«Кухарка або клоўн не павінны прэтэндаваць на высокую пасаду». Сергеенка агучыў «народныя» прапановы ў Канстытуцыю
Прапановы па зменах у Канстытуцыю 18 студзеня абмеркавалі на нарадзе ў Палацы Незалежнасці.
«Народныя ідэі» па рэфармаванні Асноўнага закона краіны агучыў кіраўнік Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка, паведамляе СТБ.
— Людзі пішуць, што ніякія кухарка або клоўн не павінны прэтэндаваць на высокую пасаду кіраўніка дзяржавы, — заявіў чыноўнік.
У сувязі з гэтым Сергеенка прапанаваў разгледзець магчымасць увядзення дадатковага патрабавання да кандыдатаў у прэзідэнты — наяўнасць не меней чым дзесяці гадоў стажу дзяржслужбы або кіраўнічага вопыту ў арганізацыі.
Ён таксама адзначыў, што «дастаткова шмат грамадзян» выказалася аб неабходнасці пазбаўлення грамадзянства экстрэмістаў і «іншых збеглых асоб, якія сваімі дзеяннямі прычыняюць шкоду беларускай дзяржаве і грамадству».
— Падобныя пытанні ставяць і нашы сілавыя ведамствы. У сувязі з гэтым прапануецца частку 2 артыкула 10, у якой гаворка ідзе аб недапушчальнасці пазбаўлення грамадзянства, выключыць у цэлым, — сказаў Сергеенка.
Кіраўнік адміністрацыі паведаміў, што цяпер кіруюцца 83 артыкуламі дзейснай Канстытуцыі, два выключаюцца, 11 новых дадаецца.
Каментары