Эксперт патлумачыў мэты радыкальных выказванняў Дзмітрыя Мядзведзева
Апошнім часам былы расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў публікуе ў тэлеграме ўсё больш хамскія і крыважэрныя допісы. Пагражае Польшчы падзелам, Вашынгтону — ядзерным апакаліпсісам. У расійскі Дзень народнага адзінства ён заявіў: мэта Расіі — спыніць Сатану. Але чаму далёка не дурны палітык, калісьці вядомы як прагрэсіўны тэхнакрат, пачаў фактычна капіяваць фрык-стэндапы Рыгора Азаронка? Якую мэту пераследуе Мядзведзеў? Ці сам ён піша свае пасты? На гэтыя пытанні «Нашай Ніве» адказаў Максім Самарукаў, расійскі палітолаг, намеснік рэдактара сайта carnegie.ru.
«Мядзведзеў не сам піша гэтыя тэксты, — адразу папярэджвае Самарукаў. — Чаму ўсе ўпэўненыя, што ён сам іх складае і што ён сам так сапраўды думае?
Пішуцца гэтыя пасты ягонай прэс-службай, гэта дакладна вядома. Нейкі час таму ў яго змяніліся работнікі прэс-службы, разам з гэтым была прапанаваная вось такая больш агрэсіўная палітыка. Гэта вядома з крыніц, інфармацыя даставерная.
Ці чытае гэтыя допісы сам Мядзведзеў? Напэўна, так, хаця б час ад часу, і, напэўна, ухваляе гэта, калі такія допісы з’яўляюцца ў ягоным афіцыйным канале».
Але навошта гэтыя тэксты, якія выклікаюць ужо проста горкі смех, самому Мядзведзеву?
«Па-першае, у кагосьці яны выклікаюць смех, але ў кагосьці і захапленне.
Па-другое, усе іншыя варыянты Мядзведзеў ужо паспрабаваў.
Наратывы, якія ён прасоўваў падчас свайго прэзідэнцтва, не прынеслі яму вялікай папулярнасці. Той рэфарматарскі, ліберальны імідж спрацаваў хіба толькі на гарадскую інтэлігенцыю і моладзь — але яны зусім ненадзейны рэсурс, на іх абапірацца нельга. Дый ім заўсёды будзе мала лібералізму, — тлумачыць эксперт. — А сёння рашэнні прымаюць увогуле зусім іншыя людзі. І лёс Мядзведзева, яго кар’ера залежаць зусім не ад таго, што думае маскоўская інтэлігенцыя. Ягоныя пасты накіраваныя не столькі на нейкі народ — яны накіраваныя ў першую чаргу канкрэтна на Пуціна.
Разумееце, у Мядзведзева ёсць гіганцкае дасягненне: ён адзіны правераны чалавек у атачэнні Пуціна, якому была давераная ўлада. І Мядзведзеў не стаў злоўжываць уладай супраць Пуціна. Гэта адзіны такі прыклад.
Наўрад ці гэта адбудзецца, але калі раптам Пуцін вырашыць у 2024-м альбо 2030-м паставіць пераемніка зноў, то відавочна, што выбіраць таго пераемніка будзе не народ, а сам жа Пуцін. І адна прычына, каб выбраць Мядзведзева, прычым вельмі важкая, ужо ёсць. Гэта тое, што ён не стаў трымацца за ўладу. А цяпер ствараецца і другая: з'яўляецца ўражанне, што Мядзведзеў падзяляе пуцінскія погляды на свет, што ён гатовы набіраць папулярнасць сярод ультрапатрыятычных колаў. Бо калі разглядаць перспектывы чарговага транзіту ўлады, то немагчыма ж ваяваць з Захадам і пасля перадаць кіраўніцтва Расіяй чалавеку з іміджам празаходняга ліберала. Таму трэба стварыць Мядзведзеву новы, больш актуальны сённяшняй рэальнасці вобраз».
Праўда, Максім Самарукаў упэўнены: пытанне пераемніка малаймавернае, усё рыхтуецца пад тое, каб у 2024 годзе перавыбраць Пуціна.
Таму ёсць яшчэ адна прычына, чаму ў тэлеграме Мядзведзева з’яўляецца адкрытая дзіч. Апошнім часам ён зусім не цяжкавагавік у расійскай палітыцы. І гэтая актыўнасць у тэлеграме — адзін з нешматлікіх варыянтаў для яго, каб заставацца ў публічнай прасторы, мяркуе Самарукаў.
«Пуціну ж прыносяць агляд СМІ і тэлеграм-каналаў. І Мядзведзеў у тыя падборкі заўсёды трапляе. Адпаведна, Пуцін пра яго хаця б ведае. Бо асабістых сустрэч жа няма, толькі па вялікіх святах, і тое — пасля каранціну.
І такія допісы — у тым ліку для таго, каб трапіць на вочы Пуціну такім чынам, — кажа палітолаг. — Апаратных рэсурсаў у Мядзведзева проста няма. Пасада намесніка кіраўніка Рады бяспекі — што гэта? Ён нічым не кіруе. І гэтая рыторыка яго пастоў — спосаб выжыць, застацца ў першых шэрагах расійскай эліты.
Давер Пуціна ў Мядзведзева, безумоўна, ёсць. Гэта паказваюць нейкія мерапрыемствы, якія час ад часу ладзяць з удзелам Мядзведзева: яго кудысьці возяць, паказваюць. І гэты давер заснаваны якраз на тым, што ён апраўдаў чаканні падчас прэзідэнцтва — галоўны, калі не адзіны, сённяшні мядзведзеўскі актыў.
Варта адзначыць: у СМІ, у тэлеграме актыўныя якраз тыя персоны, каму не хапае апаратнага ўплыву. Тыя, хто сапраўды можа прымаць рэальныя рашэнні, не маюць патрэбы ў такой публічнасці. Што, часта Мішусцін выказваецца? Ці Сабянін? Уплывовыя персоны прысутнічаюць у СМІ вельмі абмежавана.
А вось тыя, у каго ўплыву нашмат менш, яны бачаць вайну як шанец падняцца. Але інструментаў у іх мала — і даводзіцца праз медыя вось так «мацаваць» свой імідж. І таксама праз свае выказванні яны прабіваюцца ў зводкі СМІ, такім чынам трапляючы на вочы Пуціну.
І актыўнасць нейкага персанажа ў СМІ — знак, што ніякіх іншых рычагоў у яго няма. Той жа Кадыраў. Так, гэта асаблівы губернатар, са сваімі тысячамі байцоў, асаблівымі паўнамоцтвамі. Ці Прыгожын са сваімі «вагнераўцамі». Але гэта людзі не першага шэрагу расійскай палітыкі — гэта людзі, якія праз медыя і гучныя заявы якраз спрабуюць у гэты першы шэраг прабіцца.
Тое ж і з уцечкамі ды інсайдамі. Уцечкі могуць арганізоўвацца тымі ж людзьмі, якія ў іх і фігуруюць. Прыгожын майстар такога жанру: расказаць журналістам, які ён уплывовы.
Тое ж тычыцца і інфармацыі брытанскага журналіста Мэцьюза, што Патрушаў і Бортнікаў пераканалі Пуціна пачаць вайну. Я б успрымаў гэта скептычна. Ды і згадаем пасяджэнне Рады бяспекі 21 лютага, калі Мікалай Патрушаў нешта не выказвае энтузіязму, наадварот, усім выглядам намякае, што лепш бы перамовы.
Ды і ўвогуле ўсё сведчыць пра тое, што для Пуціна Украіна — гэта вельмі важная асабістая тэма. Ён усё з ёю носіцца, усё намагаецца неяк вярнуць пад крыло Расіі, і я не думаю, што Пуціна патрабавалася пераконваць. Ён даўно да гэтага сам ішоў і рыхтаваўся, усё сведчыць пра гэта».
Але калі вайна — асабістая справа Пуціна, то што адбываецца паміж ім і Лукашэнкам? Ёсць нейкія дамоўленасці паміж імі, каб Беларусь не ваявала?
«Мяркую, што дамоўленасцяў няма, проста таму, што Пуцін захоўвае для сябе адкрытымі ўсе варыянты. І самі ўявіце: сустрэча, Пуцін кажа, каб Беларусь далучалася да вайны, а Лукашэнка адказвае, што не хоча. Можаце ўявіць такую сітуацыю? Я — не.
Лукашэнка зараз настолькі залежны ад Крамля, што проста не можа адказаць «не». Ён можа ўдакладніць загад Крамля, унесці карэктывы, можа змякчыць… Але проста ўзяць і адмовіцца — ужо не можа. Ужо не тая сітуацыя.
І Лукашэнка не зможа адмовіць Крамлю таксама таму, што гэта прамая і зразумелая пагроза. А калі Лукашэнка адправіць сваіх салдат ваяваць — гэта яшчэ трэба паглядзець, чым скончыцца. Таму калі выбар прыйдзецца рабіць, калі Крэмль дакладна захоча ўцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні, для Лукашэнкі больш небяспечна будзе адмовіць Пуціну, чым адпраўляць салдат ва Украіну».
Каментары