Украінцы паказалі начынку іранскага беспілотніка. Выявілася, што ў ім стаіць заходняя электроніка
Сёння ва ўкраінскіх каналах з'явілася тэхнічнае апісанне амаль невядомага іранскага беспілотніка Shahed-131, які ўкраінцам удалося прызямліць. Мы знайшлі некалькі цікавых нюансаў.
Пра гэтыя беспілотныя апараты раней было вядома мала. Упершыню пра іх паведамілі на мяжы 2020 і 2021 гадоў у сувязі з размяшчэннем іх у Емэне. Цяпер жа Іран паставіў іх Расіі — і пра іх стала вядома нашмат болей.
Агульная маса беспілотніка складае 135 кілаграмаў, з якіх 15 кілаграмаў — гэта маса зараду. Памер крылаў каля 2,2 метра, а даўжыня дасягае 2,6 метра. Згодна з данымі даследчыкаў, максімальны запас ходу беспілотных апаратаў складае каля 900 кіламетраў.
Але самая цікавая дэталь — гэта тое, што ў беспілотнікаў заходнія камплектуючыя, прытым амерыканскіх кампаніяў. Да прыкладу, там выкарыстоўваюцца працэсары TMS320F28335 ад амерыканскай кампаніі Texas Instruments.
Кампанія з'яўляецца лідарам у свеце па вытворчасці мікрасхемаў для мабільных прыладаў і вытворчасці лічбавых сігнальных працэсараў. Менавіта апошнія і знайшліся ў іранскіх апаратах.
Іран мог выкупіць гэтыя працэсары толькі ў ценевых субпадрадчыкаў. Прытым імаверна нават не праз Кітай, бо там няма зборачных цэхаў кампаніі (толькі вытворчасць паўправадніковых кампанентаў).
«Наша Ніва» распытала некалькіх спецыялістаў у галіне мікраэлектронікі, і яны схіляюцца да таго, што там ёсць як мінімум яшчэ адзін кампанент вытворчасці заходняй фірмы — і знаходзіцца ён унутры сістэмы, якая адказвае за арыентацыю апарата (GNSS, сістэма спадарожнікавай навігацыі).
«На гэтай плаце зашмат пустых месцаў і шмат лішніх раздымаў, — кажа спецыяліст па мікраэлектроніцы. — У абароннай прамысловасці так не робяць. На астатніх платах толькі мінімум патрэбных дэталяў і шмат вольнага месца, што значыць, што яны зробленыя адмыслова пад гэты апарат. А на фота — відавочна купчая рэч, прычым цалкам. Я думаю, гэта гатовая дэмаплата.
Чып у цэнтры вельмі падобны на Xilinx Kintex Ultrascale і Xilinx Kintex або Virtex, 6 ці 7 мадэлі. Яны акурат у такіх квадратных карпусах і па памеры вельмі падобныя».
Xilinx — гэта адзін з вядучых вытворцаў праграмавальных інтэгральных мікрасхемаў для прыладаў двайнога прызначэння ў свеце. Тэарэтычна, вялікая колькасць краінаў не можа набываць такія платы, але на практыцы яны часта аказваюцца ў вырабах ад падсанкцыйных краінаў.
Мы не знайшлі дакладна такой жа платы, як на фота. Але вось як выглядае працэсар Xilinx Kintex-7 у іншай плаце:
А вось так, да прыкладу, выглядае працэсар Xilinx Kintex Ultrascale асобна:
Праз дрэнную якасць фота, апублікаваных украінскімі паблікамі, эксперты не здолелі дакладна адказаць на пытанне пра тое, ці ёсць там яшчэ нейкія заходнія кампаненты, хоць яны дапускаюць, што яны могуць там быць. Але факт у тым, што Іран нават пад жорсткімі санкцыямі здолеў закупіць заходнія кампаненты, якіх дастаткова для стварэння беспілотных лятаючых апаратаў. Што кажа пра тое, што карупцыйныя схемы, якія дазваляюць больш-менш эфектыўна абыходзіць санкцыі, пакуль што працуюць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары