Чаму беларускія банкі на чвэрць заніжаюць курс расійскага рубля? Тлумачыць эканаміст
Беларускія банкі купляюць 100 расійскіх рублёў за 3 беларускія, а прадаюць за 4. Чаму такі істотны разрыў паміж курсам куплі і продажу расійскай валюты?
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна называе такія меры вымушанымі, паколькі ў адваротным выпадку Беларусь магла б сутыкнуцца з сур'ёзнымі праблемамі на валютным рынку, калі б розніца паміж курсамі куплі і продажы расійскага рубля заставалася ў межах 2-3 працэнтаў.
Паўстаў сур'ёзны дысбаланс паміж попытам і прапановай
«З пачаткам вайны Цэнтрабанк РФ стаў уводзіць жорсткія абмежаванні на куплю і зняцце валюты, некаторыя з якіх дзейнічаюць і цяпер. У Беларусі ж падобных захадаў не было. У сувязі з гэтым да нас стала ездзіць усё больш расейцаў, якія гатовыя былі мяняць свае рублі на валюту альбо выдаткоўвалі іх унутры Беларусі на адпачынак і пакупкі. Акрамя таго, з расійскага рынку сталі сыходзіць многія брэнды, у сувязі з чым стаў папулярны шопінг у Беларусі. Па гэтых прычынах паўстаў сур'ёзны дысбаланс паміж попытам і прапановай на наяўную расійскую валюту», — тлумачыць эксперт.
Выходзіць, што 25-працэнтная розніца паміж курсам куплі і продажу дазваляе беларускім банкам знізіць нагрузку на валютным рынку і паменшыць дысбаланс паміж попытам і прапановай. Але гэта яшчэ не кажа пра тое, што рэальны курс расійскага рубля на цэлую чвэрць ніжэйшы, чым афіцыйны.
«Людзей у асноўным цікавіць купля даляраў або еўра, таму калі б паміж курсамі куплі і продажу расійскага рубля была розніца ў некалькі адсоткаў, то расейцы масава сталі б ездзіць па валюту ў Беларусь. Гэта стварыла б цяжкасці не толькі банкам, якія павінны забяспечваць свае абменныя пункты наяўнай валютай, але і магло б дэстабілізаваць сітуацыю на валютным рынку краіны», — кажа эканаміст.
Акрамя таго, эксперт паказвае на нізкі попыт на наяўную расійскую валюту сярод беларускага насельніцтва. Залішняя колькасць наяўных расійскіх рублёў стварае нязручнасць беларускім банкам.
У Расіі дагэтуль існуюць валютныя абмежаванні
Таксама варта не забываць, што ў Расіі па-ранейшаму дзейнічаюць некаторыя абмежаванні на куплю валюты і яе перавод у наяўныя. У дадатак да гэтага маецца дваістасць курсаў. Купіць наяўную валюту па курсах Цэнтрабанка немагчыма. У Расіі розніца паміж афіцыйным курсам і тым, за які рэальна можна купіць наяўныя, складае каля 10%. Афіцыйны курс даляра да расійскага рубля складае 61,59 рубля, а ў абменніках валюту можна купіць толькі па курсе 66-67 расійскіх рублёў за даляр.
Акрамя гэтага, у РФ існуе праблема з атрыманнем наяўнай валюты, якая захоўваецца на рахунках. Хутка і без праблем абнаявіць іх можна толькі ў нацыянальнай валюце па афіцыйным курсе. А мяняць на даляры прыйдзецца па курсе абменнікаў. Выходзіць, што чалавек, у якога на валютным рахунку захоўваецца 10 тысяч еўра, наяўнымі зможа атрымаць толькі каля 9 тысяч.
Банкі імкнуцца скараціць прыток наяўных расійскіх рублёў
«Калі ж казаць пра безнаяўныя расійскія рублі, то там сітуацыя выглядае інакш, паколькі разлік за тыя ж энерганосьбіты ідзе ў рублях. Акрамя таго ў нас вырасла доля імпарту расійскіх тавараў, але для гэтага не патрэбныя наяўныя. Гэта яшчэ адна прычына, чаму нашы банкі гатовыя купляць расійскую валюту па такім заніжаным курсе. Захоўванне, транспарціроўка грошай — гэта ўсё лішнія выдаткі для фінансавых інстытутаў. Таму банкі такім чынам імкнуцца скараціць прыток наяўных расійскіх рублёў».
Як доўга можа працягнуцца такая сітуацыя — сказаць складана, аднак відавочна, што пакуль у Расіі будуць існаваць дваістасць курсаў, абмежаванні на куплю і атрыманне наяўнай валюты, а попыт на расійскія рублі ў Беларусі будзе шматразова ніжэйшым за прапанову, у беларускіх банкаў не з'явіцца ні жадання, ні магчымасці скараціць дэльту да 2-3%, якую мы можам назіраць у дачыненні да даляра, еўра і іншых валют.
Каментары