Кесаравы сячэнні і ўсеагульная гігіена збядняюць мікрабіём чалавека. Навукоўцы працуюць над тым, як яго вярнуць
Мікрабіём — сукупнасць мікробаў, якія жывуць на целе чалавека і ўнутры яго — адыгрывае важную ролю ў фізічным і псіхічным здароўі людзей. Мікрабіём не толькі абараняе арганізм ад патагенаў, але і ўзмацняе імунную сістэму, рэгулюе абмен рэчываў і ўплывае на мазгавую дзейнасць.
Першыя некалькі гадоў жыцця чалавека маюць вырашальнае значэнне для фарміравання мікрабіёму. Аднак сучасны свет ускладняе атрыманне таго неабходнага ўздзеяння мікробаў, якое людзі атрымлівалі праз дотыкі да іншых, дыханне і ежу. Да таго ж, мінімізацыя кантактаў праз пандэмію можа мець доўгатэрміновыя наступствы для мікрабіёму, піша The Wall Street Journal.
Па меры таго, як людзі пачалі масава перасяляцца ў гарады пасля пачатку прамысловай рэвалюцыі, значна зменшылася ўздзеянне мікробаў з глебы і сельскіх жывёл.
Адкрыццё пеніцыліну ў 1928 годзе і стварэнне антыбіётыкаў таксама парушыла мікрабіём чалавека. Даследаванні паказалі, што дзеці, якія прымаюць антыбіётыкі ў раннім узросце, сутыкаюцца з большай рызыкай развіцця астмы, цэліякіі, атлусцення, сіндрому дэфіцыту ўвагі, гіперактыўнасці і іншых захворванняў.
Актыўнае выкарыстанне антыбактэрыяльных мыльных сродкаў на працягу апошніх дзесяцігоддзяў таксама негатыўна паўплывала на мікрабіём і імунную сістэму.
А дзеці, якія нараджаюцца шляхам кесаравага сячэння, не атрымліваюць важных мікробаў ад мамы. Таму навукоўцы спрабуюць знайсці патэнцыйныя рашэнні для аднаўлення мікрабіёму чалавека і выкарыстання яго пераваг. Вось некаторыя з іх.
Прабіётыкі будучыні
Навукоўцы перакананыя, што антыбіётыкі разам з дрэннымі мікробамі знішчаюць карысныя, таму даследчыкі спрабуюць вынайсці прабіётыкі, якія б дапамагалі аднавіць мікрабіём.
«Гэта будуць не тыя прабіётыкі, якія можна набыць у крамах здаровага харчавання», — сцвярджае Марцін Блэйзер, дырэктар Цэнтра перадавых біятэхналогій Ратгерскага ўніверсітэта. На сённяшні дзень прабіётыкі даступныя ў аптэках і супермакетах, аднак у большасці выпадкаў іх перавагі навукова не даказаныя. Прабіётыкі будучыні будуць атрыманыя шляхам навуковых эксперыментаў.
«Трэба вызначыць, якія карысныя мікраарганізмы мы можам даць, з якой мэтай і для якога чалавека», — адзначае Блэйзер.
Цяпер лабараторыя Блэйзера вывучае, што адбываецца, калі аднаўляць мікробы ў мышэй, якім давалі антыбіётыкі. Такія эксперыменты паскараюць працэс распрацоўкі прабіётыкаў для чалавека.
Новыя антыбактэрыяльныя сродкі
Традыцыйныя антыбактэрыяльныя сродкі для ачышчэння паверхняў маюць некалькі праблем, сцвярджае Джэк Гілберт, эксперт па мікрабіёме ў Каліфарнійскім універсітэце. Такія рэчывы знішчаюць мікробы з паверхні, але хутка паверхню запаўняюць новыя мікраарганізмы, а з цягам часу выпрацоўваецца рэзістэнтнасць бактэрый. Больш за тое, антыбактэрыяльныя ачышчальнікі знішчаюць як шкодныя, так і карысныя мікробы, важныя для чалавека.
Даследчыкі спрабуюць вырашыць гэтыя праблемы. Гілберт распрацоўвае ачышчальнік, у складзе якога колькасць карысных бактэрый перавышае колькасць шкодных. Такое рэчыва знішчае патагены, а карысныя бактэрыі займаюць паверхню, каб на ёй не з’яўляліся новыя патагены. То бок такі ачышчальнік больш даўгавечны. Да таго ж, ён значна менш стымулюе рэзістэнтнасць бактэрый. Пакуль такі антыбактэрыяльны сродак тэсціруецца ў мясцовай бальніцы.
Індывідуалізаванае харчаванне
Мікробы ў кішачніку ўплываюць на тое, колькі энергіі мы атрымліваем ад ежы.
Ізраільскія навукоўцы выявілі, што, калі людзі ядуць адну і тую ж ежу, яна выклікае розныя рэакцыі на ўзровень цукру ў крыві ў кожнага асобнага чалавека. Даследчыкі з дапамогай штучнага інтэлекты распрацавалі алгарытм, які мог прагназаваць рэакцыю арганізма чалавека на глюкозу пасля ежы. Алгарытм аналізаваў розныя звесткі, у тым ліку аналіз крыві і мікрабіём кішачніка. На аснове гэтых вынікаў навукоўцы распрацавалі персаналізаваныя дыеты для 26 чалавек, якім пагражала развіццё дыябету, што дапамагло пацыентам знізіць гэту рызыку.
Даследчыкі сцвярджаюць, што персаналізаванае харчаванне можна паспрабаваць выкарыстаць не толькі для кантролю глюкозы ў крыві, але і для кантролю захворванняў, звязаных з мікрабіёмам кішачніка.
Кантроль за засваеннем тлушчу
Навукоўцы выявілі, што мікрабіём дапамагае рэгуляваць паглынанне тлушчу кішачнікам. Лора Хупер, прафесар імуналогіі ў Тэхаскім універсітэце, вывучае пераносчык тлушчу, які кантралюецца мікрабіёмам. Па яе словах, калі мікрабіялагічным шляхам навучыцца кантраляваць гэты пераносчык, то можна больш эфектыўна змагацца з атлусценнем або наадварот павялічваць засваенне пажыўных рэчываў пры недаяданні.
Лора Хупер і яе калегі вывучаюць, якія кішачныя бактэрыі ўплываюць на выпрацоўку гэтага пераносчыка. Калі гэта ўдасца выявіць, то бактэрыі можна будзе выкарыстоўваць у якасці прабіётыкаў для рэгулявання паглынання арганізмам тлушчу.
Уплыў кавіду
Пандэмія пагаршае разнастайнасць мікрабіёму праз інтэнсіўныя меры ачышчэння і дэзынфекцыю. Больш за тое, людзі значна менш кантактуюць між сабой, што таксама ўплывае на наяўнасць карыснах мікробаў у нашым арганізме. Таму даследчыкі раяць не перабаршчыць з антыбактэрыяльнымі сродкамі і часцей выходзіць на свежае паветра.
Свойскія жывёлы
Даследчыкі выявілі, што дзеці, якія ад нараджэння кантактуюць з сабакам ці катом, менш схільныя да развіцця астмы і алергіі. Разнастайнасць мікробаў, якіх разносяць свойскія жывёлы, спрыяе фарміраванню ў дзіцяці мікрабіёму кішачніка і імуннага адказу.
Каментары