Ад рэдакцыі

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Дар’я Лосік

Гэта быў не самы відавочны выбар не самага простага года.

Фота з праекта Шуры Піліповіч-Сушчыц «Скрадзеныя людзі»

2020-ы быў годам вялікай надзеі. 2021-ы стаў годам бясконцага гора, невычэрпных слёзаў, разбураных сем’яў, паламаных лёсаў, бясконцай фрустрацыі і апантанага чакання.

Сістэма не шкадуе ні жанчын, ні дзяцей, ні нават дзяцей з разумовымі адхіленнямі. І дзяцей яна шантажуе затрыманымі матулямі.

Амаль тысяча палітвязняў. Гэта толькі тыя, каго прызналі такімі праваабаронцы. Але ахвяр, зламаных лёсаў — дзясяткі, сотні тысяч. Дзеці без бацькоў. Бацькі без дзяцей. Самотная 83-гадовая Алена Міронаўна Ашурак: адзін сын у магіле, другі — у выгнанні. Маштаб новай нацыянальнай трагедыі мы яшчэ не ў стане ахапіць.

Улада хоча, каб народ маўчаў. І каб баяўся. І каб ніякай салідарнасці з тымі, каго збілі, растапталі, нават забілі. Праўладныя Telegram-каналы рагочуць з прыніжаных, пабітых, запужаных людзей. Міліцыянты, вайскоўцы, памежнікі закалыхваюць сваё сумленне: «Часам не да законаў».

За словы даюць тэрміны, якія не даюць за забойства з расчлянёнкай. Судзяць закрытымі судамі, са схаванымі сведкамі, адвакаты — пад падпіскай аб неразгалошванні.

Баранавіцкаму блогеру Ігару Лосіку за яго папулярны блог «Беларусь галаўнога мозга» далі 15 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Лосіка абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варажнечы. Затрымалі ж яго 25 чэрвеня 2020 года — яшчэ да масавых пратэстаў.

«Я абяцала Ігару быць побач»

Суд над Ігарам пачаўся 24 чэрвеня 2021 года, ён праходзіў у Гомельскім СІЗА ў закрытым рэжыме. Гэта быў доўгі працэс, што вымотваў.

Дар’я жыве ў Баранавічах. Да Гомеля — больш за 400 км, пяць гадзін на машыне. Але амаль кожны дзень працэсу яна стаяла пад сценамі СІЗА, дзе судзілі яе мужа. На пытанні журналістаў, навошта гэта, яна адказвала: бо я абяцала Ігару быць побач.

Гісторыя неверагоднага кахання, самаадданасці, найвышэйшага паклікання, звышчалавечага, неверагоднага.

Паўгода ў СІЗА Ігар трываў здзекі і катаванні. Катаваннем сталі ўжо самі абсурдныя абвінавачанні. Разуменне, што ты ў кафкіянскім сне і нічога не можаш з гэтым зрабіць, бясконцае бяспраўе, немагчымасць змагацца за сваю чалавечую годнасць і свабоду, падказвалі адчайныя рашэнні. Бо вельмі абмежаваны набор інструментаў у свеце, дзе «не да законаў».

«Я раскажу вам, што такое каханне»

Ігар трымаў галадоўку больш за 40 дзён. Дар’я далучылася.

— Мой муж галадае, чаму я павінна працягваць жыццё ў нармальным рэчышчы, калі яму жахліва дрэнна? — тлумачыла яна журналістам.

— Такім чынам вы зможаце дагрукацца? — пыталіся ў яе.

— Я не ведаю. Засталося занадта мала спосабаў, якія можна спрабаваць, таму цяпер я спрабую ўсё магчымае.

На пытанне, ці не страшна ёй, Дар’я адказала, што за сябе не страшна.

Страшна ёй было, калі Ігар парэзаў сабе рукі ў прысутнасці следчага, бо яму дадалі новае абвінавачванне. Пасля гэтага ён абвясціў ужо сухую галадоўку.

Дар’я запісвае відэазварот.

«Мяне завуць Дарʼя Лосік. Я жонка палітвязня Ігара Лосіка», — гэтыя словы пачуў увесь свет.

Дар’я не сядзіць на самоце ў слязах. Яна дзейнічае. Усё, што ў яе ёсць, — словы.

«Свайго адзінага каханага я вам забраць не дазволю. Я гатовая змагацца за Ігара да канца», — кажа яна і прапануе Лукашэнку сустрэцца.

«За маёй спінай няма сотняў тысяч сілавікоў. Ёсць толькі мой муж, разбітае сэрца і абсалютна чыстае сумленне. Дык давайце ж сустрэнемся, і я раскажу вам, што такое каханне».

Лукашэнка не захацеў пра гэта слухаць.

Асобы 2021 года

Дар’я не маўчыць, яна б’ецца за жыццё і свабоду мужа. Сваёй мужнасцю і самаадданасцю яна выклікае захапленне.

Перад прысудам яна запісвае новы зварот. Зноў звяртаецца да Лукашэнкі: «Дакажыце, што вы не баязлівец», і абяцае, што не будзе збягаць і хавацца за мяжою.

Дар’я Лосік — адна з тысяч родных палітвязняў. Яны нясуць цяжар душэўнага болю, матэрыяльных цяжкасцяў, побытавых праблем, выпрабоўваюцца пакутамі адчаю, надзеі і чакання. Яны павінны быць моцнымі на мяжы чалавечых магчымасцяў. Яны ўсе — Асобы 2021 года.

Слова, салідарнасць і каханне — іх зброя.

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →