29 гадоў таму ў адзін цудоўны жнівеньскі дзень я знянацку апынуўся ў скуры (дакладней — у кірзавых ботах) без пяці хвілін акупанта. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
29 гадоў таму ў адзін цудоўны жнівеньскі дзень я знянацку апынуўся ў скуры (дакладней — у кірзавых ботах) без пяці хвілін акупанта. Пайшла пагалоска, што наша паднятая па трывозе дывізія ідзе на Польшчу.
Так яно было ці не, схавана пад покрывам вайсковай таямніцы. Найхутчэй што проста адпрацоўваўся манеўр на ўсялякі пажарны (бо страйкавы пажар у суседняй краіне толькі пачынаў разгарацца). Але версія пра «інтэрнацыянальную дапамогу» ўспрымалася на поўным сур’ёзе. Пра забурэнні ў Польшчы шмат гаманілі ў тыя дні «варожыя галасы». Мы патаемна трымалі ў казарме кароткахвалевую «Селену» і менавіта тады пачулі пра Валенсу ды іншых лідэраў страйкавага руху.
…Інтрыга абарвалася, калі непадалёк ад польскай мяжы ахутаную чадам калону так жа раптоўна павярнулі назад. Рэшту збораў мы прабавілі цалкам камфортна. Пераважна ўжывалі чарніла «Абрыкосавы водар» у кустах ля стрэльбішча ды парадыйна спявалі «Красная армия всех сильней».
Пазней я прачытаў, што ў 1980—81 гадах планы інтэрвенцыі сапраўды былі. Роля генерала Ярузельскага трактуецца па-рознаму. Адны сцвярджаюць, што ён сам заклікаў Крэмль увесці войскі, але дзяды з палітбюро ўжо апякліся на Афгане ды баяліся заходніх санкцый, тым часам як цана нафты падала. Іншыя лічаць, што менавіта Ярузельскі, увёўшы вайсковае становішча, уратаваў краіну ад сцэнару Венгрыі-56 ды Чэхаславакіі-68.
Так ці іначай, я ўдзячны лёсу, што гэтая чаша мяне абмінула. Некалі дзядзька Косця, былы танкіст, распавядаў, як іх кінулі ў 1956-м на Будапешт. І хоць асабіста ён нікога не забіваў і не трушчыў тракамі, цяжкі асадак ад таго, як глядзелі мадзьяры на савецкіх салдат, застаўся на ўсё жыццё.
З тых вайсковых збораў 80-га я стаў пільна сачыць за польскімі падзеямі. Ды і ўся адносна палітызаваная частка беларускага грамадства старалася атрымаць пра сітуацыю там трохі болей адэкватнае ўяўленне, чым як з артыкулаў у «Правде». На ўсялякіх адзіных палітднях масу таксама грузілі адпаведнай прапагандай: маўляў, узняла галаву контра, пад пагрозай сацыялістычныя заваёвы! Праўда, некаторыя выступоўцы з райкамаў нефармальна дадавалі: ды ў іх там савецкай улады, сапраўднага (як у СССР) сацыялізму і не было ніколі, яны заўжды на Захад, у капіталізм глядзелі!
Зараз раблю выснову, што тыя прапагандысты па-свойму мелі рацыю.
Важны момант: у палякаў за часамі ПНР не паспелі адбіць смак да прыватнай уласнасці. Вёска заставалася пераважна аднаасобнай. Было багата прыватных крам і г.д. Беларусам жа масава зрабілі калгасную, саўкова-утрыманскую прышчэпку. Уся філасофія: рабіць абы з рук ды цягнуць, што кепска ляжыць.
Акрамя таго, многія былі шчыра ўдзячныя савецкаму ладу, перабраўшыся з-пад саламяных стрэх у гарадскія кватэры з цёплымі прыбіральнямі і гарачым душам. З такіх учарашніх вяскоўцаў, што саромеліся «дзеравенскай» мовы, лічы, і склаўся пасляваенны Мінск. На гэтай жа ментальнай глебе, угноенай афіцыйнымі медыямі, пазней вырас недавер абываталя да нацыянальнага дэмакратычнага руху: маўляў, дай ім уладу, дык будуць толькі муштраваць іспытамі на беларускасць!
Мне, канечне, нагадаюць пра зорныя часы, калі пад апазіцыйныя штандары выходзілі па некалькі дзясяткаў тысяч. Так, але, па-першае, уплыў быў даволі хутка страчаны, а па-другое, і на піку гэтага ўплыву пагроза рэжыму не дасягала такой ступені, каб ён спалохаўся ды згадзіўся на нейкі круглы стол (гульні 2000 года ў «дыялог грамадска-палітычных сіл» не лічым). У Польшчы ж круглы стол стаў вынікам фактычнага парытэту сілаў (і бясспрэчнай маральнай перавагі апазіцыі).
Канечне, у беларускай апазіцыі вялікі рэестр памылак, але ў прынцыпе яна, бадай, проста не магла скочыць вышэй за пояс.
Драма Беларусі — у тым, што камуністычная сістэма даволі паспяхова рэалізавала тут эксперымент па стварэнні «гома саветыкуса».
Таму незалежнасць далёка не ўсе нават асэнсавалі (не толькі ў 91-м, але і дасюль), не кажучы ўжо пра масавае змаганне. І за Лукашэнку ў 94-м галасавала найперш саветызаваная маса, ахопленая настальгіяй па светлай мінуўшчыне. Культавая кілбаса па 2.20 асацыявалася менавіта з застойным саўком. Адбыўся гістарычны рэванш. Не поўны, і нават хутчэй ілюзорны, але краіна тармазнулася на паўтара дзесяцігоддзі.
Польскія рабацягі таксама хацелі мець кілбасу па даступнай цане. Нагадаю: улетку 1980 года дэтанатарам пратэстаў стала менавіта падаражэнне мяса ў заводскіх сталоўках.
Але феномен «Салідарнасці» палягае зусім не на кілбасных лозунгах. Паролем было слова «свабода».
Зрэшты, і заможнасць, шчодры стол — тая ж сакральная чарка і скварка, калі хочаце — у мільёнаў палякаў эпохі «Салідарнасці» асацыяваліся не з казарменным раем а-ля савок, а наадварот — з дыстанцыяваннем ад Саветаў, з прыватнай ініцыятывай і сапраўднай нацыянальнай незалежнасцю. Зноў жа — са свабодай.
Беларусы ж тады хоць і былі заінтрыгаваныя дзёрзкасцю Валенсы ды паплечнікаў, размахам польскага руху, але пераважна ўспрымалі гэты феномен як «безумство храбрых», не дапускаючы, што ў «Салідарнасці» ёсць шанцы на перамогу. І тым болей не праецыравалі падобны сюжэт на БССР. Калос камуністычнай імперыі здаваўся непахісным.
Беларускі соцыум у масе сваёй (прашу асобных пасіянараў тае эпохі не ускокваць з пратэстамі: ніхто не забыты, нішто не забыта) драмаў нават тады, калі затрашчаў па швах увесь «сацыялістычны лагер». Нездарма ж прагрэсіўныя публіцысты называлі самую рахманую савецкую рэспубліку антыперабудовачнай Вандэяй.
На думку палітолага Сяргея Нікалюка, беларусы не маюць традыцыі калектыўнага пратэсту. Зрэшты, тое-сёе можна прыгадаць. І найперш — нечаканы для ўсіх сацыяльны выбух у красавіку 1991-га. Тады ў сталіцы «Вандэі» блізу ста тысяч разгневаных пралетарыяў выйшлі на плошчу Леніна.
Памятаю, як рабацягі перакрывалі трамвайныя пуці ў Мінску. У Оршы ж спынілі нават рух цягнікоў. Зараз натрэніраваныя сілавыя структуры скруцілі б бунтаўнікоў у бараноў рог. Тады, за камуністычным часам, заўважце, гэтакага рэпрэсіўнага апарату, як створаны цяпер, і блізка не было.
Але той бунт быў стыхійны і менавіта каўбасны: абурыла паўлаўскае (па прозвішчы тагачаснага савецкага прэм’ера) павышэнне цэн, калі абед у заводскай сталоўцы замест традыцыйнага рубля стаў каштаваць пад два. Тут — выразная паралель з польскім сюжэтам лета 1980 года.
А вось далей — усё іначай. Не было ідэйнага стрыжня, панавала спантаннасць, таму хваляванні хутка нейтралізавалі, зацягнуўшы ў балота дробязных перамоў і паліятыўных рашэнняў. Пазней некаторыя палітычныя сілы спрабавалі давесці, што накіроўвалі той пралетарскі выступ, аднак ва ўсякім разе відавочна, што прыкметнага ўплыву яны не дамагліся.
Яшчэ адзін усплёск — страйк метрапалітэнаўцаў у 1995 годзе. Але той лакальны імпульсіўны дэмарш быў асуджаны на паразу. Не было рэзанансу, не было шырокай салідарнасці. Ужо не кажучы пра моцную структуру кшталту польскай «Салідарнасці». Нагадаю: тая здолела аб’яднаць да 9,5 мільёна чалавек, траціну палякаў!
У гэтым кантэксце варта адзначыць ролю пасіянарнай часткі польскай інтэлігенцыі, якая на пачатку 80-х здолела ўсталяваць шчыльны кантакт з працоўнай масай.
У польскім выпадку наклаліся два чыннікі. Па-першае, непрыманне камуністычнай сістэмы самой па сабе — як няздольнай забяспечыць дабрабыт, правы і свабоды. Па-другое, непрыманне імперыі КПСС як турмы народаў, прычым не толькі народаў СССР, але і ўсяго сацлагеру. На гэтай платформе стаяла не элітарная купка інтэлектуалаў, а маса палякаў.
Канечне, можна дадаць іншыя важныя чыннікі — у прыватнасці згадаць пра ролю касцёлу і крылатую фразу Яна Паўла ІІ «Не бойцеся!», паразважаць аб масіраванай заходняй падтрымцы, аднак гэта асобныя шырокія тэмы.
Факт тое, што быў трывалы грунт для масавага руху. Палякі стагоддзямі ваявалі за незалежнасць і атрымалі добрую школу. Для іх Масква заўжды асацыявалася з імперскай пагрозай.
Так, і нашы продкі бралі ўдзел у паўстаннях супраць дзвюхгаловага арла. Але потым гэты дух, гэтую гістарычную памяць бязлітасна выбілі рознага кшталту сатрапы.
Ды што там казаць: у нас жа і сёння ладная частка грамадства, як сведчыць незалежная сацыялогія, гатовая ствараць нейкую форму аб’яднання з Расіяй. Яшчэ болей: на далёкіх подступах да новых прэзідэнцкіх выбараў лідэр апазіцыйных камуністаў уздымае на шчыт лозунг адзінай валюты з усходняй суседкай (то бок рубля з дзвюхгаловым арлом). І пэўна ж разлічвае на спрыяльны рэзананс.
Зрэшты, такія палітычныя піруэты ўжо не выклікаюць апакаліптычных пачуццяў. Тая ж сацыялогія сведчыць, што незалежніцкая свядомасць у нас спакваля мацуецца, гэтак сама як і праеўрапейскія настроі. Яны ўжо нароўні з прарасійскімі, а то і пераважваюць. Дарэчы, пакуль што па большасці найважнейшых для нацыі пытанняў — пытанняў гістарычнага выбару — такі вось хутчэй не парытэт, а раскол. Раскол замест салідарнасці. І тым болей — ніякага намёку на структуру кшталту легендарнай «Салідарнасці».
Відавочна, што беларускі шлях да перамен — болей пакручасты і супярэчлівы, чым колішні трыумф польскага антыкамуністычнага руху. Зрэшты, заўважым, што імклівая перамога над ранейшым рэжымам не вырашыла праблем польскай нацыі цудадзейным чынам. І гэта асобная цікавая тэма.
Не варта ідэалізаваць механізмы. Палітычная культура ў грамадстве напрацоўваецца марудна, спакваля. Рынкавая эканоміка не ёсць гаратыяй райскага жыцця. У Беларусі ж маюцца і спецыфічныя далікатныя праблемы (мова, культурная ідэнтыфікацыя ды іншыя), якія не вырашыць наскокам, дырэктыўна ніякі самы прагрэсіўны ўрад.
Але тэктанічныя зрухі ў нас таксама непазбежныя.
Эканамічны крызіс кідае выклікі, якім няздольная даць рады міфалагізаваная «беларуская мадэль». І ці не галоўны парадокс у тым, што менавіта прывязка да хворай на вялікадзяржаўнасць Расіі, з аднаго боку, і бескампраміснае самаўладства Лукашэнкі, з іншага, стварылі тую грымучую сумесь, што сёння дашчэнту разбурае «саюзны праект». І — пакрысе пераводзіць Беларусь ў якасна іншую геапалітычную сітуацыю.
У Польшчы былі перамены пад ціскам мас, у нас яны наспяваюць пад ціскам вонкавага форс-мажору, «праз не хачу».
Інтэрвенцыя з усходу — практычна нерэальная пагроза для сённяшняй Беларусі, адрозна ад Польшчы перыяду 1980—81 гадоў. Затое імаверная эканамічная экспансія ціхай сапай.
Так што — дэкарацыі і акцёры зусім іншыя, інтрыга не такая выразная, а вось момант гістарычнага драматызму для нас наўрад ці значна меншы, чым быў у 80-х для палякаў.
Каментары