Northvolt: Шведы пабудавалі гіганцкую вытворчасць батарэй для электрамабіляў
Кампанія, заснаваная ў 2015 годзе двума выхадцамі з Tesla, у снежні 2021 году выпусціла першую батарэю на «гігазаводзе» на поўначы Швецыі. Гэта першае такое інавацыйнае прадпрыемства на Старым кантыненце, піша французскае выданне «Монд».
Дзесяць гадоў таму будучыня горада Шэлефтэа (Skellefteå) выглядала змрочнай. У горадзе з насельніцтвам 71 500 жыхароў за 800 км на поўнач ад сталіцы Стакгольма, зачынілася большасць шахт. А ў тых шахтах, што да гэтага часу здабываюць мінералы, замянілі людзей машынамі. У пошуках светлай будучыні людзі скіроўваліся на поўдзень.
У 2015 годзе муніцыпалітэт паставіў перад сабой мэту павялічыць насельніцтва 80 000 жыхароў да 2030 году. «Але мы ведалі, што гэта будзе вельмі цяжка», — прызнае дырэктарка муніцыпальных службаў Крысціна Сундзін Ёнсан.
Але здарыўся цуд. Увосень 2017 году, калі кампанія Northvolt, створаная двума гадамі раней у Стакгольме, сярод 40 шведскіх муніцыпалітэтаў для размяшчэння свайго «Гігазавода» батарэй для электрамабіляў выбрала Шэлефтэа.
Спачатку мясцовыя жыхары не верылі ў рэалістычнасць задумы. Гару з відам на будаўнічую пляцоўку на ўсходзе горада назвалі «гарой скептыкаў» — жыхары з яе сачылі за ходам прац. Спачатку давялося спілаваць дрэвы на плошчы роўнай памеру 280 футбольных палёў, потым з выкарыстаннем выбухоўкі выраўнавалі ландшафт. І нарэшце 15 кастрычніка 2019 года пачалося будаўніцтва будынкаў.
І вось прайшло ўсяго два гады, і з канвеера завода ўжо выходзяць першыя акумулятарныя элементы памерам з VHS-касету.
На першым этапе шведская група мае вырабляць батарэі для 300 000 электрамабіляў штогод. У 2023 годзе аб'ём вытворчасці вырасце ўдвая, а праз некалькі гадоў дасягне 60 ГВт·г, што дастаткова для мільёна электрамабіляў штогод. Гэта зробіць Northvolt найбуйнейшым у Еўропе заводам па вытворчасці акумулятараў. У спіс кліентаў завода ўваходзяць Volkswagen, BMW, Scania і Volvo.
Каментары