30 мая спаўняецца 10 гадоў з дня смерці Генадзя Бураўкіна. Называйце гэта доляй, выпадкам ці провідам. Захварэўшы на туберкулёз — ён знайшоў жонку. Зблізіўшыся з Машэравым — зрабіў кар’еру. Cтраціўшы пасаду — збярог гонар. А дзякуючы выбару яго кіраўніком тэлерадыё Беларусь атрымала беларускае тэлебачанне. За гэтым, здавалася б, роўным і паспяховым жыццём хавалася шмат рознага. Парадаксальна, але ў жыцці Генадзю Бураўкіну дапамагала яго ўменне казаць «не».
Cтудэнтам ён ледзь не памёр ад сухотаў, на якія захварэў на 5-м курсе. За тры месяцы, пакуль Генадзь Бураўкін ляжаў у бальніцы, з трох дзясяткаў ягоных суседзяў з палаты вынеслі целы семярых. «Дзяўчынка, калі хочаш мець мужа, то павінна добра яго карміць, апранаць і даглядаць», — казаў доктар будучай жонцы Бураўкіна Юліі Жадан, хоць яна таксама была студэнткай і яшчэ не думала пра замужжа. Але не змагла кінуць хлопца ў бядзе і была адзіная, хто штодня наведваў хворага студэнта. Калі ён паправіўся, яна супраць волі маці выйшла замуж. Бураўкін ужо тады быў цікавай асобай і вылучаўся сярод іншых: шмат чытаў і быў паэтам, але галоўнае — гарэў беларускай ідэяй. Гэта прываблівала яе, украінку, хоць ёй гэта было абсалютна незнаёма…
Яны пражылі разам 55 гадоў. Ён адмыслова прысвяціў ёй усяго адзін верш — славутыя «Юнацтва сінія арэлі», але яе вобраз прысутнічае ў безлічы іншых.
Генадзь Бураўкін (1936—2014) нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Як сам адзначаў у адным з вершаў, «наша доля на радасць была небагатай. Мы раслі сярод горкіх ваенных атаў*».
У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Працаваў у «ЛіМе», быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». У 1978—1990 гадах — старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у 1990—1994-м — пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Па вяртанні ў Беларусь быў намеснікам міністра культуры і друку, затым дарадцам віцэ-прэм’ера. У 1995—2001 гадах — усяго толькі намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык».
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, Ленінскага камсамолу Беларусі і літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча.
Вершы пісаў са школьных гадоў, выдаў тры дзясяткі паэтычных кніг. У 1990-я і 2000-я браў актыўны ўдзел у незалежных грамадскіх арганізацыях, у тым ліку ўзначальваў ТБМ. У 2000-м разам з Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім і Анатолем Грыцкевічам быў сустаршынёй Усебеларускага з’езда за незалежнасць.
Уцёк. Але толькі аднойчы
Пакаленне Бураўкіна ў літаратуры называлі філалагічным. Калі папярэднікі часта былі самавукі (як Купала), пасля — рабфакаўцы (як арляняты 1920- х), то ў гады хрушчоўскай адлігі пісьменнікаў стаў прадукаваць філфак. Адначасова з Бураўкіным у літаратуру прыйшлі Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Уладзімір Караткевіч, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў…
Хоць лёс Генадзя Бураўкіна мог скласціся іначай: пасля заканчэння ўніверсітэта ён атрымаў размеркаванне ў Віцебск, але жонка вучылася на 3-м курсе, да таго ж трэба было праходзіць медыцынскія працэдуры (наступствы сухотаў), і ён працаўладкаваўся стыльрэдактарам беларускіх тэкстаў у часопісе «Камуніст Беларусі». Неўзабаве яго спакусіла літрэдакцыя Беларускага радыё, затым запрасіў у «Літаратуру і мастацтва» галоўны рэдактар Нічыпар Пашкевіч. Тут ужо можна было займацца тым, што было найбольш па душы, — літаратурай. Да таго ж была абяцаная кватэра. У Савецкім Саюзе жыллё немагчыма было купіць і мала хто мог пабудаваць за грошы — калі Бураўкін быў малады, будаўніцтва так званых кааператыўных кватэр толькі пачыналася. Звычайна кватэры размяркоўвалі па месцах працы. Прэстыжнымі былі толькі прадпрыемствы ці асяродкі, дзе кватэры давалі раней. У гэтым сэнсе ўдзельнікі творчых саюзаў знаходзіліся ў прывілеяваным становішчы. Аднак неабходнасць атрымаць жытло прывязвала чалавека да інстытуцый.
Бураўкін з маладосці быў энергічны і яршысты. Так характарызавалі яго сябры. Гэтаксама казаў і Пятрусь Броўка, пазнаёміўшыся з ягоным бацькам: «Добры ў цябе бацька, Генадзь, неспакойны і нераўнадушны. Вось цяпер я зразумеў цябе, і гарачнасць, і задзірыстасць тваю зразумеў. Гэта ў цябе ад бацькі».
Броўка гаварыў так у часе сумеснай вандроўкі на Полаччыну, якая стала своеасаблівым актам прымірэння. Справа ў тым, што ў 1966 годзе маладыя літаратары — і Бураўкін у першых шэрагах — дамагліся адстаўкі Броўкі з пасады старшыні Саюза пісьменнікаў. «Яшчэ не забыліся баталіі бурнага пятага з’езда пісьменнікаў рэспублікі, дзе мы, маладзейшыя, з юначым максімалізмам і бескампраміснай рашучасцю ваявалі супроць літаратурнага бюракратызму і залішняй асцярожнасці, за грамадзянскую смеласць ва ўсім, — прыгадваў Бураўкін. — Неяк само сабою атрымалася (а можа, тойсёй з тагачасных хітрых нашых дарадцаў і дапамог гэтаму), што ўвасабленнем ці, ва ўсякім разе, абаронцам усяго старога, «несучаснага» стаў для нас перш за ўсё кіраўнік пісьменніцкага саюза, удастоены ўсіх магчымых узнагарод і званняў, упэўнены і дзелавіты Пятрусь Усцінавіч. Супроць яго пасыпаліся нашы самыя адточаныя стрэлы, супроць яго прагаласавалі многія з нас. Вядома, тады па сваёй мілай недасведчанасці мы не маглі ведаць, які гэта няпросты хлеб — кіраўніцтва творчай арганізацыяй, не маглі нават здагадвацца, як цяжка ў гэтай «скуры» быць абсалютна аб’ектыўным, як многа значаць пры гэтым не толькі талент, аўтарытэт, характар, а і дысцыпліна, а то і неабходнасць. Мы хацелі праўды і справядлівасці ў чыстым выглядзе, без скідак на складанасць часу, без дыпламатыі і нейкіх адступленняў. Як і ўсе маладыя (і дзякуй за гэта маладосці!), мы былі непапраўнымі ідэалістамі і патрабавалі ад старэйшых больш, чым ад сябе».
Спачатку Броўка, вядома, укрыўдаваў, а потым нават быў удзячны, бо не сядзеў у пісьменніцкім саюзе, а рабіў першую ў беларускай гісторыі энцыклапедыю. Так і адбылося прымірэнне мудрага Петруся Усцінавіча і няўрымслівага Генадзя Бураўкіна…
«Не называйцеся беларусамі»
Гэта ўвогуле было яго адметнай рысай: Бураўкін быў шчырым у ацэнцы ўласных учынкаў і часам публічна прызнаваўся ў тым, у чым іншы схітраваў бы або змаўчаў. Як, напрыклад, у гісторыі з Броўкавай адстаўкай. Альбо калi разам з Барадуліным, Быкавым, Вярцінскім і Гілевічам падпісаў ліст супраць беларускай эміграцыі.
Калі неяк запыталiся пра гісторыю з’яўлення бураўкінскага подпісу пад гэтым калектыўным лістом, Генадзь Мікалаевіч сказаў: «Гісторыі судзіць, што мы зрабілі сумленна, а дзе аказаліся сагітаванымі афіцыйнымі прапагандыстамі. Калі пасля я трапіў у Амерыку і пазнаёміўся з эмігрантамі бліжэй, толькі тады даведаўся, які няпросты быў іхні лёс. Многія з нашых былых суайчыннікаў не бралі ўдзелу ў карных акцыях, былі настаўнікамі ў школах ці працавалі ў бухгалтэрыях ці канцылярыях, зараблялі сабе і сям’і на кавалак хлеба, каб выжыць, крыві на іх руках не было. І яшчэ — яны сапраўды хацелі вольнай Беларусі. Даведаўшыся пра тое, я зразумеў, наколькі крыўдным быў той ліст для іх…». Між іншым, калі надышоў час вярнуцца з ЗША дадому, Бураўкіну было прапанавана ўзначаліць эмігранцкі рух — ва ўсялякім выпадку, так сцвярджалі чуткі.
У лісце, які быў напісаны зусім не ягонымі «аўтарамі», а ў ЦК КПБ, бічавалі пісьменнікаў-эмігрантаў і «Радыё Свабода», абвінавачвалі іх у калабарацыі ў часе вайны. «Не называйцеся беларусамі: вы гэтага не заслужылі, — гэтак заканчваўся той ліст. — Не спадзявайцеся на наша разуменне ці падтрымку: нам з вамі не па дарозе».
«I я спалохана ўцёк з Оршы»
Ці шчыры аповед Генадзя Бураўкіна пра тое, як студэнтам ён прыехаў на журналісцкую практыку ў Оршу, дзе ў газеце «Ленінскі прызыў» якраз у той час з’явіўся артыкул супраць Уладзіміра Караткевіча — гэтак па-партыйнаму павыхоўваць маладую мясцовую зорку вырашылі рэдактар Васіль Калібераў і былы партызан Леанід Высоцкі. Апошні прапанаваў Бураўкіну напісаць «ад імя літаратурнай моладзі» матэрыял у падтрымку крытыкі. «I я паспешліва і спалохана ўцёк з Оршы, як гэта ні сумна прызнаваць, — шчыра згадваў Генадзь Мікалаевіч. — У мяне не хапіла мужнасці сказаць усё, што думаў, ні строгаму рэдактару, ні заслужанаму ветэрану, якія так добра да гэтага ставіліся да мяне і далі магчымасць за час практыкі зарабіць на новы касцюм і чаравікі. Я не мог здрадзіць сябру, якога шчыра палюбіў…»
Гісторыя гэтая адбылася ў 1957 годзе. Да гонару Бураўкіна, больш ён ніколі не «ўцякаў». І, заступаючыся за іншых, часам рызыкаваў не толькі кар’ерай, але і ўласным лёсам.
«Мы такога ў 1937-м не зрабілі»
Пачатак 1966 года. Апублікавана аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць». Хутка аўтара будуць шальмаваць «ад Масквы да самых да ўскраін», але адзін з першых залпаў дадуць свае — газета «Советская Белоруссия» артыкулам пад красамоўнай назвай «Вопреки правде жизни». Абураныя несправядлівай крытыкай, маладыя паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі пішуць у ЦК КПБ ліст-пратэст і збіраюць пад ім подпісы больш чым паўсотні літаратараў, у тым ліку першых беларускіх пісьменнікаў, якія ў той час успрымаліся не іначай, як жывыя класікі: Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова, Івана Мележа, Максіма Танка.
«Хлопцы, вы малайцы! — пахваліў сяброў стары Міхась Лынькоў, народны пісьменнік, ардэнаносец і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. — Мы такога ў 1937 годзе не зрабілі».
У СССР не любілі публічных пратэстаў, тым больш калектыўных. Каб прадухіліць «ідэалагічную дыверсію», Бураўкіна выклікаў сакратар ЦК Станіслаў Пілатовіч. Юлія Якаўлеўна згадвала, што, калі праводзіла яго, думала, што развітваецца калі не назаўсёды, дык на гады…
І сапраўды, іх імёны фігуравалі ў дакладной старшыні КГБ СССР Уладзіміра Сямічаснага на імя ўсясільнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Суслава: «Некаторыя беларускія пісьменнікі адкрыта сталі на абарону В. Быкава, лічачы, што газета «Советская Белоруссия» выступіла неаб’ектыўна. Загадчык аддзела газеты «Літаратура і мастацтва», член КПСС пісьменнік Г. Бураўкін заявіў: «Советская Белоруссия» перакрэсліла творчасць В. Быкава і выклікала адваротную рэакцыю сярод пісьменнікаў. Адбываецца здзек. Пасля выступу газеты складваецца ўражанне, што В. Быкава судзяць як на працэсе».
Але, на дзіва, наступстваў для Бураўкіна не было. Калі не лічыць, што ў Саюзе пісьменнікаў адбыўся партыйны сход, на якім яго павінны былі выключыць з КПСС, аднак пісьменнікі — нават тыя, з якімі Бураўкін знаходзіўся не ў самых добрых адносінах, — усталі на яго абарону. Ды яшчэ праз два гады пры вылучэнні на пасаду карэспандэнта «Правды» Пілатовіч напісаў на імя генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева ліст, у якім заявіў, што Пятро Машэраў дапускае грубую палітычную памылку, падтрымліваючы нацыяналіста.
Камуністычныя кіраўнікі бывалі розныя.
Уратаваў Купалаўскі
На сумоўі ў галоўнай газеце СССР Бураўкін шчыра сказаў, што Быкаў — ягоны сябар, крытыкаваць яго, вядома, можна, але не так, як гэта рабілася. І гэта спадабалася галоўнаму рэдактару, беларусу Міхаілу Зімяніну. Аднак у час другой сустрэчы Зімянін быў ужо спахмурнелы: хоць Брэжнеў падпісаў рашэнне аб прызначэнні, але якраз прыйшоў ліст Пілатовіча, у якім Бураўкін абвінавачваўся ў нацыяналізме і ідэалагічнай гніласці. «Калі за цябе паручыцца асабіста Машэраў, тады выкінем кляўзу ў кош», — казаў галоўны рэдактар «Правды» і тут жа патэлефанаваў у Мінск. Потым усміхнуўся: «Тваё шчасце — Пятро Міронавіч за цябе паручыўся».
Кампрамісы ўлады і інтэлігенцыі
Машэраву ўдасца сплавіць Пілатовіча паслом СССР у Польшчу толькі праз тры гады, у 1971- м. Пілатовіч вернецца ў Мінск з дыпламатычнай службы ў 1978- м, але ўжо не ў ЦК, а намеснікам кіраўніка Саўміна, па тых часах гэта было значнае паніжэнне. Нават плошча кватэр у саўмінаўскіх дамах была ніжэйшая, чым у цэкоўскіх.
Тым часам на змену Пілатовічу ідэалогіяй кіраваць Машэраў вылучыў ліберала, былога лётчыка-франтавіка Аляксандра Кузьміна. Гэты чалавек з Быкавым не ваяваў, а сябраваў. Увогуле, ён дзейнічаў пернікам, а не бізуном. Яго тактыка давала плён. У БССР гэтага перыяду крытычна настроеная інтэлігенцыя не пераходзіла ў дысідэнцтва, а знаходзіла нішу для кампраміснай культурнай работы. Не толькі нацыянал-камуністы, як Бураўкін, але і перакананыя антыкамуністы, як Пазняк, мелі магчымасць працаваць.
Нават большасць удзельнікаў «Акадэмічнага асяродку», разгромленага савецкім КГБ у 1974—1975 гадах, Кузьмін і намесніца кіраўніка ўрада Валянціна Сняжкова на працягу года ўладкавалі ў розныя ўстановы.
Для таго перыяду тыповым было супрацоўніцтва, а не канфрантацыя. У такіх умовах фарміравалася беларуская культура — і палітычная культура — у познесавецкі перыяд.
Што ж датычыць Бураўкіна і «Правды», то тут, на старонках галоўнага савецкага афіцыёзу, ён пісаў, сярод іншага, пра апальнага Васіля Быкава, апроч таго, надрукаваў артыкул маладога мастацтвазнаўцы Зянона Пазняка пра руйнаванне Нямігі: паводле задумы аўтараў забудовы сталіцы, Стары горад — пачынаючы ад Траецкага прадмесця, Верхняга горада і Ракаўскага прадмесця — ішоў пад знос.
«Тады я з Бураўкіным якраз і пазнаёміўся, — прыгадваў Пазняк. — Ён быў цалкам на маім баку, але кажа, што як для «Правды», то артыкул напісаны зарэзка. Трэба трохі скараціць і нешта згладзіць. Інакш не ўдасца, а артыкул патрэбны: мусім бараніць Менск. Я адразу ўбачыў, што ў гэтай справе мы аднадумцы, і пагадзіўся, каб ён сам, як рэдактар, тыя скароты і зрабіў. Генадзь яшчэ чамусьці пачаў апраўдвацца, што ён не цэнзар і не баязлівец, але трэба падысці так, каб надрукаваць і каб стрэліла».
Публікацыя сапраўды «стрэліла», і ўдалося ўратаваць будынак Купалаўскага тэатра. Было спыненае і разбурэнне Старога горада, праўда, часова. Часова пабыў карэспандэнтам «Правды» і Бураўкін — у 1972-м ён узначаліў часопіс «Маладосць».
Хадзілі чуткі, што гэта абураны артыкулам у абарону Старога горада Машэраў пакараў яго, але прычына была іншай: Масква пачала спакушаць Бураўкіна пасадай уласнага карэспандэнта «Правды» ў якойнебудзь заходняй краіне (пасады з валютнымі зарплатамі тады вельмі цаніліся, яны забяспечвалі высокі ўзровень жыцця), і, каб затрымаць яго ў Беларусі, Машэраў аддаў яму «Маладосць» — часопіс, які з’явіўся на свет у бытнасць Машэрава першым сакратаром ЦК ЛКСМБ.
Між іншым, у Бураўкіна была іншая спакуса — стаць на чале беларускага камсамолу. Але ягоная жонка трываць не магла, па яе словах, «камсамальчыкаў». «Калі будзеш разам з імі — я з табой развядуся», — казала яна і прызналася ўжо праз гады: «Ці была я шчаслівая з Генадзем? Дасюль не ведаю адказу на гэтае пытанне. Усёткі нашае жыццё было доўгае і такое разнастайнае… У ім было ўсё: і добрае, і кепскае, і радаснае, і горкае, шчаслівае і не. Мы ж не анёлы абое былі… Адзінае, што я вельмі рада, што ў нас такія дзеці — дачка Святлана і сын Аляксей. Яны цалкам падзялялі і падзяляюць нашы думкі і пачуцці. У гэтым сэнсе я насамрэч шчаслівая. А калі жанчына шчаслівая ў дзецях, значыць, яна ўвогуле шчаслівая, ці не так?..
Шчасце — гэта крыху дзіўнае паняцце… Усё ж больш як пяцьдзясят гадоў пражыта разам, і не магу сказаць, што гэта былі бясхмарныя гады. Колькі я пераплакала… А пасля прачытаеш ягоны верш… Я даравала яму ўсё за яго паэзію…
Наогул, для Генадзя праз усё жыццё на першым месцы была нават не праца, а літаратура. Калі пабудаваць градацыю важных для яго паняццяў, дык яна будзе наступнай: літаратура і сябрылітаратары, праца, і ўжо потым ішла сям’я…»
«Усяго на тры гады»
У бытнасць Бураўкіна рэдактарам «Маладосці» пад вокладкай з фірмовай валошкай па-ранейшаму друкаваліся Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, тут жа ўпершыню з’явілася знакамітая кніга Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі…», якую адмовілася друкаваць «Полымя» і якую Машэраў прызнаў толькі пасля таго, як станоўчы водгук далі аўтарытэтныя ў СССР пісьменнікі Канстанцін Сіманаў і Чынгіз Айтматаў. «Дзякуй табе, Генадзь, — казаў першы сакратар ЦК Бураўкіну. — Каб не ты, гэтай кнігі не было б».
Зрэшты, і ў «Маладосці» ён прабыў нядоўга — у 1978 годзе Машэраў прапанаваў яму іншую пасаду. Ніл Гілевіч запісаў у гэтыя дні ў дзённіку, маючы на ўвазе Бураўкіна: «Аказваецца, ён тры гадзіны гутарыў з Машэравым. У выніку — амаль даў згоду стаць міністрам радыё і тэлебачання (дэпутат, член ЦК, урадавая дача і г. д.). Я — падтрымаў. Пара, даўно пара Генадзю выходзіць на аператыўны прастор! І атрымае незалежнасць, і адарвецца ад карыта і парсюкоў у СП!»
Удзячнасць была яго адметнай рысай
«Я не магу падтрымаць цябе ў справе беларушчыны афіцыйна з трыбуны, бо мяне тут жа здымуць, але ты рабі справу», — даводзіў Машэраў Бураўкіну, які не хацеў ісці ў Дзяржтэлерадыё. Вырашальным жа аргументам стала «ўсяго на тры гады». І ён пагадзіўся. Гаварыў, што памятаў пра падтрымку Машэрава пры прызначэнні ў «Правду» і не мог быць няўдзячным.
Гэта таксама было яго адметнай рысай — удзячнасць.
Генадзь Бураўкін высока ацэньваў кіраўніка савецкай Беларусі ў 1965—1980 гадах Пятра Машэрава. Высокай думкі пра Машэрава былі і іншыя тагачасныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія працавалі ў ЦК, — Алесь Петрашкевіч, Сяргей Законнікаў. У той жа час Зянон Пазняк быў пра Машэрава нізкай думкі, лічыў яго русіфікатарам, хоць высока ацэньваў Кірыла Мазурава, які кіраваў Беларуссю ў 1956—1965 гадах.
Негатыўныя ацэнкі Машэрава ўтрымліваюць і мемуары маскоўскіх лібералаў таго перыяду — напрыклад, высокапастаўленых апаратчыкаў ЦК КПСС Анатоля Чарняева і Георгія Шахназарава. Яны апісваюць падхалімства і адсутнасць уласнай пазіцыі на партыйных пленумах, адносячы Машэрава да рэакцыйнага крыла партыйнага апарата.
Як можна патлумачыць такое разыходжанне думак?
Магчыма, Машэраў па-рознаму паводзіў сябе ў Маскве і ў Мінску. Як і многія не толькі дзяржаўныя, але і культурныя дзеячы з нацыянальных ускраін імперыі, якія лічылі немагчымым ніякае адхіленне ад «лініі партыі» і перастрахоўваліся нават у дробязі. Рэпрэсіі ў Беларусі 1930-х былі асабліва жорсткія, пад іх патрапіў і бацька Машэрава. Памяць пра тыя крывавыя гады дамоклавым мячом вісела над савецкімі беларусамі.
Ультыматум
Святлана Алексіевіч згадвала, як упершыню ўбачыла Бураўкіна. Ёй тады адмовілі ў здымках нарыса пра вясковых жанчын, і па падтрымку яна прыйшла да старшыні Дзяржтэлерадыё. «Дасюль памятаю тую дыстанцыю, якую трымаў Бураўкін, калі толькі ўвайшла ў кабінет, — прыгадвала Алексіевіч. — Аднак калі пачала гаварыць, зразумела, што паміж намі ўсталявалася сувязь, што мы апынуліся на адной хвалі. Праз пяць хвілін я, абсалютная дзяўчынка, якая толькі-толькі скончыла журфак, была ў гасцях у паэта… Бураўкін быў не трывіяльным чыноўнікам — ён быў чыноўнік-паэт».
Ён працаваў па 12—14 гадзін у дзень, амаль без выхадных і ўжо недзе праз год, па словах Юліі Якаўлеўны, стаў прафесіяналам тэлевізійнай справы. Хоць на тэлебачанні не ўсе былі той жа думкі — лічылі, што, даўшы дарогу ў эфір «нацыянальна свядомым», Бураўкін прынёс у ахвяру якраз той самы тэлевізійны прафесіяналізм…
Так ці іначай, але менавіта пры ім Беларускае тэлебачанне стала, як казаў Рыгор Барадулін, беларускім. У неспрыяльных умовах ён рабіў тэлебачанне нацыянальным, наколькі тое было магчыма ў рамках той сістэмы.
Між тым, толькі сам чыноўнік-паэт Бураўкін ведаў сапраўдную цану гэтаму. Хмары сабраліся над яго галавой, калі адбыўся пераход на самастойную беларускую праграму.
Беларусь стварала свой мясцовы тэлеканал апошняй з саюзных рэспублік. Бураўкін для гэтага заручыўся падтрымкай Машэрава. Праца ішла поўным ходам, і тут Машэраў гіне ў аўтакатастрофе. Над беларускім тэлевяшчаннем павіс пытальнік…
Як прыгадваў куратар тэлебачання ў Цэнтральным камітэце кампартыі Валянцін Болтач (таксама паэт, які друкаваўся пад псеўданімам Валянцін Блакіт), на чацвёрты дзень пасля выхаду беларускай тэлепраграмы на ЦК абрынуўся літаральна вал пратэстаў. Найбольш — супраць пераносу перадачы «Спокойной ночи, малыши». На думку незадаволеных (а гэта былі найперш жонкі вайскоўцаў з вайсковых гарадкоў), «Калыханка» з ДзедамБарадзедам не ішла ні ў якое параўнанне з Хрушам і Сцяпашкам.
Жалезабетонных поглядаў загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелій Паўлаў, які ўсімі фібрамі душы ненавідзеў Бураўкіна, не хаваў радасці: «Дагуляліся! Пасля абеду збіраецца бюро, і ўсе вашыя эксперыменты будуць пахераныя. Тэрмінова адкручвайце назад!»
І сапраўды, у той жа дзень сакратар ЦК Аляксандр Кузьмін працягнуў Бураўкіну праект пастановы Бюро ЦК КПБ, паводле якога ад заўтра вяртаўся былы фармат вяшчання. «Візіраваць не буду і даваць каманду паварочваць назад — таксама, — катэгарычна адказаў Бураўкін і дадаў: — Тут патрэбен яшчэ адзін пункт: вызваліць таварыша Бураўкіна ад займанай пасады. Я не хачу браць на сябе адказнасць за гэтую ганебную справу».
У чорным целе Бураўкіна — члена ЦК, дэпутата і старшыню Дзяржтэлерадыё — трымалі больш за месяц. Вакол яго ўтварыўся вакуум: ён прыходзіў на працу, але ніхто яму не тэлефанаваў і не заходзіў…
Бюро ЦК на чале з першым сакратаром Ціханам Кісялёвым сабралася ўжо без Бураўкіна. Усе былі адкрыта незадаволеныя ім: бач ты, надумаў ставіць ультыматумы! Але ўступіўся Кісялёў: «Вызваліць, тым больш выключыць з партыі заўсёды паспеем. Магчыма, ён ведае нешта такое, чаго мы не ведаем? — І звярнуўся да прысутных: — Хто з вас дзеля прынцыпу здольны паставіць на кон сваю пасаду, кар’еру, членства ў партыі, устаньце ці падыміце руку». Ніхто не варухнуўся.
Застоллі 1980-х
«Застоллі былі часта, на кожнае свята дакладна, — расказвае Святлана Бураўкіна. — За сталом, як правіла, збіралася больш за 10 чалавек. Абавязкова на стале бульба. А таксама салаты, сухая каўбаса, запечанае мяса. На такія выпадкі ў мамы заўсёды ў халадзільніку была чырвоная ікра, ласось у кансервах для салаты.
На стол выкладвалася ўсё самае лепшае, што было і што ўдавалася дастаць у эпоху дэфіцыту. Мама добра гатавала і ўмела прымаць гасцей. А як за сталом спявалі! Бацька вельмі добра спяваў, ведаў многа народных песень.
Памятаю, як прыгожа яны спявалі народныя песні на пару з Нілам Гілевічам».
Ціхан Кісялёў быў хоць і супернікам Машэрава ў выбары на пасаду кіраўніка Беларусі ў 1965-м, але чалавекам машэраўскіх поглядаў на свет. На жаль, на пасадзе Кісялёў прабыў нядоўга: яго забрала цяжкая хвароба.
Між тым, за свае поспехі, як бы сёння казалі, менеджара Бураўкін расплачваўся не адным толькі ўласным спакоем: сам ён гаварыў, што ягоныя пасады скралі ў яго больш за дзясятак кніг.
«Без іх я быў бы інакшы»
Бураўкін, называючы Машэрава «асабліва дарагім чалавекам», усё жыццё гаварыў пра яго толькі добрае.
Да прыкладу, казаў: «Шкада, што сёння розныя папулісты і кан’юнктуршчыкі спекулююць ягоным, сапраўды дарагім для беларусаў, імем. Ён не такі быў, якім многія хочуць яго зрабіць. На мой погляд, ён быў лепшы, глыбейшы, цікавейшы і больш нацыянальна свядомы». Хоць і пагаджаўся, што Машэраў быў чалавекам свайго часу і што гэта пры яго непасрэдным удзеле праводзіліся масавая меліярацыя, настойлівая русіфікацыя і далёкія ад дэмакратычнасці ідэалагічныя кампаніі, аднак разам з тым зазначаў: «Але гэта — будзем справядлівымі — не ягоныя ініцыятывы, гэта была славутая «генеральная лінія», якую ён, як адданы і дысцыплінаваны камуніст, ажыццяўляў з партыйнай паслухмянасцю і верай у гістарычную неабходнасць. Не ведаю, ці былі ў яго пры гэтым душэўныя пакуты, а што сумненні былі — дакладна ведаю, бо пра гэта ён мне сам казаў падчас некалькіх шчырых гутарак».
«Сын рэпрэсаванага селяніна з Віцебшчыны, ён добра адчуваў людскі боль, — падводзіў своеасаблівую рысу пад асабістымі ўражаннямі пра першага сакратара ЦК Бураўкін іншым разам. — Ягонай любові да нацыянальнай інтэлігенцыі нельга было не заўважыць, настолькі яна была глыбокая і адкрытая.
Ён доўгія гады сябраваў з Аркадзем Куляшовым і сцішана плакаў каля труны Івана Мележа. Ды і да Быкава ён ставіўся з разуменнем значнасці ягонага таленту… Гэта трагедыя для нашай культуры, што жыццё ягонае абарвалася якраз тады, калі ён пачаў усведамляць сябе нацыянальным лідарам…»
Зрэшты, не аднаму Машэраву быў удзячны Бураўкін. «Пакінулі свой непаўторны след у маім некароткім жыцці і Кірыла Трафімавіч Мазураў, Пётр Міронавіч Машэраў, Аляксандр Нічыпаравіч Аксёнаў, Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін… — гаварыў Генадзь Мікалаевіч і дадаваў: — І яшчэ многім хачу я з удзячнасцю пакланіцца. Без іх я быў бы інакшы».
Аднак не толькі Бураўкін быў бы інакшы без вышэй названых кіраўнікоў Беларусі — і яны таксама былі б інакшымі без Бураўкіна. Бо гэта Кірыла Мазураў — папярэднік Машэрава, які фактычна стаў першым беларусам, пастаўленым Масквою на чале Беларусі, — прасіў праз свайго памочніка даслаць яму ў Маскву нумары рэдагаванай Бураўкіным беларускай «Маладосці» з публікацыямі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Івана Мележа. І будучы ўжо першым намеснікам старшыні Савета міністраў СССР, усё адно пісаў лісты пабеларуску. Дый каб толькі лісты! Мазураў нават вершы свае дасылаў Бураўкіну на паэтычны суд…
Бураўкін думае пра Беларусь
Калі ягоны сябар Рыгор Барадулін антысавецкіх вершаў «у стол» не пісаў, то Бураўкін хоць рэдка, але грашыў гэтым. Напрыклад, напісаў у 1970 годзе казку-быль «Мяшок з медалямі» пра чалавека, які меў мех з узнагародамі і сам на сябе іх чапляў.
І вось ужо,
З галавы да ног
Абвешаны ўсімі рэгаліямі,
Ён на нагах устаяць не змог —
І грымнуўся
На прагаліне.
Ваўкі завылі непадалёк.
На асінах залопала лісце…
Але адшпіліць
Хоць адзін медалёк
Рукі не падняліся.
Сатыра на абвешанага ордэнамі і зоркамі Брэжнева па вядомых прычынах не магла быць надрукавана, затое хадзіла ў так званых спісах. У той час, як хадзілі «па руках» Аляксандр Салжаніцын і Аляксандр Твардоўскі, Барыс Пастарнак і Восіп Мандэльштам, Аляксандр Галіч і Уладзімір Высоцкі…
Ужо праз дзесяцігоддзе старшыня Дзяржтэлерадыё Бураўкін, працягваючы тэму «Мяшка з медалямі», напісаў:
Яны здзяцінелі даўно.
Нібыта немаўляты тыя,
То круцяць пра сябе кіно,
То дзеляць зоркі залатыя.
І паміж іх —
Славуты самы,
Наш наваспечаны айцец
Махае ўзбуджана брывамі
І ўсё не можа ўзляцець.
А неўзабаве з-пад бураўкінскага алоўка (Генадзь Мікалаевіч звычайна пісаў не ручкай, а алоўкам) з’явіўся заключны верш гэтага своеасаблівага цыкла пад назвай «Сучасны свет бязлітасна старэе…», дзе састарэлыя ўладатрымцы-дзяды, у якіх «абвіслі шчокі» і «патухлі вочы»,
Бяссільнай зграяй збіліся з дарогі.
Рыпяць, як перасмяглыя драчы.
Памочнікі перастаўляюць ногі,
І замяняюць сківіцы ўрачы.
……………………
Іх сцяў адзін —
Уладу страціць —
Жах.
Трасуць галовамі — і цэлы свет трасецца
І ўжо не хоча старасць паважаць.
Верш датуецца 1982 годам. Упершыню публікуючы яго праз дванаццаць гадоў, Бураўкін тлумачыў ва ўступным слове, што робіць гэта не для таго, каб запознена апраўдацца, а каб засведчыць той неабвержны факт, што і беларускія інтэлігенты, «жывучы і працуючы ў сваім часе і са сваім народам, думалі над усім, што дзеялася на Радзіме, і не згаджаліся з афіцыйнай хлуснёй і самазадаволенасцю»…
А як жа паэма «Ленін думае пра Беларусь», якую ў савецкі час вывучалі ў школах? Сам Генадзь Мікалаевіч гаварыў: «Я ад гэтай паэмы не адракаюся і не адракуся… Для мяне важна было праз цэнзуру правесці тое, што я думаў пра нашу гісторыю, мову.
Я ўзяў дарагія мне імёны — Скарына, Каліноўскі і Купала — і паспрабаваў «дадумаць», ці мог Ленін пра іх ведаць». Іншым жа разам тлумачыў: «Я — давайце не забываць — быў «сынам» ХХ з’езда партыі, які шчыра верыў у тое, што ленінская палітыка — мудрая, чыстая і сумленная і змагацца трэба са Сталіным, які яе сказіў. Тады я проста не ведаў многага. Іншая справа, што ёсць вершы для мяне абавязковыя, як тая ж «Малітва», і неабавязковыя — кшталту песень пра партыю. Паэма «Ленін думае пра Беларусь» пры ўсім пры гэтым для мяне абавязковая. А песні пра партыю, калі хочаце ведаць, пісаліся з канкрэтнай нагоды.
Прыходзіў Ігар Міхайлавіч Лучанок і гаварыў: трэба адкрыць канцэрт… Тады пісалі пра Леніна і партыю многія: і мой сябар Рыгор Барадулін, і Анатоль Вярцінскі, і Андрэй Вазнясенскі — памятаеце: «Уберите Ленина с денег!» Але ім гэта не прыгадваюць (і правільна!). А мне — прыгадваюць. Як прыклеілі ярлык «грамадзянская лірыка» — так і нясу яго да гэтага часу».
Між іншым, у адрозненне ад тутэйшых аматараў пакрытыкаваць, былы ссыльны «нацдэм» і «антысаветчык» Масей Сяднёў (якога цяжка западозрыць у сімпатыях да савецкага) пісаў: «Як рэдка хто з беларускіх савецкіх паэтаў, Бураўкін і ў часы, калі трэба было прытрымлівацца метаду сацыялістычнага рэалізму, здолеў захаваць сваю суверэннасць паэта, прытым нават у такой коўзкай тэме, як ленінская тэма, — ён яе смела беларушчыў. Вядома, тут не абышлося без выдаткаў, але ў цэласці талент Бураўкіна, мастакоўская чэснасць, чалавечае перамагала і тут. Няма двух Бураўкіных — ёсць суцэльны архіпелаг паэзіі Бураўкіна, паўторым яшчэ раз: чалавечай паэзіі, арганічна патрыятычнай».
Добраахвотнае выгнанне
Канец 1980-х — час, калі СССР стаў развальвацца. Падчас аднаго з мітынгаў, узімку 1990 года, да сценаў тэлебачання прыйшлі тысячы людзей і запатрабавалі адкрытага эфіру для кіраўніцтва Народнага Фронту. І старшыня Дзяржтэлерадыё эфір даў. Гэты ўчынак (зрэшты, не толькі ён) каштаваў яму пасады — Бураўкіну прапанавалі перайсці на дыпламатычную працу і пакінуць краіну.
Па сутнасці, гэта было добраахвотнае, але выгнанне. «Вораг не дрэмле, у тым ліку і драпежны вораг беларушчыны, — пісаў Васіль Быкаў. — Калі на беларускім краявідзе бліснуў ценькі праменьчык адраджэння і функцыя нацыянальнай культуры куды пабольшала, менавіта тады ад гэтае культуры быў адлучаны яе шчыры служка Генадзь Бураўкін».
У сваю чаргу, тагачасны міністр замежных спраў Пятро Краўчанка згадваў: «І яго прызначэнне ў Нью-Ёрк стала прадуманай палітычнай ссылкай, якая значна аслабіла апазіцыйны фронт.
Але не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло. Генадзь Мікалаевіч — прыроджаны дыпламат. Без курсаў, школ і дыпакадэмій ён сходу арганічна ўпісаўся ў сусветную дыпламатычную эліту. Ужо праз некалькі месяцаў не пабаяўся наладзіць першыя кантакты з нашай эміграцыяй, першым працягнуў руку тым, хто адарваўся ад радзімы па незалежных ад іх прычынах».
Прашэнне аб адстаўцы з дыпламатычнай пасады Бураўкін пісаў неаднойчы, але яму даравалі вольніцу толькі праз чатыры гады. І хоць прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч гарантаваў пасаду міністра культуры і друку, але потым прапанаваў… датэрміновы выхад на пенсію. «Генадзь, наіўны ты чалавек! — казаў, даведаўшыся пра тое, Васіль Быкаў. — Нікуды цябе не пусцяць. Табе [посткамуністы] ніколі не даруюць тваёй беларускасці».
У гэтыя дні і сустрэўся яму даўні камсамольскі знаёмы, які даверліва паведаміў, што ў яго можа быць якая заўгодна высокая пасада, але пры ўмове, калі ён публічна, у друку, адмовіцца ад сяброўскіх адносін з Быкавым. «Перадайце вашаму ўсёмагутнаму патрону, — адказаў Бураўкін, — што на свеце няма і не будзе такіх пасад, за якія я мог бы прадаць сяброўства з Васілём».
Адступніцтва было не ў ягоным характары.
Амлет і лобстары Бураўкіна
«Тата любіў простыя стравы: бульбу, дранікі, яечню, боршч, — расказвае ягоная дачка Святлана. — Таксама любіў амлет, які мама гатавала. Ён крышку адрозніваецца ад традыцыйнага: добра ўзбіваем 3 яйкі, дадаём паўшклянкі малака, перамешваем, дадаём лыжку мукі і крышку солі. Смажым на патэльні з двух бакоў».
З больш складанага любіў фаршыраванага карпа. Тады гэтую страву гатавалі практычна ў кожнай прыстойнай мінскай сям’і.
Любоў да фаршыраванай рыбы, кажуць гісторыкі, перайшла беларусам у спадчыну ад яўрэяў.
«А калі тата быў у Нью-Ёрку, то пакаштаваў лобстара — і з таго часу лічыў гэту ежу насмачнейшай», — напісала нам Святлана Бураўкіна.
Так сыходзяць паэты
У 1994-м Бураўкін на кароткі час стаў намеснікам міністра культуры і друку, затым — дарадцам віцэ-прэм’ера, але ў выніку ён — славуты паэт і дзяржаўны дзеяч з вялізным кіраўнічым досведам — працаўладкаваўся ў сатырычны часопіс «Вожык», дзе за галоўнага рэдактара быў яго сябар Валянцін Болтач (Блакіт). Пазней была яшчэ асабістая публіцыстычная калонка ў газеце Аляксандра Старыкевіча «Салідарнасць»…
Кола замыкалася: з журналістыкі пачынаў, журналістыкай заканчваў.
Гэта быў апошні акт яго жыцця, які доўжыўся дваццаць год і які мог трагічна абарвацца значна раней: калі ў 2006 годзе Міністэрства юстыцыі паставіла пытанне аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Бураўкін, абараняючы дарагую яго сэрцу арганізацыю, ледзь не памёр ад інфаркту проста ў тым самым міністэрстве — яго сэрца стаяла тады чатыры хвіліны. Калі ён нарэшце апрытомнеў, першае, што сказаў: «Не дачакаецеся».
І сапраўды, тым разам удалося ўратаваць не толькі Бураўкіна, але і Саюз пісьменнікаў.
…А ў студзені 2014-га дактары паставілі яму смяротны дыягназ. Як вынік — імклівае згасанне і апошняе ў жыцці жаданне: паспець убачыць кнігу новых вершаў, што былі напісаныя пераважна на яго ўлюбёным лецішчы ў Крыжоўцы, дзе ў дачным пасёлку на захад ад Мінска ў Бураўкіна з савецкага часу быў парослы высокімі соснамі ўчастак.
Думка пра гэта, мусіць, трымала яго нават тады, калі ён ужо не мог ні есці, ні піць. «За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная, — напісаў потым Уладзімір Някляеў, рэдактар бураўкінскай кнігі. — І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці, — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты».
Ён сапраўды праз усё жыццё найперш заставаўся паэтам, для якога перадусім была Беларусь.
Менавіта такую назву абярэ для кнігі ўспамінаў ягоная жонка. «Ён усё жыццё змагаўся за беларускае — нягледзячы ні на што, нягледзячы ні на мяне, ні на дзяцей… — скажа яна. — І, вядома, меў рацыю, калі папрасіў, каб на яго надмагільным помніку былі гэтыя радкі:
Ты, мой народ, мяне не папракнеш:
Я ўсё табе аддаў — жыццё і сілы…
Бо Беларусь была для яго перадусім. Яна была ў яго душы і сэрцы пастаянна. Гэта і было яго сапраўдным жыццём».
На вершы Бураўкіна напісана нямала шлягераў: «Завіруха», «Зачарованая», «Конь незацугляны», «Першае спатканне», «Белыя крылы» — тое, што прыгадваецца аўтаматычна. Што ўжо казаць пра калыханку «Баю-бай, вачаняты закрывай»: «Доўгі дзень, цёплы дзень адплывае за аблокі…»
А Эдуард Ханок паклаў на музыку знакамітую «Малітву», якую сам аўтар залічваў да «вершаў, для мяне абавязковых».
Малітва
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом.
Каментары