяцца ядзернай зброі, таму што хрысціян не страшыць канец свету29

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →