Фота сірыйскага ўцекача з сінякамі на твары абляцела інтэрнэт. Ён сцвярджае, што яго збілі беларускія вайскоўцы на мяжы
37-гадовы Юсэф Атала з Сірыі расказвае, як разам з іншымі патрапіў у пастку між Польшчай і Беларуссю і думаў, што так і памрэ ў лесе, без ежы і вады, не здольны дыхаць носам, які яму зламаў беларускі вайсковец. Што перажыў ён і іншыя мігранты, якім удалося дабрацца да лагера ўцекачоў у Беластоку, піша Reuters.
Юсэф легальна прыляцеў з Масквы ў Беларусь, далей кантрабандысты ў мінібусе давезлі яго да мяжы.
«Ля мяжы вайскоўцы, якія суправаджалі нас, прымусілі нас стаць на калені, вось так, склаўшы рукі за галавой, і адзін з іх нагой выцяў мяне па твары. Я згубіў прытомнасць на некалькі хвілін. Ён зламаў мне нос, зламаў костку тут (верхнюю сківіцу), мае вочы ацяклі».
Іншы ўцякач, з Афганістану, які не захацеў называць свайго імя, дадае:
«Беларускія жаўнеры прымушаюць і самі дапамагаюць мігрантам перайсці мяжу».
З яго слоў, вайскоўцы пры гэтым спасылаюцца на загад на дзяржаўным узроўні. Гэты афганец, які ўцякае ад талібаў, згадвае, як штоночы беларускія вайскоўцы забіралі 30-40 чалавек, каб праштурхоўваць тых праз мяжу.
«Мы казалі ім, што хочам вярнуцца ў Мінск, мы не хочам працягваць гэтае падарожжа, ‒ кажа сірыец Атала. — Яны сказалі нам, што ніякага Мінску для нас. Проста ідзіце ў Польшчу».
«Яны правяраюць мяжу, і, калі з таго боку нікога няма, даюць людзям балтарэз і прымушаюць праразаць сабе ход праз агароджу», ‒ расказвае афганец.
Яшчэ адзін сірыйскі бежанец дадае, што часта беларускія вайскоўцы самі робяць дзюркі ў памежнай агароджы, запускаючы мігрантаў у Польшчу ці ў Літву.
Нягледзячы на ўсе перажытыя пакуты, уцякач з Афганістана глядзіць з аптымізмам у будучыню, дабраўшыся да Еўрапейскага Саюза.
«Я адчуваю сябе больш у бяспецы цяпер. Упэўнены, што змагу зрабіць добрую кар’еру тут, а мой сын атрымае добрую адукацыю — яго чакае бяспечнае жыццё».
Каментары