«Ён усім дзякаваў за падтрымку». Бацька сустрэўся з палітвязнем Сцяпанам Латыпавым
Мінскі гарадскі суд 16 лістапада пакінуў без зменаў прысуд палітвязню Сцяпану Латыпаву. 17 лістапада з ім сустрэўся бацька ў мінскім СІЗА № 1 на Валадарскага, піша Радыё Свабода.
«Усё дзейства (разгляд апеляцыі) заняло каля 35 хвілін, зь якіх 20 хвілін «раілася» судовая калегія, — сказаў бацька палітвязня Сяргей Латыпаў пра разгляд апеляцыі на прысуд. — Каментаваць тут няма чаго. Усё было перадвызначана загадзя, і апеляцыя ўсяго толькі судовая фармальнасць. Ілюзій ніхто не меў. Цяпер у нашай краіне такая судовая практыка пастаўлена на канвеер».
Сёння Сяргей Латыпаў меў сустрэчу ў СІЗА з сынам, якая цягнулася гадзіну. Размаўлялі, як звычайна, праз тэлефон.
«Сьцяпан выглядае нармальна, упэўнена, спакойна. Рыхтуецца да этапу ў калонію. Усё неабходнае ў яго ёсць, — кажа Сяргей. — Мы абмяркоўвалі асабістыя пытанні. Ён усім дзякаваў за падтрымку, лісты, пасылкі і грашовыя пераводы». У якую калонію накіруюць Сцяпана Латыпава, пакуль невядома.
Сцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь. Яго абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: 342-га («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), 363-га («Супраціўленне супрацоўніку міліцыі») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства ў асабліва буйным памеры»). Падчас суда 1 чэрвеня Сцяпан Латыпаў спрабаваў забіць сябе — ён уваткнуў асадку сабе ў горла. Пасьля гэтага палітвязня прааперавалі ў адной з бальніц.
Каментары