«Мы былі разам, мы ёсць разам, спадзяюся, мы і застанёмся разам, — расказвае Крысціна Дробыш. — Канешне, гэта складана: нас шмат, мы розныя, прынцыповыя, часам гарачыя і дамовіцца бывае няпроста, але тым не менш нам удаецца.
Цяпер мы самі сабе ўсе і ўсё. Народны ты артыст ці малады акцёр, у цябе вялікі спектр абавязкаў — ад памыць унітаз да зрэжысіраваць спектакль. Бо разумееш, што ёсць толькі ты і твае людзі, і калі вы не зробіце, ніхто не зробіць.
Мы прызвычаіліся, што ты прыходзіш у тэатр, у цябе вісіць касцюм, цябе заплятаюць грымёры, ты адзяваешся і ідзеш на сцэну. Сёння ж калі мы нешта здымаем, хтосьці з нас варыць каву і гарбату, хтосьці адказвае за рэквізіт, хтосьці прасуе касцюмы. І мне здаецца, гэта добра, бо пачынаеш больш цаніць працу іншых людзей. У гэтым нават ёсць нейкая рамантыка — прасаваць кашулю для любімага калегі».
Сёння купалаўцы не могуць ні заняць сталую пляцоўку, ні аформіцца ў юрыдычную асобу, ні пабачыцца з гледачамі. Творчасць калектыву цалкам перайшла ў відэафармат. На жыццё артысты вымушаны зарабляць на іншых працах. Крысціна носіць у заплечніку запасныя майткі і дамову з адвакатам.
«Становішча вымусіла нас стаць больш дарослымі, ініцыятыўнымі і ўважлівымі адно да аднаго, — дзеліцца Міхаіл Зуй. — Я не тое каб здзіўлены, але ўся наша група выклікае ў мяне прыемнае ўражанне.
Мінулы год паказаў, што здольнасці беларусаў да самаарганізацыі моцна недаацэненыя.
Усе зразумелі, што неабавязкова, каб над табой нехта стаяў і аддаваў загады — можна проста разам рабіць агульную справу. Відавочна, гэта няпроста, тым больш у нашых акалічнасцях, расці над сабой увогуле не вельмі камфортны працэс, трэба за валасы цягнуць сябе з дрыгвы. Але ж выцягваеш і нейкі плён гэта дае. Нязвыкла, што калі мы іграем спектаклі, не адчуваем гледача, але гэта не страшна, бо галоўнае ў тым, што цяпер мы робім толькі тое, што нам падабаецца і што нас хвалюе, без аніякай указкі зверху».
Апошнюю думку пацвярджае Яўгенія Кульбачная, якая кажа, што сёння кожны з купалаўцаў можа рэалізаваць свае амбіцыі, якія не мог напоўніцу рэалізаваць у тэатры.
«У кітайскай ёсць іерогліф, які перакладаецца адначасова як магчымасць і як крызіс. У будынку тэатра ў нас было іншае жыццё: ты прыходзіў на працу, як на завод, і ўся гэта сістэма перашкаджала ажыццяўляць мары. Мне здаецца, якраз у крызіс мы атрымалі магчымасць рабіць тое, што хочам. Зараз купалаўцы знаходзяцца ў паспяховым творчым працэсе.
Нас можна назваць рэпертуарным тэатрам на YouTube — мы некалькі разоў на месяц паказваем спектаклі, і сярод іх ёсць зробленыя пасля сыходу. Прычым у нас больш няма «генерала» — ёсць павага, мы з павагай ставімся адзін да аднаго, любім і прыслухоўваемся да старэйшых артыстаў».
«Мы па-ранейшаму падтрымліваем адно аднаго і прывозім лекі, калі нехта хварэе»
«У кожнага, канешне, свая дэпрэсія, але мы не даем адно аднаму рассыпацца. Мы ўвогуле сталі адзін да аднаго пяшчотней ставіцца, — расказвае Дзмітрый Есяневіч. —
Нядаўна ў нас быў чарговы збор, дык на яго прыйшлі амаль усе, хто звольніўся тады з Купалаўскага. Мы не можам выступаць, як паўнавартасная трупа, і вымушаны ствараць відэаспектаклі ды ладзіць анлайн-канцэрты, бо знаходзімся ў чорных спісах.
Нам усё забаронена, калі мяне запрасілі на адну маленькую сцэну, папрасілі назвацца іншым іменем. У некага былі праблемы з дзецьмі ў школе, дзе дырэктар і класная кіраўніца — ябацькі».
Крысціна настрой у трупе апісвае як звычайныя беларускія горачкі ад «пераможам» да «ўсё прапала» і наадварот: «Часам, канешне, накрывае, ты разумееш, што выгараеш, але гэта як у шчэпцы — хтосьці падае, а яго падцягваюць: «Стаяяяць».
Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто цябе падтрымае і ты такі: «О, нармальна, можна жыць далей». Мы прывыклі да таго, што калі ў цябе ў жыцці нешта адбываецца, ты заўсёды знойдзеш прытулак у тэатры сярод сваіх. І трынды тут атрымаеш, і на месца цябе паставяць, калі трэба. І мы па-ранейшаму падтрымліваем адно аднаго, лекі прывозім, калі нехта хварэе.
Адзінае, што не накрывае, гэта сумненні, ці правільна мы зрабілі: усё правільна, безумоўна. Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў будынку тэатра, не думаю, што хтосьці сябе ў ім уяўляе».
«Не было і хвіліны, калі б я думаў, што дарма мы тады сышлі, — кажа Міхаіл. — І не ўяўляю сітуацыі, у якой я пра тое пашкадую.
Сыход, як адрэналін, дазволіў нам мабілізаваць ўнутраныя сілы і адкрыць новыя здольнасці у сабе і калегах — гэта вельмі каштоўна.
Калі мы працавалі ў тэатры, шмат чым былі незадаволены, шмат што хацелася змяніць, але ў тым, каб уплываць на такую вялізную структуру, як нацыянальны тэатр, мы былі абмежаваны. Цяпер у нас ёсць магчымасць рабіць тое, што мы лічым добрым, выпраўляць нейкія хібы і ранейшую інертнасць.
Я адчуваю сябе больш вольным у творчасці. Гэта звязана не толькі з сыходам з тэатра як установы, але і з тым, што моцна змянілася атмасфера ў краіне. Цяпер ты як быццам ужо не маеш права пускаць нешта на самацёк. Зрэшты гэтая свабода ідзе поруч з не заўсёды ўтульным адчуваннем неабароненасці. Канешне, ёсць цяжкасці, але падсвядома ты іх ад сябе хаваеш, бо калі на іх засяродзішся, будзеш у іх занурвацца».
Відэаспектакль «Тутэйшыя», з якім адбылося трыумфальнае «вяртанне» Купалаўцаў пасля звальнення, сёння мае 325 тысяч праглядаў на Ютубе. Потым былі пастаноўкі «Войцэк», «Прыгоды Чыпаліны», «Я», нарэшце, трылогія «Страх» паводле Брэхта.
«Нам вельмі важныя каментары, якія людзі пакідаюць пад нашымі відэа: дастаткова добрага слова ці нават проста сэрцайка, — прызнаецца Крысціна. — Час для ўсіх няпэўны, ты не заўсёды разумееш, у які бок кіравацца, наколькі добра тое, што ты робіш, таму калі атрымліваеш хаця б мінімальны водгук ад людзей, ведаеш, што ідзеш правільным шляхам. Калі няма гледача, няма і сэнсу ў нашым існаванні».
«Узнікла адказнасць перад людзьмі, для якіх наш учынак нешта значыў»
«Нікому тут нічога не патрэбна, як было, так і ёсць, — працягвае Дзмітрый. — Чалавек трыццаць ёсць, якія напішуць добрыя словы ці нешта там падумаюць, мы адчуваем падтрымку, нават на побытавым узроўні, але ж усё працягваецца далей, людзі працуюць, усё ў парадку. Я вось саджу бульбу, а хтосьці не садзіць, хоць і хацеў бы пасадзіць. А самае дзікае, гэта два дні аншлагаў на канцэртах «Рукі ўверх».
Усе тэатры, я лічу, сябе паказалі. Купалаўскі, Новы драматычны, драматычны тэатр у Горадні — астатнія працуюць, скачуць і танцуюць. Мяне тэатральнае жыццё ў Мінску зараз увогуле не цікавіць, я нават радыё са жніўня не слухаю, у машыне ўжо дзевяць месяцаў круціцца адзін і той жа дыск».
«Я, шчыра кажучы, не магу хадзіць у нашы сённяшнія тэатры на прэм’еры, нават калі яны добрыя, — сугучна ў Крысціны. — Я з павагай стаўлюся да калег і іх працы, але мне здаецца, цяпер не час ні для такой працы, ні для паходаў у тэатр».
Чаму, нягледзячы на ўсе складанасці, Купалаўцы не разышліся ў розныя бакі? «Можа, праз тое, што нам забаронена працаваць, мы і не разышліся: у нас няма іншага выйсця, акрамя як трымацца адно аднаго і клапаціцца адзін пра аднаго, — адказвае Міхаіл. — Да таго ж у Купалаўскім была асаблівая атмасфера, для нас ён заўсёды быў нечым большым, чым проста месца працы. Гэта была нейкая форма сям’і і звальненне яшчэ больш збіла нас у адзін камяк. У нас не было нават думкі разбегчыся, да таго ж узнікла адказнасць перад людзьмі, для якіх гэты ўчынак нешта значыў.
Мінулай вясной, калі праз каранавірус не было працы, ты проста з’язджаў на лецішча і не клапаціўся пра тое, як там тэатр. Зараз ты так зрабіць не можаш, бо для таго, каб гэты мячык каціўся далей, патрэбны высілкі кожнага з нас».
«Калі на вуліцы людзі кідаюцца да мяне і кажуць, якія купалаўцы неверагодныя, бывае, са слязьмі на вачах, я разумею, што мы сапраўды зрабілі нешта важнае, —
кажа Яўгенія. — Можа быць, наш учынак і наша творчасць даюць некаму сілу і веру ў тое, што праўда пераможа. Можа быць, дзякуючы нам нехта задумаецца, што ён сам можа зрабіць, — напісаць ліст палітвязню альбо скласці верш пра свабоду. Людзі падтрымліваюць нас тым, што намі ганарацца. Мы сыходзілі з адной думкай, і яна нас дагэтуль трымае разам, мы ж ад сваёй грамадзянскай пазіцыі не адмаўляемся. Заўжды казалі, што купалаўцы — гэта вялікая сям’я. А традыцыі тычацца не будынка, а людзей».
А дзевятнаццатай гадзіне 23 мая на канале каманды адбудзецца прэм’ера «вольнага» варыянта візітоўкі ранейшага Купалаўскага тэатра — спектакля «Паўлінка».
Каментары