Вольгу Залатар — маці пяцярых дзяцей з пасёлка Ждановічы — затрымалі 18 сакавіка. Трэці тыдзень яна знаходзіцца пад вартай, цяпер — у СІЗА на Валадарскага. Паводле інфармацыі Tut.by, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў яе сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.
Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка на МКАД, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС, якія ў той дзень правялі ў доме ператрус. Пасля гэтага яе даставілі ва ўпраўленне на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску, дзе, як сцвярджае Вольга, да яе ўжывалі фізічную сілу, распавёў TUT.BY яе адвакат Андрэй Мачалаў.
— Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы адзначала пра факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе звесткі ў дачыненні да яе. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, распавядала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломлівалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.
Па словах Андрэя Мачалава, ён падаваў хадайніцтва аб выкліку і прыцягненні судмедэксперта, каб зафіксаваць пашкоджанні на целе Вольгі Залатар. Да гэтага часу, па яго інфармацыі, спецыяліст з яго падабароннай не сустракаўся.
— Таксама мы пісалі хадайніцтва следчай, каб яна правяла агляд і апісала пашкоджанні. Гэтага таксама не было зроблена. На маю думку, ёсць спроба ўтаіць сляды прымененых катаванняў.
26 сакавіка Вользе Залатар выставілі абвінавачванне. Ёй ставіцца ў віну стварэнне экстрэмісцкага фармавання — нібыта праз тэлеграм-чат «Ждановічы 2020 — клуб аматараў песень Цоя» яна каардынавала мясцовую пратэсную актыўнасць. У чаце крыху больш за 600 чалавек. Пасля затрымання Вольгі ён працягнуў абнаўляцца.
Сваю віну Вольга цалкам адмаўляе, кажа адвакат.
31 сакавіка суд Партызанскага раёна Мінска разгледзеў скаргу на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, але адхіліў яе. Вольга Залатар застаецца ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
Праваабаронцы 2 красавіка прызналі Вольгу Залатар палітычнай зняволенай.
У жніўні 2020-га Вольга Залатар была назіральнікам на выбарах, пасля 9 жніўня яна стала валанцёрам у лагеры на Акрэсціна. Увосень 2020-га на яе склалі пратакол за чаяванне ў адным з двароў Ждановіч. Тады суд прызначыў ёй штраф. 28 студзеня 2021 года яе затрымалі за дробнае хуліганства, разам з суседкай яна адмывала чорную фарбу з зафарбаванага мурала з выявай Паўла Латушкі. Суд па гэтай справе так і не прайшоў, удакладняе ПЦ «Вясна». Наступны раз жанчыну затрымалі літаральна праз тры дні, калі яна чакала сяброўку каля ўніверсама «Цэнтральны». Тады Вольга некалькі сутак правяла ў ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна.
18 сакавіка затрымалі яе мужа Сяргея Ганкевіча — на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: нібыта ён у абедзенны час вывесіў у акне дома бел-чырвона-белы сцяг. Увечары яго выклікалі да ўчастковага і затрымалі, а на наступны дзень асудзілі на 10 сутак арышту па артыкуле 24.23 КаАП.
Як пазней паведаміла МУС, у дачыненні да Вольгі Залатар распачалі крымінальную справу «за актыўную пратэсную дзейнасць». Па якім артыкуле, у ведамстве не ўдакладнілі. Паводле інфармацыі міліцыі, жанчына была адміністратарам мясцовага дваровага чата і з лета мінулага года арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, «так званых чаяванняў, прагулак, канцэртаў».
Вольга Залатар жыве ў Ждановічах, разам з мужам яны выхоўваюць пяцярых дзяцей ад 4 да 17 гадоў.
Каментары