Заўзятарам вернуць грошы за квіткі.
Летнія Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Токіа пройдуць без заўзятараў з-за мяжы ў сувязі з сітуацыяй з пандэміяй. Такое рашэнне ў суботу прынялі арганізатары спаборніцтваў па выніках анлайн-сустрэчы, паведамляюць інфармагенцтвы.
Рашэнне адносна якіх-небудзь абмежаванняў на прысутнасць японскіх гледачоў на спартыўных аб'ектах будзе прынята ў красавіку.
Арганізатары Алімпіяды ў Токіа кампенсуюць заўзятарам выдаткаваныя грошы.
Усяго да гэтага часу прададзена каля 4,4 млн квіткоў на Алімпіяду, 970 тыс. — на Паралімпіяду. З іх каля 1 млн квіткоў набылі замежнікі.
Алімпіяда ў Токіа павінна была прайсці ад 24 ліпеня да 9 жніўня 2020 года. Аднак з-за пандэміі спаборніцтвы былі перанесеныя на год і адбудуцца ад 23 ліпеня да 8 жніўня 2021 года.
Цяпер у Японіі дзейнічае фактычная забарона на выдачу новых віз грамадзянам усіх краін і рэгіёнаў свету ў сувязі з выяўленнем у Вялікабрытаніі новага штаму каранавіруса. У краіну могуць уехаць толькі грамадзяне Японіі і замежнікі, якія маюць доўгатэрміновыя візы і пастаянна жывуць у Японіі.
Каментары