Грамадства

«Праз месяц атрымаў першы заказ — заплацілі 150 даляраў». Былы ўчастковы кінуў міліцыю і працуе ў ІТ

У былым Іван Колас участковы. Пяць год ён працаваў у гомельскай міліцыі, а пасля выбараў сышоў з прафесіі. Перавучыўся на айцішніка і ўладкаваўся ў кампанію па распрацоўцы гульняў. Колькі зарабляў участковым, чаму мала міліцыянтаў звальняецца, як за месяц трапіць у ІТ і пра што шкадуе — пагаварылі з хлопцам пра яго жыццё да і пасля выбараў.

«Размеркавалі метадыстам у Ветку»

У ІТ Іван мог патрапіць яшчэ раней. Пасля школы ён год правучыўся на спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» Гомельскага ўніверсітэта. Але далей не змог — прафесійна займаўся хакеем, гульні і трэніроўкі выпадалі на сесію. Хлопец забраў дакументы і перайшоў на факультэт фізічнай культуры.

«Я вучыўся на бюджэце, і мяне размеркавалі метадыстам у Ветку, — згадвае Іван. — Заробак там 100-150 даляраў — далёка не салодкае месца. І гэта яшчэ не самы горшы варыянт быў. Я пачаў шукаць альтэрнатыву, і мне прапанавалі пайсці ў міліцыю.

У Ветцы не хацелі мяне адпускаць. Расказвалі, як нядоўга на аўтобусе да іх кожны дзень ездзіць (гэта 10 кіламетраў ад Гомеля). Мне трэба было 6 ліпеня ў вучэбку прыязджаць, а адмацавальны ліст я атрымаў толькі 5-га».

Так хлопец стаў участковым. Разбіраўся з аліментшчыкамі, п’янымі скандалістамі, хадзіў з камісіяй па праблемных сем’ях. Заробак — ад 1000 да 1300 рублёў. Плюс часам раз у квартал прэмія — рублёў 350.

«Раз вы надзелі пагоны, значыць, павінны галасаваць за Лукашэнку»

У 2020-м за паўтара месяца да выбараў міліцыянтаў пачалі рыхтаваць да разгонаў пратэстаў.

«Кожны тыдзень збіраліся, адпрацоўвалі пастраенні, нас вучылі, як трэба біць людзей, як затрымліваць. І з ідэалагічнага пункту гледжання апрацоўвалі, казалі: раз вы надзелі пагоны, значыць, падтрымліваеце ўладу, павінны галасаваць за Лукашэнку. Навязвалі: калі вы не згодныя, здымайце форму і сыходзьце.

Насамрэч я сам не чакаў, што такое будзе, для мяне была шокам жорсткасць сілавікоў. Чаму іх так захліснула лютасць? Многія былі раззлаваныя, што не ідуць дадому, а даводзіцца пратаколы складаць, затрымліваць.

Хлопцы, якія не ўмеюць фільтраваць інфармацыю і самі па сабе агрэсіўныя, канечне, пераступалі парог. Але ў Гомелі было ўсё не так страшна, як у Мінску».

У дзень выбараў Івана ў белай кашулі адправілі патруляваць парк. Гарадскія ўлады не чакалі, што на вуліцы выйдзе столькі народу. Пасля міліцыянтаў перакінулі на плошчу Паўстання, дзе сабраліся пратэстоўцы. Затрыманых людзей Іван вёў у бок аўтазака і адпускаў.

«Рабіў гэта схавана, бо калі б такое пабачылі, думаю, у СІЗА паехаў бы ў гэты ж дзень. Там хапалі ўсіх без разбору, таму я стараўся развярнуць людзей, пераканаць іх не ісці на плошчу.

Я не бачыў, каб хтосьці яшчэ адпускаў затрыманых. Былі тыя міліцыянты, хто проста баяўся, — што натоўп іх паб’е. Таму яны нехаця рабілі ўсё ў апошні момант».

На наступны дзень Івана пакінулі ў РУУС, складаць пратаколы на затрыманых.

«10 жніўня для мяне стала вырашальным — я ўбачыў, што ў супрацоўнікаў міліцыі знесла дах, і трэба з гэтым нешта рабіць. У РУУСе людзі на каленях стаялі ці ляжалі на жываце. Наручнікаў на ўсіх не хапала. Нікому не давалі ўстаць з падлогі, нават позы мяняць не дазвалялі. Я ў той дзень быў сам не свой. Стараўся ўмешвацца, аслабляць кайданкі.

Мы ўсе паставілі ВПН. Нашай галоўнай крыніцай інфармацыі быў «Нехта». Кіраўнікі пра сітуацыю ў краіне казалі суха: там крыху пратэстуюць, але мы спраўляемся», — згадвае хлопец.

«З нашага аддзялення звольнілася недзе каля 10 чалавек»

11 жніўня ва ўчастковага быў выходны. А 12-га, калі трэба было выходзіць на працу, ён выклаў відэазварот: назваў Ціханоўскую прэзідэнтам і папрасіў сілавікоў не прымяняць зброю.

Праз паўгадзіны да яго прыехалі з міліцыі — хацелі зайсці пагаварыць, забраць жэтон і пасведчанне. Хлопец не стаў адкрываць, скінуў усё з балкона. А пазней у той жа дзень разам з жонкай Настассяй з’ехаў ва Украіну.

«Што мяне яшчэ падштурхнула запісаць відэа: былі адзінадумцы ў РУУС, і я падумаў, што па Беларусі такіх хапае, хто проста баіцца зрабіць першы крок. Канечне, крыху не апраўдаліся мае чаканні. Я думаў, на бок народу будуць пераходзіць у большым маштабе.

З нашага аддзялення звольнілася недзе каля 10 чалавек, наколькі ведаю. Гэта вельмі мала — у нас 250 супрацоўнікаў было. З некаторымі ўчастковымі інспектарамі я падтрымліваю сувязь. Яны чакаюць сканчэння кантракту і будуць сыходзіць. У многіх жа грашовыя абавязкі. 

Напрыклад, за Акадэмію МУС, калі адразу звальняцца, 45 тысяч беларускіх рублёў трэба будзе выплачваць. Кантрактныя — сем тысяч. Калі сума за вучобу змяншаецца паступова, то кантрактныя не. Нават калі ў апошні дзень сыходзіш, усю суму вярнуць трэба. А грошы ж звычайна ўжо патрацілі — машыну, тэлефон купілі. 

Унутраны клімат у міліцыі такі, што ў гэту структуру я ніколі не вярнуся. Цябе прыніжаюць, абражаюць на ўсіх стадыях. Павагі аднога да аднаго там няма. Тое, што кажуць пра міліцэйскае братэрства, — ды лухта гэта. Хіба цяпер крыху згуртаваліся, бо зразумелі, што нарабілі, і ім трэба пры гэтай уладзе неяк жыць».

«Па 8-10 гадзін траціў на навучанне»

У Кіеве Іван задумаўся аб змене прафесіі, бо яшчэ падчас працы ў міліцыі яму падабалася відэаздымка і мантаж.

«Гэта было маім хобі, я прыглядаўся да гэтага, бо не збіраўся звязваць сваё жыццё далей з міліцыяй, — гаворыць Іван. — Яшчэ калі толькі ішоў участковым, думаў, там трэба глядзець за правапарадкам, абараняць невінаватых. А потым зразумеў, што яны не па такой сістэме працуюць: ім патрэбны справаздачы, статыстыка. Раней я разглядаў варыянт у адвакатару пайсці, але бачым, як там цяпер усіх душаць і пазбаўляюць ліцэнзіі».

Хлопец звярнуўся да беларускай ініцыятывы, якая дапамагае з працаўладкаваннем. Атрымаў ментара па моушн-дызайне і засеў за вучобу. 

«Прыкладна праз месяц я змог узяць сваю першую фрыланс замову. 150 даляраў заплацілі.

Каб прыйсці да такога выніку, я кожны дзень без выходных праходзіў курс, — дзеліцца гамяльчук. — Для мяне гэта было як праца — я па 8-10 гадзін траціў на навучанне. Я быў у Кіеве амаль месяц і горада не бачыў. Максімум Хрышчацік, нават у Кіева-Пячорскую лаўру не хадзіў.

Разумеў: калі цяпер не навучуся, на што буду далей жыць? Я ж з жонкай з’ехаў, адказнасць за дваіх людзей нясу».

У верасні 2020-га Іван пераехаў у Польшчу. Кажа, яму тады Украіна не здавалася бяспечнай, хваляваўся, што ў выпадку чаго яго могуць выдаць.

«Адзінае, пра што шкадую, што не сышоў 9 жніўня»

Іван асеў у Лодзі. Працуе ў кампаніі, што распрацоўвае гульні. Займаецца 2D і 3D-анімацыяй.

«Мне гэты від дзейнасці вельмі падабаецца. Я ў адпачынку сумую па працы — такога ў міліцыі ніколі не было. Вывучаю персанажную анімацыю, хачу ў «Дыснэй», «Піксар» патрапіць.

Калі мяне бралі на працу, наймальніку спадабалася, што я за два месяцы дасягнуў вельмі шмат. Я добра зрабіў тэставае заданне для іх — не паверылі, што сам выконваў.

У ІТ-індустрыі часта глядзяць не столькі на твае навыкі валодання праграмамі (hard skills), сколькі на soft skills — тваё стаўленне да калектыву. У мяне з гэтым праблем няма, я дастаткова камунікабельны, змог скарыць наймальніка на сумоўі.

У мяне на старонцы ў LinkedIn было пазначана, што я працаваў у міліцыі і перавучыўся. Мяне па відэа пазналі. Магчыма, гэта таксама ролю адыграла пры працаўладкаванні».

Жонка Настасся раней была выкладчыцай у музычнай школе, працавала там па размеркаванні. Цяпер таксама ў ІТ, перавучылася на маркетынгавага мастака. 

«У іншай фірме працуе — мы канкурэнты, — усміхаецца хлопец. — Нам пашанцавала ўдвух уладкавацца ў крутыя беларускія кампаніі».

Разам яны вучацца ў Варшаўскім універсітэце на паліталогіі. Паступалі па праграме Каліноўскага. Выбар спецыяльнасці быў простым — пайшлі на факультэт, дзе гатовы былі узяць іх абаіх.

«Многія, гледзячы на наш прыклад, няправільна ацэньваюць высілкі, якія трэба прыкласці для ІТ. Калі чалавек думае, што па гадзіне ў дзень будзе выдаткоўваць на вучобу і праз некалькі тыдняў пачне браць замовы, то памыляецца.

З хлопцаў, якія са мной вучыліся па праграме Каліноўскага, многія натхніліся маім прыкладам, але пакуль ні ў кога не атрымалася. 

У індустрыі плацяць добрыя грошы, але не за проста так. Трэба вельмі шмат шчыраваць. Я за год кучу курсаў дадатковых прайшоў і дагэтуль вучуся. ІТ якраз пра гэта — нават калі цябе ўзялі на працу, нельга спыняцца, трэба павышаць свой навык, бо індустрыя заўсёды мяняецца».

Пра расставанне з міліцэйскай формай Іван не шкадуе.

«Адзінае, пра што я шкадую, што не зрабіў гэта 9 жніўня. Але да гэтага рашэння таксама трэба было саспець. Калі тыя падзеі адбываліся, я разумеў, што з аднаго боку служба, а з іншага — калегі няправільна дзейнічаюць. Ёсць закон і чалавечыя нормы маралі, якія нельга пераступаць».

Каментары

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →