Грамадства

Хто такі расійскі блогер Яўген Бычкоўскі, які падтрымлівае Карач і ганіць Ціханоўскую?

За апошні год беларусы прывучыліся глядзець ютуб. Гэтым скарысталіся некаторыя расіяне.

Беларусы хочуць глядзець кантэнт не пра расійскіх поп-зорак, а пра падзеі ўнутры Беларусі. Гэтым тлумачацца шалёныя поспехі Сяргея Ціханоўскага і іншых палітычных блогераў.

Свой кавалачак пірага на гэтым паспрабавалі адкусіць і некаторыя расійскія дзеячы. Самы вядомы прыклад — гэта Максім Кац, аптымістычныя відэа якога ў канцы лета і пачатку восені 2020 года глядзелі сотні тысяч чалавек. Гледачу, які даўно ў тэме беларускіх падзей, у відэа Каца не хапала глыбіні, ён блытаўся ў імёнах і фактах, але быў заўсёды пазітыўна настроены, што знайшло свой водгук. На сёння Кац страціў інтарэс да Беларусі, у ягоным блогу цяпер амаль цалкам унутраны расійскі парадак дня.

Другі прыклад — гэта Яўген Бычкоўскі. Ён аж па сёння папулярны персанаж беларускага ютуба. Пры гэтым нават не ўсе ведаюць, што гэты чалавек — грамадзянін Расіі. Да Беларусі ён мае вельмі аддаленае дачыненне.

Яўген Бычкоўскі. Фота з «УКантакце»

Хто ж гэта такі? Яўген Бычкоўскі — ураджэнец расійскага Белгарада, гэта горад на мяжы з Украінай. Там жа ён скончыў гісторыка-філалагічны факультэт мясцовага ўніверсітэта. У адным з інтэрв’ю Бычкоўскі казаў, што ягоны бацька — этнічны беларус. Праўда, іншым разам ён ужо называе сябе палякам. Маўляў, праз гэтыя карані ў яго і ўзнік інтарэс да нашай краіны.

Бычкоўскі — бізнэсовец. У Белгарадзе ён валодае інтэрнэт-крамай «Ляўша 24», якая спецыялізуецца на гандлі будаўнічымі матэрыяламі і электратэхнікай. На сайце крамы напісана, што купляючы нешта ў гэтым месцы, вы дапамагаеце развівацца інтэрнэт-праекту Бычкоўскага «Рэвалюцыя свядомасці» — гэта адзін з ягоных ютуб-каналаў. У Беларусі такога не сустрэнеш.

Таксама Бычкоўскі з’яўляецца лідарам белгародскага аддзялення партыі «Яблык», якая знаходзіцца ў лагоднай апазіцыі да Пуціна. Раней на прэзідэнцкіх выбарах блогер падтрымліваў Ксенію Сабчак.

Яўген Бычкоўскі. Фота з «Аднакласнікаў»

Пасля нядаўняй ініцыятывы Святланы Ціханоўскай аб электронным галасаванні з мэтай дабіцца перамоваў з уладамі Бычкоўскі вельмі эмацыйна адрэагаваў: «Ціханоўская злівае пратэст».

«Света, якія нахран перамовы? Што за трызненне?! Відавочна, што пасля такіх заяваў, я амаль на 100% магу сцвярджаць, што штаб Ціханоўскай так ці інакш афіляваны з КДБ Беларусі! Я не ведаю, хто там «дарадчыкі», але тое, што гэта адназначны зліў рэвалюцыі і абсалютна ідыёцкі крок — я ні кропелькі не сумняваюся!» — эмацыйна рэагаваў Бычкоўскі.

Ён заклікае Ціханоўскую неадкладна прыйсці да аб’яднання з Вольгай Карач і разам думаць, як трэба дзейнічаць. «Людзі абураюцца, яны бачаць, што апазіцыя топчыцца на месцы. Ваша кветкавая палеміка парарасла ў банальны зліў рэвалюцыі».

Вось такое эмацыйнае стаўленне да беларускіх падзей. Здавалася б, што Бычкоўскі, калі і не жыве цяпер у Баранавічах ці Пінску, то дакладна быў удзельнікам падзей лета-2020, сядзеў на сутках і быў вымушаны з’ехаць з краіны. Але ў рэальнасці ў Беларусі яго ніхто не бачыў. Калі паглядзець падпіскі Бычкоўскага «УКантакце» і фэйсбуку, то адзіная беларуская суполка, на якую ён падпісаны, — гэта старонка Вольгі Карач.

Блогерам Бычкоўскі стаў у 2019 годзе. У сваіх каналах «Рэвалюцыя свядомасці» і «Блог Яўген Бычкоўскага» рабіў відэа амаль пра ўсе краіны былога СССР: Украіну, Туркменістан, Казахстан. Былі там ролікі і пра Беларусь. Але прыкладна з мая — чэрвеня 2020 года ягоная тэматыка становіцца практычна цалкам прысвечаная Беларусі. Бычкоўскі актыўна падтрымлівае арыштаванага Сяргея Ціханоўскага, робіць інтэрв’ю з блогерамі кшталту Мікалая Маслоўскага і Таццяны Мартынавай.

Дзеля справядлівасці скажам, што практычна ўвесь 2020 год Бычкоўскі трымаўся ў ролі назіральніка, робячы нейкія высновы, але не ўмешваючыся ва ўнутраныя працэсы. Але ад пачатку 2021 года ён займае пазіцыю аднаго з актараў беларускага апазіцыйнага жыцця, уносіць разлад у адзінства апазіцыі і не хавае сваіх прыхільнасцяў.

Знаходзячыся ў эфіры ў Вольгі Карач Бычкоўскі заявіў: «Вольга Карач — гэта будучы прэзідэнт Беларусі. У яе асобе я бачу лідара вольнай дэмакратычнай Беларусі, у яе на сёння самая верная і адданая аўдыторыя. Ніякай альтэрнатывы Карач, апроч тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы, які падтрымліваецца ўсёй Польшчай, няма. Вольга ж усё робіць адна, у яе 100-працэнтная палітычная будучыня ў Беларусі».

Вольга Карач. Фота «Дойчэ Веле»

«З усіх шматлікіх лідараў апазіцыі, менавіта Вольга Яўгенаўна Карач выклікае ў мяне найбольшую павагу. Чаму? Першае. Яна сапраўдны палітык! Не хайпажэр, не папуліст, не чалавек з тыднёвай гісторыяй, які з'явіўся з ніадкуль на грэбні рэвалюцыйнай хвалі! У яе ёсць гісторыя, імя і канкрэтныя справы!

Другое. На сёння яна адзіны чалавек, у якой хоць неяк атрымліваецца аб'яднаць супольнасць і апазіцыю! Мала таго, яна валодае па-сапраўднаму магутнай медыйнай пляцоўкай, аказвае рэальную дапамогу пацярпелым ад лукашэнкаўскага тэрору і ў сваіх дыспутах заўсёды прытрымлівацца дакладнай і аргументаванай пазіцыі!

І, нарэшце, трэцяе. На гэты момант Вольга Карач пакуль з'яўляецца адзіным палітыкам, які рэальна здольны арганізаваць перамоўны працэс паміж умоўным Захадам і Крамлём, у абыход Лукашэнкі! А без гэтага палітычны крызіс у Беларусі не вырашыць!

Вынік: Я не магу адказваць за будучыню, але на гэты гістарычны момант менавіта Вольга Яўгенаўна Карач — адзіны беларускі апазіцыйны палітык, які асабіста ў мяне выклікае разуменне, логіку і адэкватнасць у дзеяннях! Упэўнены, так будзе і ў будучыні!» — піша Бычкоўскі на сваёй старонцы «УКантакце».

Складваецца ўражанне, што Бычкоўскі гаворыць тое, што сама Карач не здольная гаварыць праз пэўныя ўмоўнасці.

«Відавочна, што канфлікт паміж Карач і Вячоркам выходзіць на зусім новы ўзровень. Звязана гэта з тым, што брэнд «Ціханоўская» аказаўся цалкам узурпаваны пэўным колам асоб, дзе ў прынцыпе ніяк не ўлічваецца альтэрнатыўны пункт гледжання, у тым ліку і Вольгі Карач», — кажа Бычкоўскі.

Ягоная роля заключаецца ў тым, каб усяляк спрабаваць зменшыць аўтарытэт Ціханоўскай і працаваць на павышэнне рэйтынгу Вольгі Карач. Сам Бычкоўскі гаворыць, што займаецца Беларуссю для таго, каб будучы прэзідэнт Беларусі Карач падтрымала яго кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі. Някепскія амбіцыі для правінцыйнага блогера.

Іншая асоба, якую актыўна піярыў Бычкоўскі, — гэта Ігар Макар, найбліжэйшы паплечнік Карач. Блогер называе былога сілавіка «Джокерам».

«Джокер — той, хто можа імгненна памяняць сітуацыю. Макар — гэта тая асоба, якая можа сканцэнтраваць палітычны пратэст і аб’яднаць вакол сябе сілавікоў. Макар ідэальны ў выкананні ролі тарана. За ім можа пайсці «воўчая зграя» сілавікоў, ён вельмі папулярны ў гэтым асяроддзі», — кажа Бычкоўскі. Пры гэтым адзначае, што палітычнай будучыні ў Макара няма.

Яшчэ адзін сродак інфармацыі, дзе пастаянна ўсплывае Бычкоўскі — гэта «Радыё 97», якое базуецца ў Польшчы.

Ён з’яўляецца ў радыёэфіры амаль штотыдзень, дзе займаецца тым самым — узносіць Карач і б’е па рэпутацыі Ціханоўскай і яе каманды. Такія разборкі ніякай карысці для руху за перамены не нясуць, толькі ўносяць разлад і лішнія сваркі. З боку можа выглядаць, што якраз на гэта ўсё і разлічана.

Глядзі яшчэ: Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?

Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →