Як часта трэба мяняць прасціну? Эксперты кажуць, што ад гэтага залежыць ваша здароўе
Кожны з нас праводзіць амаль траціну свайго жыцця ў ложку. Нядаўна з’явіліся вынікі даследавання, праведзенага вытворцам пасцельнай бялізны сярод 2250 брытанцаў. Яно было прысвечанае таму, як часта людзі мяняюць пасцельную бялізну, і нарабіла нямала шуму.
Высветлілася, што амаль палова адзінокіх мужчын кладуць прасціны ў пральную машыну толькі раз на чатыры месяцы. Ажно 12% адзінокіх брытанцаў не могуць успомніць, калі яны ў апошні раз мянялі пасцельную бялізну, то-бок гэта было вельмі даўно, піша Welt.
Значна лепшыя вынікі паказалі брытанкі, якія выхоўваюць дзяцей. Яны мыюць пасцельную бялізну раз на два тыдні. Пары, у сваю чаргу, мяняюць пасцельную бялізну раз на тры тыдні.
Ёсць практычныя прычыны мяняць пасцельную бялізну рэдка. Трэба час і месца, каб высушыць прасціну ці падкоўдранік, не ўсе дома маюць машыну і ўмовы для гэтага. Але, калі вывучыць аргументы, можна прыйсці да высновы, што часта мяняць пасцельную бялізну ўсё ж такі варта.
Справа ў тым, што не толькі вы лічыце свой ложак утульным, ён таксама вельмі падабаецца пылавым кляшчам, грыбкам і іншым мікраарганізмам.
Мікрабіёлагі з універсітэта Нью-Ёрка высветлілі, што за год падчас сну ў чалавечых залозах вырабляецца каля ста літраў поту.
Калі дадаць да гэтага тэмпературу чалавечага цела прыкладна ў 37 градусаў, мы атрымаем ідэальныя ўмовы для размнажэння мікраарганізмаў, і для алергікаў гэта можа стаць асаблівай праблемай.
Таму эксперты раяць мяняць пасцельную бялізну (у тым ліку і прасціны) не радзей чым раз на тыдзень.
Што будзе, калі рабіць гэта не так часта? Шмат што залежыць ад імунітэту і таго, ці схільны чалавек да алергіі.
Але ў найгоршым выпадку сон ў ложку з нямытай пасцельнай бялізнай можа павялічыць верагоднасць сутыкнуцца з небяспечнымі бактэрыямі і з кляшчамі, а таксама з кішэчнай палачкай — яе таксама знайшлі ў старой бялізне. У некаторых выпадках яна здольная выклікаць захворванне кішэчніка, сепсіс ці інфекцыі мочавыводзячых шляхоў.
Каментары