Грамадства

«Мінімум 263 затрыманні за май». Каго зараз найперш «кашмараць» сілавікі і як вылічваюць нязгодных

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца: так, за май праваабарончы цэнтр «Вясна» налічыў 263 затрыманні беларусаў. І гэта толькі вядомыя ім выпадкі, на самой справе іх можа быць больш.

Спыталі ў юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна» Паўла Сапелкі і кіраўніка аб’яднання былых сілавікоў ByPol Аляксандра Азарава пра сённяшнюю логіку ў працы з задушэннем іншадумства.

Ілюстрацыйнае фота

«Вельмі папулярны пацярпелы — Аляксандр Лукашэнка»

Калі казаць пра крымінальныя артыкулы, па якіх беларусаў затрымліваюць і судзяць апошнім часам, то ў лідарах тут так званыя дыфамацыйныя справы — калі чалавек выказаў сваё меркаванне наконт супрацоўніка міліцыі ці чыноўніка, напрыклад, у сацсетках і такім чынам зняважыў (артыкул 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады).

«У асноўным пацярпелымі тут з’яўляюцца супрацоўнікі міліцыі. І Аляксандр Лукашэнка — вельмі папулярны пацярпелы, — удакладняе Павел Сапелка. — Падставы для завядзення справы задакументаваныя за каментары яшчэ з 2020 года, але сустракаюцца і новыя эпізоды, калі людзі неяк выказваюцца ў сацыяльных сетках зараз, хаця гэта ўсё радзей. Пад дыфамацыйную катэгорыю трапляюць таксама графіці на вуліцах, праяўленне непавагі да дзяржаўных сімвалаў».

Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна»

На другім месцы, згодна са статыстыкай праваабаронцаў, ідуць справы, звязаныя з вулічным пратэстам 2020-га года (абвінавачванні па частцы 1 артыкула 342 КК і частцы 2 артыкула 293). А на трэцім — па артыкуле 130 КК (распальванне сацыяльнай варажнечы).

«Фармальная падстава, каб пазбавіць чалавека свабоды за іншадумства ці кроўныя сувязі з іншадумцамі»

Што тычыцца адміністрацыйных спраў, то казаць тут пра статыстыку аб’ектыўна праваабаронцам цяжка. Многія з такіх спраў праходзяць па-за іх увагай: вялікая частка разглядаецца па відэасувязі і нават не з’яўляецца ў раскладзе судоў. Далёка не пра ўсё паведамляюць сваякі і сябры.

Ілюстрацыйнае фота

«Але з таго, што нам вядома, мы назіраем раўнамерную сумесь з абвінавачванняў у парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23), куды ўключаюцца так званыя адзіночныя пікеты. І яны могуць прымаць самыя мудрагелістыя формы ў разуменні судоў: напрыклад, падчас рэфэрэндуму два крыжыкі ў бюлетэні назвалі пікетам ці відэа, фота размешчанае ў сацсетках. Таксама актуальна непадпарадкаванне (артыкул 24.3), у якім людзей часта абвінавачваюць адвольна (трэба разумець, што гэта фармальная падстава, каб пазбавіць чалавека свабоды за іншадумства ці кроўныя сувязі з іншадумцамі). Ну і артыкул 19.11 — распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія ў праваўжывальнай практыцы таксама прынялі дзіўную форму.

Сёння ўжо не так часта караюць непасрэдна за распаўсюд, як за захоўванне (падпіску на «пратэсны» тэлеграм-канал). Нават забываюць пісаць у пастановах, што гэта захоўванне з мэтай распаўсюду. А менавіта гэта з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем», — кажа праваабаронца.

Пры гэтым з 2020 года ўзровень новых затрыманняў застаецца стабільна высокім. Штомесяц праваабаронцы фіксуюць некалькі сотняў такіх выпадкаў.

«Для даведкі: за май 2022 года мы налічылі 263 затрыманні на рознага роду падставах. На жаль, не ва ўсіх выпадках мы ведаем вынікі, але так ці інакш лічба паказальная і высокая. Гэта не ідзе ў параўнанне з сітуацыяй 2018-2019 года, калі мы практычна маглі ўспомніць твар кожнага затрыманага (калі не браць масавых «хапуноў» на Дзень волі, напрыклад)», — каментуе суразмоўца.

Што робіцца нагодай прыйсці да канкрэтнага чалавека?

Павел Сапелка лічыць, што асноўная частка падазраваных фарміруецца з запісаў, фотаздымкаў, якія былі зробленыя на акцыях: 

«Другая катэгорыя тых, да каго прыходзяць міліцыянеры, — гэта людзі, якія затрымліваліся раней, нават не па палітычных прычынах. Да іх завітваюць і ўжо на месцы, пасля ўскрыцця іх носьбітаў інфармацыі, знаходзяць фотаздымкі з акцый пратэсту, напрыклад».

Кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў ByPol Аляксандр Азараў указвае на іншыя рэчы:

«Наколькі я ведаю, фотаздымкі яны ўжо апрацавалі, была такая інфармацыя. І ў ГУБАЗіКа няма працы як такой: яны шукаюць, высмоктваюць яе з пальца. Ездзяць па РУУС і просяць: дайце нам якую інфармацыю, дзе тут якія змагары засталіся».

Актыўна апрацоўваць, па інфармацыі Азарава, могуць базу «БЕСпарадкі», куды пасля выбараў 2020 года трапіла каля 40 тысяч прозвішчаў беларусаў, якіх затрымлівалі па пратэсных артыкулах.

«Людзі з гэтай базы павінны ведаць, што так ці інакш яны заўсёды будуць у распрацоўцы. ГУБАЗіК так працуе — не ад злачынства, а ад чалавека: ёсць чалавек, трэба знайсці, за што яго пасадзіць. Вось яны і будуць шукаць па базе, а там людзі з усёй краіны, прапісаныя ў розных гарадах і сёлах.

Раней для сілавікоў, якія займаюцца супрацьдзеяннем экстрэмізму, паказчыкам працы было тое, колькі крымінальных справаў будзе ўзбуджана. Зараз з завядзеннем палітычных справаў цяжэй, таму паказчык ужо — колькі сутак дадуць затрыманым. І пасля яны падлічваюць: вось гэтым аддзелам шмат сутак арышту «напрацавана» — ён лепшы, а тыя горшыя, іх можна пазбавіць прэміі».

Аляксандр Азараў, кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў ByPol, працаваў у ГУБАЗіКу, кіраваў 3-м упраўленнем па супрацьдзеянні экстрэмізму

Фіксуюць праваабаронцы і даносы. Так, адзін з нядаўніх выпадкаў — затрыманне 23-гадовай дызайнеркі Аліны Каўтуноўскай. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што яе арышт стаў магчымым дзякуючы «неабыякаваму грамадзяніну», які данёс на дзяўчыну, бо «ў 2020 годзе з-за такіх, як яна, ён не мог праехаць у горадзе».

«Фармат вызвалення палітвязняў узору-2011 выключаны»

Сум у праваабаронцаў выклікае сама па сабе практыка вынясення вельмі жорсткіх прысудаў у адносінах да людзей, якія не ўяўляюць небяспекі для грамадства і не ўчынілі сур’ёзных злачынстваў.

«Людзей, якія два гады таму выходзілі на акцыі, цяпер караюць больш жорстка, чым тых, каго затрымалі па тым жа эпізодзе адразу ў 2020-м ці пачатку 2021 года.

За шараговыя эпізоды 342-га артыкула беларусаў пазбаўляюць свабоды, пры тым што, нават калі разважаць крытэрыямі нашых суддзяў, асаблівасцяў нейкіх, якія робяць гэтых людзей небяспечнымі для грамадства, няма. У іх ёсць праца, яны трапіліся ўпершыню, прызнаюць віну і нават часам кажуць пра раскаянне. Тым не менш, яны атрымліваюць рэальны тэрмін з пазбаўленнем волі.

Маё бачанне тут: мы ляцім у прорву і паказчыкаў, што нешта будзе змяняцца, спыняцца — напрыклад, будуць караць толькі за новыя эпізоды парушэнняў, а не за каментар, напісаны два гады таму, — я не бачу. У мяне прагнозы тут вельмі песімістычныя».

У адрозненне ад падзей пасля Плошчы-2010, калі першыя палітвязні пачалі выходзіць на волю ў 2011-м, сёння некаторыя беларусы ўжо адбылі тэрміны цалкам.

«У 2011 годзе мала ў каго з прадстаўнікоў міжнародных палітычных сіл былі сумневы наконт правасуб’ектнасці беларускага кіраўніцтва. Нехта лічыў яго легітымным, нехта — не, але ўсе выразна разумелі, што гэта тое кіраўніцтва, з якім так ці інакш трэба выбудоўваць дыялог. Сёння такога няма: і Лукашэнка, і яго атачэнне ніхто не разглядае як суб’ект улады, з імі не будуць весці дыялог. І фармат вызвалення палітвязняў ўзору-2011 выключаны», — тлумачыць юрыст.

Ілюстрацыйнае фота

«Па шэрагу артыкулаў не ўжываецца амністыя»

Павел Сапелка лічыць, што, калі і будзе анансаваная масавая амністыя, то многія палітвязні ўсё адно могуць не патрапіць пад яе:

«Так, 342-і, 293-і і яшчэ шэраг артыкулаў былі выключаныя з ліку тых, да якіх амністыя ўжываецца.

Плюс многія палітзняволеныя былі прызнаныя парушальнікамі парадку адбыцця пакарання (за дробныя парушэнні ці ўвогуле адвольна), у кагосьці таксама непагашанае матэрыяльнае спагнанне ў сувязі з прысудам. Усё гэта робіць амністыю ў ранейшым яе выглядзе немагчымай для гэтых людзей».

Спыніць рэпрэсіі можа толькі арышт тых, хто іх чыніць, мяркуе падпалкоўнік Азараў.

«Інакш — база «БЕСпарадкі» будзе толькі папаўняцца».

Чытайце таксама:

Як беларусаў катуюць на Акрэсціна — сведчанні зняволеных, экс-супрацоўніка ІЧУ, развагі гісторыка ў фільме «НН»

Як паводзіць сябе з сілавікамі пры затрыманні і на допыце? Тлумачыць байполавец

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

«Задрыжаць і атарапеюць». МЗС Расіі абяцае кары ЗША з-за дазволу Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па Расіі12

Патрыярх Кірыл заклікаў не баяцца ядзернай зброі, таму што хрысціян не страшыць канец свету29

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць7

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →