Эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук лічыць, што бізнэсмен Аляксандр Шакуцін не павінен знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза. Ён пераканы, што ўключэнне ўласніка «Амкадора» ў чорныя спісы — вялікая памылка.
«Наша Ніва»: Яраслаў, чаму вы мяркуеце, што Шакуціна трэба выкрасліць з шэрагу асоб, супраць якіх Еўрасаюз увёў санкцыі?
Яраслаў Раманчук: Ёсць стандарты, супраць каго прымяняюцца санкцыі — калі чалавек працуе ў такіх сферах, як нафтаперапрацоўка, будаўніцтва, імпарт рыбы і гэтак далей. Чалавек бярэ рэсурсы ад дзяржавы, асвойвае іх, душыць канкурэнтаў.
Калі ж чалавек працуе ў канкурэнтным полі, як Шакуцін, яго ціснуць міністэрствы, ведамствы, урад, то гэта зусім іншая гісторыя. Для мяне гэта вялікае пытанне: чаму чалавека дзяўбуць з усіх бакоў, а ён пры гэтым нібыта з’яўляецца «кашальком рэжыму»? Я быў на прадпрыемствах Шакуціна, калі яшчэ ўваходзіў у Раду па прадпрымальніцтве, бачыў там нашу моладзь, якая працуе на беларускіх камп’ютарах, распрацоўвае ўнікальныя рэчы. Па сутнасці, гэта тое месца, дзе мы куём кіроўныя кадры.
І калі такога чалавека ўключаюць у спіс, а іншых не ўключаюць, то гэта незразумела. Гэта як са мной было ў 2010 годзе — калі людзі, спрабуючы адвесці адказнасць з сябе, усё спіхвалі на Раманчука.
«НН»: Усе ж цудоўна ведаюць, што Шакуцін сябраваў з Лукашэнкам, яны разам на адпачынкі ездзілі.
ЯР: Я не ведаю ніводнага чалавека, які б сябраваў з Лукашэнкам. Чалавеку маглі сказаць: сёння ты едзеш туды, і ён нават мог не ведаць, куды едзе. За 26 гадоў улады Лукашэнкі мы бачым, што сяброў у яго няма. І няважна, ці касілі вы разам траву, ці гулялі ў тэніс.
Важная рэч — гэта актывы, фінансы, рэсурсы. Я сачу за фінансавымі паказчыкамі «Амкадора» і іншых прадпрыемстваў Шакуціна. Ды ў мяне ўражанне, што ён больш гуляе на іншым баку, чым улады. Чалавек ратуе свой бізнэс, нейтралізуе пагрозы праз нейкія ўзаемадзеянні з урадам ці Лукашэнкам. Але ці ёсць гэта падставай для ўключэння ў «чорны спіс»?
«НН»: Вы звярталіся да Ціханоўскай, каб яна паспрыяла выключэнню Шакуціна з санкцыйнага спісу. Ці была ад яе ці яе штабу рэакцыя?
ЯР: Не. Я фактычна праз пару дзён пасля ўключэння Шакуціна накіраваў такі ліст Ціханоўскай. Ніякай рэакцыі не было. Ціханоўская павінна ведаць, што не ўсе аднолькавыя ў органах улады і ў бізнэсе. Калі мы за праўду і справядлівасць, за нацыянальны бізнэс, то Шакуціна там быць не павінна быць. На жаль, я нічога не пачуў у адказ. Калі трэба нейкая дадатковая інфармацыя, то я гатовы яе даць.
«НН»: Вы з Шакуціным падтрымліваеце нейкія адносіны?
ЯР: Не, ну якія адносіны. Калі я быў у Радзе па развіцці прадпрымальніцтва, то мы размаўлялі. У адрозненне ад іншых, ён заўсёды падтрымліваў рынкавыя прапановы, якія сыходзілі ад нас. Ён не хаваўся ніколі. Той жа Машэнскі ніколі нічога не казаў, адкрыта гаварыў толькі Шакуцін.
Каментары