«Для Беларусі — толькі харчы і лекі». Заходнія кампаніі адмаўляюцца працаваць з афіцыйным Мінскам
Вайна Расіі супраць Украіны стала прычынай новых эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аднак некаторыя заходнія кампаніі пакідаюць беларускі рынак з уласнай ініцыятывы, хаця таксама праз вайну. «Свабода» расказвае пра такія выпадкі.
«Нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў»
«Лідскае піва» — адзін з найстарэйшых беларускіх бровараў. У 2008 годзе 51% акцый прадпрыемства выкупіла фінская кампанія OLVI, гэта каштавала фінам 16 мільёнаў даляраў. Праз год OLVI давяла сваю долю ў беларускай кампаніі да больш як 87%. Брэнд паспяхова развіваўся, аднак 5 сакавіка 2022 года фіны паведамілі пра намер пакінуць Беларусь, нягледзячы на тое, што «Лідскае піва» прыносіць пятую частку прыбыткаў кампаніі.
«Сітуацыя ва Украіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Украіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасці з каштоўнасцямі Olvi, і гэта адзінае разумнае рашэнне для забеспячэння доўгатэрміновай і адказнай дзейнасці», — сказаў Пэнці Хакарайнэн, старшыня праўлення Olvi.
Што будзе з «Лідскім півам» далей і куды пойдуць 840 супрацоўнікаў прадпрыемства, пакуль невядома. Фіны працягваюць плаціць ім заробак да моманту поўнага закрыцця.
«Са шкадаваннем інфармуем вас»
Шведская карпарацыя ІКЕА паведаміла пра намер пакінуць Расію і Беларусь амаль адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. У Расіі гэты крок можа пакінуць без працы дзясяткі тысяч чалавек — супермаркеты карпарацыі ёсць у кожным больш-менш вялікім горадзе. У Беларусі іх няма, аднак рашэнне шведаў усё адно адаб’ецца на беларускіх вытворцах, якія супрацоўнічалі з ІКЕА. Прынамсі адна фабрыка ўжо паведаміла, што з 6 сакавіка ідзе ў вымушаны прастой.
«Са шкадаваннем інфармуем вас аб часовым прыпыненні працы ЗТАА «Мэбелайн» у сувязі з шэрагам прычын, а менавіта: прыпыненнем паставак шэрагам замежных пастаўшчыкоў сыравіны і матэрыялаў, запасных і камплектных частак, прыпыненнем збыту на адрас IKEA ў поўным аб'ёме», — гаворыцца ў паведамленні кіраўніцтва магілёўскай фабрыкі «Мэбелайн». Кампанія была адкрытая ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» у 2013 годзе, там працавала 860 чалавек.
Акрамя «Мэбелайна», у Беларусі IKEA шчыльна супрацоўнічала з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Мінскі мэблевы цэнтр» з Маладзечна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», мінскі гадзіннікавы завод «Луч» і іншыя.
Booking.com і Airbnb
Абодва сэрвісы рэзервавання жытла адначасова пакінулі рынкі Беларусі і Расіі. Пры пошуку жытла ў гарадах Беларусі абодва яны не выдаюць ніводнага варыянта размяшчэння.
Гендырэктар Booking Глен Фогель у сацсетцы LinkedIn паведаміў, што дзейнасць платформы ў абедзвюх краінах прыпыненая з прычыны «росту складанасцяў вядзення бізнэсу ў рэгіёне» і заклікаў абʼядноўваць намаганні для дасягнення міру.
Сузаснавальнік і гендырэктар Airbnb Браян Чэскі ў сваім твітэр-акаўнце пацвердзіў «прыпыненне ўсіх аперацый» у Расіі і Беларусі. У сэрвісе паведамілі, што гатовыя аплаціць пражыванне ў краінах Еўрасаюза для ста тысяч уцекачоў з тэрыторыі Украіны. Беларусам, якія здавалі жыллё з дапамогай згаданых сэрвісаў, прыйшлі паведамленні ад кампаній пра тое, што ім неўзабаве растлумачаць сітуацыю.
«Для Беларусі толькі харчы і лекі»
Дацкая транспартна-лагістычная кампанія Maersk, чые кантэйнеры яшчэ можна ўбачыць у беларускіх лагістычных цэнтрах і на прадпрыемствах, заявіла аб спыненні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка.
«У далейшым для Беларусі пасля шырокай праверкі будуць прымацца толькі заказы на прадукты харчавання, лекі і гуманітарныя тавары (акрамя тавараў двайнога прызначэння), — гаворыцца ў заяве кампаніі. — Гэтае выключэнне павінна падкрэсліць, што Maersk засяроджваецца на сацыяльнай адказнасці і прыкладае намаганні для падтрымкі грамадства, нягледзячы на ўскладненні і няпэўнасць у цяперашнім ланцугу паставак».
Разам з датчанамі аб сыходзе з беларускага рынку паведамілі DHL і FedEx.
Спіс заходніх кампаній, якія заяўляюць пра намер пакінуць Беларусь з уласнага жадання, штодня павялічваецца.
Паводле інфармацыі «Свабоды», неўзабаве такую заяву можа зрабіць швейцарская Stadler, якая мае завод для вытворчасці цягнікоў ля Фаніпаля. Колькасць невялікіх ІТ-кампаній, якія спыняюць супрацоўніцтва з беларускімі рэзідэнтамі, таксама расце з кожным днём.
Каментары