Грамадства

«Спісы спускае КДБ». Чытачы з усёй краіны паведамляюць пра новыя «палітычныя» звальненні

Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі даўно ўвайшлі ў практыку працоўных адносін. Толькі пасля пратэстаў у 2020 годзе яны набылі небывалы маштаб. Кантракты могуць не працягнуць не толькі з тымі, хто быў асуджаны па «палітычным» адміністрацыйным артыкуле, але і з людзьмі, якія «не так» паводзяць сябе ў сацыяльных сетках ці проста аддалі ў свой час подпіс у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты. Пра такія выпадкі «Нашай Ніве» паведамілі дзясяткі беларусаў з розных куткоў краіны.

Фота: 1prof.by

Мы не публікуем звесткі людзей у мэтах бяспекі. Але доказы іх датычнасці да згаданых прадпрыемстваў ёсць у рэдакцыі.

БДУ: «Нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца»

У Свабодным прафсаюзе супрацоўнікаў БДУ нам расказалі, што ў БДУ ходзяць спісы на звальненне з «нядобранадзейнымі грамадзянамі». Туды трапілі тыя, хто затрымліваўся па артыкуле 23.34 (дзейны 24.23 КаАП), актывісты прафсаюза і проста «падазроныя» супрацоўнікі. Сярод іх і тыя, хто аддаваў подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, члены ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

«Такім супрацоўнікам ці нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца. Спісы на звальненне нібыта спускае КДБ: адзін чалавек бачыў такі спіс у руках свайго начальніка. Нам пакуль вядома пра 12 выпадкаў звальнення ў розных падраздзяленнях БДУ.

Кіраўніцтва прапануе звальняцца па пагадненні бакоў, і тады характарыстыка будзе добрая. Або «будзем звальняць па артыкуле і з дрэннай характарыстыкай». Выкладчыкаў, дарэчы, пакуль не чапаюць — відаць, трэба закрыць сесію», — распавялі ў прафсаюзе.

На жаль, гэтым самым спісам на звальненне з намі падзяліцца ніхто не змог. Прарэктар па бяспецы і кадрах БДУ Яраслаў Чаркаскі, які, як лічыцца, мог быць абазнаны ў тэме, перанакіраваў нас у прэс-службу БДУ. Там, у сваю чаргу, лаканічна паведамілі: «Усе кадравыя пытанні не выходзяць за межы нарматыўна-заканадаўчай базы».

Брэсцкая судмедэкспертыза: «Людзі самі сышлі»

Як нам ананімна паведаміў адзін з чытачоў і па сумяшчальніцтве былы супрацоўнік камітэта судовых экспертыз, хваля звальненняў у іх структуры прайшла ў пачатку лістапада.

«Папрасілі» напісаць заявы на звальненне каля 14 экспертаў. Галоўным чынам — медыкаў. Так звольніліся судова-медычны эксперт, два эксперты-медыкі з аддзела агульных экспертыз, эксперт-біёлаг, эксперт-псіхіятр, судмедэксперт з Драгічына, кіроўца з Кобрынскага міжраённага аддзела, эксперт-хімік з Пінска.

Фота: sudexpert.gov.by

Цяпер звальняецца эксперт-медык з Маларыты. За што, наўпрост ніхто не кажа. Проста просяць напісаць заяву па пагадненні бакоў, інакш пагражаюць, што падключаць КДБ і тады, магчыма, не проста звольняць, але і завядуць крымінальную справу», — распавёў экс-супрацоўнік.

Судова-медычны эксперт, пра якога кажа наш суразмоўца, сапраўды, больш не працуе ў камітэце судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці. На пытанне, чаму ён і яшчэ дзясятак экспертаў былі звольненыя, нам там коратка адказалі: «Людзі самі сышлі». Чаму — «невядома».

Былы супрацоўнік камітэта таксама паведаміў, што замену звольненым яшчэ не знайшлі: нібыта нагрузку пераразмяркоўваюць паміж тымі, хто застаўся. У камітэце пацвердзілі: набор кадраў вядзецца.

Частка вакансій у камітэт судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці

Кіраўніцтва «Магілёўліфтмаша»: «Звальненні — гэта поўная лухта»

Аптымізацыя кадраў ідзе і на «Магілёўліфтмашы». Як нам паведамілі супрацоўнікі, не працягваюць кантракт тым, у каго ён павінен скончыцца найбліжэйшым часам.

Прычым гаворка ідзе не пра шараговых спецыялістаў, а пра інжынераў-канструктараў з салідным стажам, напрыклад, ды начальнікаў бюро. 

Фота: liftmach.by

«Адзінае тлумачэнне такіх паводзінаў кіраўніцтва — прабіраць тых, хто аддаў свой подпіс за дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2020 года», — каментуе адзін з супрацоўнікаў.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Мікалай Міхаленя, праўда, усё гэта адмаўляе. «Гэта поўная лухта», — сказаў ён і кінуў слухаўку.

Актуальныя вакансіі на прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш»

Інстытут метралогіі: «Не з'яўляецца прадметам для дыскусіі»

Падобны адказ мы атрымалі ў Інстытуце метралогіі. «Не адпавядае рэчаіснасці і не з'яўляецца прадметам для дыскусіі. Да пабачэння», — пракаментаваў дырэктар Валерый Гурэвіч. 

Разам з тым адзін з былых супрацоўнікаў, які падтрымлівае сувязь з сённяшнім калектывам, сцвярджае, што з вясны ў інстытуце было звольнена каля 60 чалавек. 

«Нібыта прыйшлі спісы вылічаных па білінгу: людзей выклікаюць да кіраўніцтва і просяць тлумачыць, чаму яны знаходзіліся ў месцах пратэстаў. На вуліцы ў выніку аказваюцца ўнікальныя спецыялісты, якім няма замены, — кажа былы супрацоўнік. —Навукоўцы-захавальнікі нацыянальных эталонаў. Замену такім кадрам рыхтуюць гадамі, але найчасцей яе проста няма. Частку працы заткнулі былымі студэнтамі на размеркаванні, але гэта проста прыкрыццё пустэчы».

«Гомсельмаш»: свежых вакансій — больш за сотню

Каментар Рэдакцыі: тут была надрукаваная гісторыя Дзмітрыя, які прадставіўся былым супрацоўнікам «Гомсельмаша». Яна аказалася выдуманай героем. Ён таксама сфальсіфікаваў доказы таго, што мае дачыненне да прадпрыемства, калі размаўляў з журналістам.

Прыносім выбачэнні чытачам. Надалей мы будзем яшчэ больш пільна правяраць крыніцы інфармацыі.

Фота: agronews.com

На прадпрыемстве з намі адмовіліся размаўляць. Але, мяркуючы па вакансіях, кадравы голад там назіраецца: шукаюць ахвотных і на пазіцыі машыніста, і на фрэзероўшчыкаў, токараў, слесараў і многіх іншых. Актуальныя больш за сотню вакансій.

***

Таксама «Нашай Ніве» паведамілі пра кропкавыя палітычна матываваныя звальненні ў сталічных дзіцячых садах Упраўлення адукацыі Савецкага раёна, на прадпрыемстве «Белэнергасецьпраект», «Мінскводаканал», у Камянецкім райвыканкаме і Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, Нацыянальным інстытуце адукацыі, Цэнтры дадатковай адукацыі ў Белаазёрску, у некаторых бальніцах.

Неафіцыйныя прычыны ўсё тыя ж — затрыманні за ўдзел у пратэстах, подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах, а таксама падпісанне петыцый з крытыкай дзеянняў улады, кантэнт з нацыянальнымі сімваламі ў сацыяльных сетках.

Калі камусьці з чытачоў трапяцца на вочы так званыя спісы на звальненне, якія многія цяпер абмяркоўваюць, просім даслаць фота ў бот «Нашай Нівы» ў тэлеграме (ананімнасць гарантуецца).

Каментары

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →