Стамбул — гэта заўсёды мегапрыгода. І філасофскі напамін: нішто не вечнае, усё змяняецца, але не ўсё застаецца.
Калі глядзіш на муры Канстанцінопаля, над якімі лунае турэцкі сцяг, разумееш, што нічога ў гэтым свеце не бывае вечнага і ніякія сцены не абароняць дзяржаву ад ворагаў, калі дзяржава занепадае. У 1453 годзе туркі захапілі Візантыю, а ў пачатку ХХ стагоддзя знікла з мапы Асманская імперыя. Адзінае, што нікуды не падзелася, — шматвяковая культура.
Навіну ўводзяць, але старыны не рушаць
Пасля стагоддзя суму, старанна апісанага Арханам Памукам у яго нобелеўскім творы, Стамбул аджывае. Горад знайшоў сябе ў праектах інфраструктуры. Тут ізноў будуюць з візантыйска-асманскім размахам. У 2019 годзе ў Стамбуле пабудавалі найбольшы ў свеце аэрапорт, які зможа прымаць да 200 — двухсот, слухайце! — мільёнаў пасажыраў штогод, а таксама адкрылі хуткасную чыгуначную лінію «Мармарэй» з Еўропы ў Азію праз тунэль пад Басфорам. А цяпер турэцкія ўлады задумаліся пра будаўніцтва каля Стамбула канала, які б дубляваў Басфор.
Увесь горад забудаваны шырокімі аўтамабільнымі развязкамі, якія, праўда, усё адно не ратуюць ад дарожных затораў. У еўрапейскіх рэйтынгах па гэтым крытэры Стамбул на першых месцах. Толькі ўзброіўшы вас гэтай ведай, варта расказваць, што тут працуе Uber і досыць танна можна наняць аўтамабіль.
Але ўлады робяць усё, каб цалкам зручна можна было перасоўвацца грамадскім транспартам: найперш актыўна развіваюць усе прыдуманыя чалавецтвам рэйкавыя лініі. Яшчэ ў 1875 годзе ў Стамбуле, другім горадзе пасля Лондана, з’явілася падземная чыгунка. Цяпер тут 7 ліній метро, некалькі ліній сучаснага хуткаснага трамвая, фунікулёры, монарэйкавы надземны транспарт — і туркі ўвесь час шукаюць, што б збудаваць яшчэ. Пры гэтым яны захоўваюць усё, што мае гістарычнае значэнне: нават калі гэта чужая культурная спадчына і нават калі ім вельмі патрэбна тут дарога. Будуюць дарогі і развязкі ў абыход.
Для карыстання грамадскім транспартам трэба купіць электронны праязны İstanbulkart, прывязаць HES-код і папоўніць рахунак у апаратах на прыпынках.
А вось «далмушаў» (маленькіх маршрутак з хаатычным рухам) у сталіцы амаль не засталося — прынамсі, у цэнтры горада іх няма зусім.
Сафійскі сабор, які стаў мячэццю
Калі ў вас ёсць толькі адна гадзіна на Стамбул і вы можаце наведаць толькі адно месца ў горадзе, няхай гэта будзе Сафійскі сабор.
Ён стаіць у самай старадаўняй частцы Стамбула, на поўдзень ад бухты Залаты Рог, у вусці якой у VII стагоддзі да нашай эры і зарадзіўся візантыйскі Канстанцінопаль.
Сусветна вядомы архітэктурны помнік і сімвал «залатога веку» Візантыі, Сафія перажыла некалькі імперый, паспела пабыць хрысціянскай царквой, мячэццю і нават свецкім музеем. З 2020 года Сафійскі сабор зноў стаў мячэццю.
Гэтае палітычнае рашэнне выклікала шматлікія спрэчкі як унутры Турцыі, так і за мяжой. Але для турыстаў мала што змянілася — яны па-ранейшаму могуць наведваць храм, прычым цяпер за ўваход не трэба плаціць.
Турэцкія ўлады сур’ёзна ставяцца да бяспекі на тэрыторыі Ая-Сафіі. Каля храма вы сустрэнеце вялікую колькасць кардонаў сілавікоў з аўтаматамі і вайсковай тэхнікай.
За некалькі кварталаў на поўдзень ад Сафійскага сабора можна пабачыць так званую «малую Сафію» — царкву Святых Сергія і Вакха. Яе пабудавалі незадоўга да Сафійскага сабора, відаць, тыя ж архітэктары.
Уначы вельмі прыгожы від на Сафію адкрываецца з боку каляровага фантана ў парку Султанахмет.
У 2020 годзе Сафійскі сабор стаў мячэццю, але гэта не шмат што памяняла. Усярэдзіне на чатырох вялікіх драўляных шчытах вісяць цытаты з Карана, а выявы хрысціянскіх святых на час намазу закрываюць тканінай. Інтэр'ер Сафійскага сабора. DEPOSITPHOTOS.COM, BY JAVARMAN
Мячэці
Парк Султанахмет вядзе да іншай рэлігійнай жамчужыны Стамбула — Блакітнай мячэці, галоўнай ісламскай святыні ў горадзе. Турысты яе часта блытаюць з Сафіяй, і гэта не дзіўна: пры будаўніцтве мячэцяў асманы перанялі шматлікія элементы візантыйскага архітэктурнага стылю.
Сваю назву «блакітная» яна атрымала дзякуючы блакітнай кафлі.
Каля Блакітнай мячэці знаходзіцца галоўная плошча Стамбула — Султанахмет (альбо Іпадром). На Іпадроме захаваліся калоны і абеліскі часоў Візантыі, а таксама Нямецкі фантан, які падарыў гораду кайзер Вільгельм ІІ. Найбольш старадаўнім аб’ектам на плошчы (як і ва ўсім Стамбуле) з’яўляецца Егіпецкі абеліск — яму ажно 3,5 тысячы гадоў! Яго з Егіпта прывёз у горад апошні імператар адзінай Рымскай імперыі Феадосій І Вялікі.
Адной з найпрыгажэйшых мячэцяў Стамбула лічыцца Сулейманіе.
З будынкамі лазняў, медрэсэ, кухняў, бібліятэк, бальніц і абсерваторыяй мячэць утварае комплекс, па памерах супастаўны з гарадскім кварталам. Мячэць знаходзіцца на адным з пагоркаў Стамбула, таму адсюль адкрываецца фантастычны від на мегаполіс уздоўж Залатога Рога. Тут размешчаныя шматлікія тэрасы кафэ, у якіх можна пакаштаваць мясцовы чай (яго ў Стамбуле п’юць вельмі шмат і падаюць у характэрных шкляных чарачках), салеп (духмяны напой з архідэйнай мукі) альбо традыцыйную турэцкую каву.
Чай у Турцыі падаюць у чарках. ФОТА АЎТАРА
Тапкапы і іншыя палацы султанаў
Побач з Сафіяй у раёне Султанахмет знаходзіцца велізарны палацавы комплекс Тапкапы.
Ён быў заснаваны ў другой палове XV стагоддзя (адразу пасля захопу Канстанцінопаля) і да XIX стагоддзя заставаўся галоўнай рэзідэнцыяй султанаў (хаця ўжо з XVII стагоддзя яны больш любілі жыць у сваіх летніх палацах ля Басфора).
Сёння палац Тапкапы — адзін з найбольш вядомых музеяў свету. Сярод экспанатаў — парадная зброя, ювелірныя вырабы, каштоўны посуд. Тут захоўваюцца найважнейшыя рэлігійныя каштоўнасці мусульман: асабістыя рэчы прарокаў, самы старадаўні Каран.
На тэрыторыі палацавага комплексу знаходзіцца гарэм, і гэта асобны музей. Не верце мясцовым касірам, якія кажуць, што гарэм можна абысці за 20 хвілін (супрацоўнікі стамбульскіх музеяў чамусьці любяць заніжаць рэальны час, патрэбны для наведвання). Там можна блукаць гадзінамі, каб пабачыць пакоі, дзе адпачывалі султан і яго жанчыны, нечакана сучасныя ўмывальні, раскошныя люстэркі — і канечне, «залаты шлях», якім наложніцы ішлі на ноч кахання да свайго пана.
Дарэчы, перанесці гарэм бліжэй да палаца султана пераканала ўкраінка Раксалана — спачатку наложніца, а потым жонка Сулеймана І.
Па дарозе на Тапкапы можна яшчэ пагуляць у парку Гюльханэ і паглядзець на старажытную Гоцкую калону, узведзеную ў II стагоддзі.
У раёне Бешыкташ, што на поўнач ад Залатога Рога, знаходзіцца іншы палац султанаў — Далмабахчэ. Ён стаў асноўным з сярэдзіны XIX стагоддзя, да таго ж істотна адрозніваецца ад Тапкапы. Абдул-Меджыд І жадаў мець палац у стылі барока, каб паспаборнічаць у вытанчанасці з еўрапейскімі рэзідэнцыямі XVIII стагоддзя. Сярод асноўных славутасцяў — падораная брытанскай каралевай Вікторыяй жырандоля з багемскага шкла і збор карцін Івана Айвазоўскага, якія мастак выканаў па замове султана. З брамаў уздоўж палацавага комплексу адкрываецца фантастычны від на Басфор.
Пасля падзення імперыі ў палацы пасяліўся Мустафа Кемаль Атацюрк, заснавальнік сучаснай турэцкай дзяржавы. Тут ён і памёр 10 лістапада 1938 года. Палац заставаўся музеем аж да верасня 2007 года, калі турэцкі парламент вярнуў яму палітычную функцыю, зрабіўшы Далмабахчэ афіцыйнай рэзідэнцыяй прэм'ер-міністра ў Стамбуле.
Мустафа Кемаль Атацюрк (1881—1938), пасля паражэння Асманскай імперыі ў Першай сусветнай вайне ачоліў рух за незалежнасць і свецкасць Турцыі, дабіўся ліквідацыі ўрада султана і стварыў новую дзяржаву, у аснове якой быў суверэнітэт нацыі. Дзякуючы яму была ўведзена свецкая адукацыя, прынятыя крымінальны і грамадзянскі кодэксы на еўрапейскі ўзор, рэлігія аддзелена ад дзяржавы, жанчыны атрымалі выбарчае права, створаныя нацыянальныя банкі і нацыянальная прамысловасць. Быў лацінізаваны алфавіт і ўзяты курс на ачышчэнне турэцкай мовы ад арабскіх і персідскіх запазычанняў. Ён мае вялікі аўтарытэт у нацыі і свеце, 1981 год ААН і ЮНЕСКА абвяшчалі Годам Атацюрка. Партрэт Атацюрка — на ўсіх банкнотах турэцкай ліры.
Карміць галубоў і бараніць цюркамоўных
Каля Гранд-базару знаходзіцца яшчэ адна плошча — Беязыт. Тут галоўны ўваход Стамбульскага ўніверсітэта, заснаванага адначасова з Гранд-базарам, адразу па захопе Візантыі. Побач мячэць Беязыт, а таксама мармуровая пажарная вежа Беязыт.
Плошча сустракае велізарнай колькасцю галубоў, якіх можна пакарміць, а таксама дэманстрацыяй людзей з уйгурскімі блакітнымі сцягамі і плакатамі з антыкітайскім зместам. Турцыя, якая пазіцыянуе сябе як лідар і галоўны абаронца цюркамоўных народаў ва ўсім свеце, стала і адным з цэнтраў уйгурскай эміграцыі.
Уйгуры (даўней казалі яшчэ джунгары) — карэнны народ Усходняга Туркестана (цяперашні Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён Кітая). Заходнія дзяржавы і праваабарончыя арганізацыі абвінавачваюць Кітай у стварэнні канцлагераў для ўйгураў, прымусовай стэрылізацыі насельніцтва, называючы гэта сапраўдным генацыдам.
Адносіны паміж Турцыяй і Кітаем праз уйгурскі фактар пагоршалі, турэцкія ўлады публічна крытыкуюць Кітай за прыгнёт уйгураў. Але гандлёвыя адносіны паміж дзяржавамі ад гэтага не занепадаюць.
Яшчэ адна рэч, якая кінулася ў вочы ў Стамбуле, калі я там быў — увесь горад быў залеплены анонсам серыяла Bir Zamanlar Kıbrıs («Аднойчы на Кіпры»). Драма, што ў прайм-тайм ідзе на першым канале турэцкага тэлебачання, расказвае пра цяжкае жыццё турак-кіпрыётаў, якія сталі ахвярамі грэчаскай нацыяналістычнай арганізацыі EOKA B у 1960—1970-я гады. Аўтары серыяла падводзілі да таго, што толькі турэцкая акупацыя траціны Кіпра ў 1974 годзе выратавала мясцовых туркаў ад вынішчэння грэкамі, тым самым абгрунтоўваючы афіцыйны погляд Турцыі на тыя падзеі.
Муры Канстанцінопаля
Старажытны Канстанцінопаль з заходняга боку быў умацаваны пяцікіламетровымі мурамі Феадосія, пабудаванымі ў V стагоддзі для абароны ад варвараў. Перад сцяной быў выкапаны шырокі роў. Кожныя 55 метраў да сцяны былі прыбудаваныя 20-метровыя вежы. Шмат разоў сцены ратавалі горад ад штурму.
У канцы XIX і пачатку XX стагоддзя Феадосіевы сцены пачалі зносіць: маўляў, гораду трэба расці. А ў 1980-я гады ЮНЕСКА выдзеліла сродкі на аднаўленне разабраных адрэзкаў сцяны ў першапачатковым выглядзе.
Каля сцяны Канстанцінопаля можна перакусіць традыцыйнымі турэцкімі бурэкамі, а па дарозе назад у цэнтр паглядзець на акведук Валента. Пабудаваны ў IV стагоддзі, ён і цяпер з’яўляецца адным з сімвалаў горада. У ім было 26 метраў вышыні, і пракладзеныя па версе трубы забяспечвалі горад вадой ажно да сярэдзіны XIX стагоддзя. Сёння пад акведукам праходзіць ажыўленая аўтамагістраль — бульвар Атацюрка.
Тут скрозь стаяць аўтаматы, куды можна кінуць манетку і атрымаць корм для катоў. Але не спяшайцеся карміць стамбульскіх мурак. Магчыма, рацыён стамбульскага дваровага ката лепшы за ваш. Яны тут гаспадары, і туркі імі рэгулярна апякуюцца. ФОТА АЎТАРА
Галацкая вежа
Яшчэ адзін з сімвалаў горада — Галацкая вежа вышынёй у 61 метр. Яе ў XIV стагоддзі пабудавалі генуэзцы, якія адбілі гэтую частку горада ў візантыйцаў. Вежа служыла арыенцірам для мараплаўцаў і гандляроў, а сёння ў Галаце знаходзіцца шасціпавярховы музей з агляднай пляцоўкай, з якой бачны ўвесь Стамбул.
З Галацкай вежы можна спусціцца ўніз, да раёна Каракёй, дзе гандляры на кожным кроку прадаюць сувеніры, а ў паветры непаўторны водар смажанай рыбы і гранатавага соку.
Варта пакаштаваць мясцовы далікатэс «балык экмек» (смажаная рыба ў булцы) і выпіць фрэшу.
Шмат рыбных рэстаранчыкаў знаходзіцца і на Галацкім мосце цераз Залаты Рог. Мост злучае Каракёй і Емінёму (раёны абапал вусця Залатога Рога), тут вам будуць прапаноўваць паромныя туры, але можна і зэканоміць, сеўшы на звычайны гарадскі паром: маршруты і сэрвіс ідэнтычныя.
Насупраць бухты, ля азіяцкага берага Стамбула, знаходзіцца найбольш рамантычнае месца — Дзявоцкая, або Леандрава, вежа. Дзявоцкая — бо нібыта нейкі султан пабудаваў яе для сваёй дачкі, якой напрарочылі смерць да паўналецця. Леандрава — у гонар юнага грэка Леандра, што палюбіў жрыцу Афрадыты і штоноч пераплываў Басфор, каб спаткацца. І вядома, абедзве гісторыі скончыліся трагічна: сум у Стамбуле — фірмовая «страва».
Вежа-маяк на невялічкім востраве тут была яшчэ з рымскіх часоў: яна паказвала шлях караблям ноччу і ў туманнае надвор'е. У шторм невялікія судны прывязвалі да яе для бяспекі, каб іх не знесла хвалямі.
У сваім сучасным мураваным выглядзе вежа існуе з XVIII стагоддзя. Тут трымалі асуджаных на смерць або выгнанне, ізалявалі хворых на халеру, а ў 1990-я актыўная моладзь дамаглася дазволу ўладаў і выкарыстоўвала будынак як арт-цэнтр. Цяпер яе абсталявалі пад турыстаў: аглядная пляцоўка, рэстаранчык і лаўка сувеніраў. А яшчэ адсюль відаць цудоўны захад сонца.
DEPOSITPHOTOS.COM, BY MASTERLU
DEPOSITPHOTOS.COM, BY KORAYSA
Румеліхісар і Анадолухісар
Гэта дзве крэпасці, якія знаходзяцца адна насупраць адной, Румелійская крэпасць — у Еўропе, Анаталійская — у Азіі. Румеліхісар туркі пабудавалі непасрэдна перад захопам Канстанцінопаля ў 1452 годзе, за рэкордныя 4 месяцы, каб перакрыць візантыйцам выхад у Чорнае мора і пачаць штурм горада. Асманы называлі гэтую крэпасць Боаз-Кесэн («тая, што пераразае горла»). Пасля падзення Канстанцінопаля яна стала мытным пунктам.
Анадолухісар пабудавалі крыху раней, у 1393 годзе, гэта самы стары турэцкі будынак у Стамбуле.
Пешаходная вуліца Істыкляль
У паўночнай частцы еўрапейскага Стамбула знаходзіцца самая еўрапейская вуліца мегаполіса — Істыкляль у раёне Беяглу. Вуліца пачынаецца на плошчы Таксім (тут стаіць помнік Рэспублікі і традыцыйна праходзяць масавыя акцыі пратэсту) і ідзе ў бок заліва Залаты Рог.
Усе 1,5 кіламетра на гэтай вуліцы вы будзеце сустракаць рэстаранчыкі, кафэ, вулічных музыкаў. Сярод цікавых будынкаў — касцёлы Антонія Падуанскага і Святой Марыі. Вулачка пешаходная, але па ёй ездзіць рэтра-трамвай, і з яго вокнаў найзручней ацэньваць архітэктурны ансамбль.
Істыкляль. DEPOSITPHOTOS.COM, BY LESHIY985
Канец хрысціянства
«Пасля стварэння нацыянальных дзяржаў урады Турцыі і Грэцыі абыходзіліся з нацыянальнымі меншасцямі як з «закладнікамі», і ў выніку гэтай памылкі за апошнія пяцьдзясят гадоў Стамбул пакінула болей грэкаў, чым за пяцьсот гадоў пасля 1453 года», — піша Архан Памук.
Сёння можна смела канстатаваць, што Стамбул проста на нашых вачах страціў рэшткі сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. Старажытны раён Фанар, у якім пасля захопу Канстанцінопаля асманамі канцэнтравалася грэчаская культурная, духоўная і эканамічная эліта, пакідае найбольш сумнае ўражанне.
Турцыя — свецкая дзяржава
Жанчыны могуць не перажываць за сваю бяспеку ў гэтай краіне, але не варта ігнараваць правілы дрэс-коду пры наведванні культавых аб’ектаў. Пры ўваходзе ў мячэці трэба абавязкова зняць абутак, завязаць хустку, прыкрыць ногі і плечы.
Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя грэкі-хрысціяне складалі да траціны ад насельніцтва горада. Грэкі Стамбула былі інтэграваныя ў палітычную сістэму Асманскай імперыі і мелі ўплыў. Але пагромы, дэпартацыі, эканамічны прыгнёт не пакінулі ім ніякага шанцу.
Цяпер на ўвесь 15-мільённы Стамбул толькі каля 2 тысяч грэкаў. Будучыня ў Канстанцінопальскага патрыярхата змрочная. Праблема нават не ў тым, што большая частка паствы жыве за мяжой. Рэальная бяда ў тым, што турэцкая дзяржава дазваляе служыць у Канстанцінопалі толькі грамадзянам Турцыі, а грэкаў у Турцыі засталося крытычна мала, рэлігійныя ж адукацыйныя ўстановы зруйнаваныя. Хрысціянскі перыяд жыцця горада можна лічыць завершаным.
Базары
У Стамбуле знаходзяцца знакамітыя на ўвесь свет базары. На Егіпецкім базары (раён Эмінёну) гандлююць спецыямі, сухафруктамі, травамі і чаем. На Фермерскім рынку (раён Беяглу) — самыя свежыя прадукты для сваіх. Рынак Лалелі, або Рускі базар, — месца, дзе закупляюцца адзеннем і абуткам гандляры з нашага рэгіёна, а на Еўрапейскім рынку (раён Беяглу) прадаюць антыкварыят.
А найгалоўны, прычым найгалоўнейшы базар на ўвесь свет, — гэта Гранд-базар. Па-турэцку ён завецца проста: Крыты або Вялікі рынак. Фактычна, гэта быў першы ў свеце паўнавартасны гандлёвы цэнтр. Будаваць яго сталі для стымуляцыі эканомікі краіны неўзабаве пасля захопу Візантыі туркамі. І перш-наперш паставілі будынак для гандлю тканінай проста побач з палацам султана Мехмеда ІІ.
Цікава, што нават у самым першым будынку, прызначаным для гандлю тканінай, некалькі крамаў былі вылучаныя пад букіністыку, а яго паўночная брама была так і названа: Брама гандляроў патрыманымі кнігамі.
Гранд-базар — гэта сапраўдны міні-горад у цэнтры Стамбула са сваімі жылымі памяшканнямі, мячэцямі, крынічкамі і нават могілкамі. У ім 61 вуліца, і яны захавалі свае гістарычныя назвы: Каўпачнікаў, Кальяннікаў, Самаварная і г. д. У асманскія часы тут працавалі банкі, існавала біржа. Сюды абавязкова трэба прыйсці, каб пабачыць увесь усходні шык і паглыбіцца ў атмасферу турэцкіх базараў, нават калі вы не збіраецеся нічога купляць. Праўда, спакуса нешта набыць такая моцная, што вы наўрад ці ўтрымаецеся. Прынамсі паспрабуйце збіць цану, бо і гэта — частка культуры Гранд-базару.
Калона Канстанціна
Недалёка ад Гранд-базару стаіць рымская трыумфальная калона Канстанціна, урачыста адкрытая ў 330 годзе ў чарговыя ўгодкі заснавання Канстанцінопаля. Калона стаіць на плошчы Чамберліташ, усутыч да прыпынку хуткаснага трамвая.
Менавіта тут разумееш, наколькі добра туркі ставіліся і ставяцца да неасманскай спадчыны Стамбула. Пасля захопу Канстанцінопаля з цэркваў проста зрабілі мячэці, а з калоны Канстанціна асманы толькі збілі крыж. Шматлікія аб’екты рымскага і візантыйскага перыяду знаходзяцца ў фенаменальным для свайго ўзросту стане. Такі кантраст з Беларуссю, дзе неразумныя і фанатычныя ўлады ў мінулым часам дазвання плюндравалі архітэктурную і духоўную спадчыну мінулага, ужо не кажучы пра тое, каб ашчаджаць яе падчас войнаў.
Можа быць, гэтая бяда ішла ад таго, што краіна не была незалежнай, а хто з чужынцаў, «прыблуд», як пісаў Янка Купала, шкадуе чужога і чужое? Толькі светлыя, духоўныя людзі, а не ўсе яны былі такімі.
У 1779 годзе калона Канстанціна моцна пацярпела ад пажару, таму на загад султана Абдул-Хаміда І яе ўмацавалі жалезнымі абручамі. Хаця, здавалася б, навошта туркам тая калона…
Каментары
А как с успехами скрепостана, на фоне турецких ? И да, Турция выдавила скрепостан с Кавказа, который сдал своего, после сдачи - уже не союзника, Христианскую Армению и армян христиан !