Хочаце на роднай мове? Вось пяць рэсурсаў, дзе можна паглядзець кіно па-беларуску
«Наша Ніва» расказвае пра платформы, дзе ёсць кіно на роднай мове.
«Кінаконг»
Гэтая ініцыятыва — легенда беларускай кінаагучкі. «Кінаконг» не толькі перакладае замежныя фільмы на родную мову, ініцыятыва яшчэ і зладзіла ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» нямала кінапаказаў беларускамоўных фільмаў у кінатэатрах. Колькасць наведнікаў — больш за 50 тысяч чалавек.
Зараз «Кінаконг» робіць афіцыйны дубляж мультфільмаў ад Disney на беларускую мову: нядаўна, напрыклад, прадставілі мультфільм «У пошуках Нэма». Знайсці стужкі ад «Кінаконга», як і сачыць за новымі рэлізамі, можна на стрымінгавым рэсурсе VOKA, трэба проста выбраць пры пошуку фільмаў беларускую мову ці прайсці па спасылцы. А тут вы знойдзеце ютуб-канал «Кінаконга», на якім каманда праекта выкладае беларускамоўныя трэйлеры да стужак.
«Гаварун»
Праект «Гаварун» узнік у 2016 годзе як хобі мінчан Наталлі і Паўла Бычковых. Перакладалі як больш дарослы кантэнт (напрыклад, кароткаметражкі, фільмы ды серыялы), так і прадукцыю для дзяцей.
Сайт праекта можа аказацца карысным для бацькоў, што жадаюць выхаваць дзіця па-беларуску. Тут вам і беларускамоўныя мульты ад амерыканскага «Мікі Маўса» да іспанскага «Пакаё» і карэйскага «Рабакара Полі», і аўдыякнігі (знойдзеце Васіля Вітку і «Муху-Цакатуху»), песні, відэаролікі і відэакоміксы (у тым ліку знакаміты «Пухнаты патруль»).
Дапамагаць рэсурсу прапануюць праз штомесячную падпіску з сістэмай бонусаў. Магчыма аформіць унёсак памерам ад 5 да 1000 рублёў, бонусы збольшага звязаныя з рознага кшталту падзякамі за дапамогу, але прапануюць і паўдзельнічаць у агучцы мультфільма.
Сайт праекта знаходзіцца тут, дзіцячы ютуб-канал шукайце па гэтай спасылцы, дарослы — па гэтай.
«Лагодны цмок»
Гэты аматарскі праект з’явіўся ў красавіку гэтага года. «Лагодны цмок» паўстаў з былой ініцыятывы «Кукумба», якая два гады да таго працавала над агучкай кіно, серыялаў і анімэ па-беларуску. У «Лагодны цмок» перайшла частка старой каманды «Кукумбы».
Перакладчык дубляжа праекта Аляксей «Вожык» распавядаў журналістам, што пераважна абірае для перакладу гумарыстычны кантэнт. І сапраўды, сярод перакладзеных «Лагодным Цмокам» стужак ёсць гумарыстычныя мульты накшталт «Паўднёвага парка» і «Сімпсанаў» і трохі камедыйных твораў — напрыклад, крымінальныя «Вялікі Лябоўскі» ці «Формула 51».
Не глядзіце такое? Тады вы знойдзеце на сайце праекта фантастычныя «Выжывуць толькі закаханыя» і «Зорны шлях». Ёсць тут і хіты кінапракату: адзначым, напрыклад, «Дзюну» і «Гульню ў кальмара». Але будзьце ўважлівыя, бо не ўсе са стужак прадстаўленыя менавіта з беларускай агучкай, у некаторых выпадках у вашым распараджэнні будуць толькі субтытры на роднай мове.
Падабраць для сябе кіно ад «Лагоднага цмока» можна па спасылцы.
ANIBEL
Канцэпцыя праекта — пераклад на беларускую мову анімэ і мангі, і будзьце ўпэўненыя — на сайце ANIBEL вы знойдзеце дастаткова такіх стужак, каб выбраць нешта на вечар.
Але, калі вы не аматар японскай культуры, не спяшайцеся гартаць далей. ANIBEL таксама займаецца і адаптацыяй для беларускамоўнага гледача вялікіх фільмаў і серыялаў. Праўда, у большасці выпадкаў яны прадстаўленыя на сайце праекта не з беларускай агучкай, а з субтытрамі, але чым не магчымасць крыху ўдасканаліць веданне англійскай мовы?
З поўнаметражных карцін ад ANIBEL адзначым, канешне, знакаміты «Тытанік», а таксама «Забойства ва «Ўсходнім экспрэсе» і фантастычны баевік «Эквілібрыум». Што да серыялаў, звярніце ўвагу на дасціпныя «Добрыя прадвесці» і цікавы мультсерыял «Сусветная змова». Нечаканы сюрпрыз — чэшская казачная драма «Тры арэшкі для Папялушкі» 1973 года выпуску.
Шукайце ўсю гэтую прыгажосць тут.
Belmovie
Гэты праект у большасці скіраваны на серыялы, але ў планах стваральнікаў ёсць і праца з поўным метрам. Таксама настройцеся на тое, што Belmovie прапануе стужкі з беларускімі субтытрамі, а не з агучкай.
Перакладзеныя серыялы стваральнікі праекта выкладаюць у сваім тэлеграм-канале. З цікавых варыянтаў адзначым брытанскія камедыі «Дзесяць працэнтаў» і «Пад шчаслівай зоркай», а таксама амерыканскі баявік «Стары» з Джэфам Брыджэсам. Самыя старыя са стужак выпушчаныя ў 2021 годзе, а большасць і ўвогуле сёлетнія, так што ад трэндаў у серыяльным свеце вы не адстанеце.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары