На мінскай царкве ўстанавілі самы вялікі купал у Беларусі. Яго вага — 12 тон
На храме ў гонар Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы, будаўніцтва якога вядзецца ў Мінску, у панядзелак паставілі пяць купалоў. Адзін з іх стаў самым вялікім у Беларусі — яго вага складае 12 тон, паведамляюць «Мінск-Навіны».
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін здзейсніў малебен, асвяціў крыжы на купалах і капліцу Стыліяна Пафлагонскага, размешчаную на тэрыторыі храмавага комплексу, а таксама заклаў у сцяну капліцы капсулу часу з пасланнем нашчадкам.
Царква будуецца на ўзвышшы каля станцыі метро «Магілёўская». Як расказаў настаяцель прыхода, протаіерэй Алег Паповіч, вышыня храма складае 33 метры. Ён выкананы ў візантыйскім стылі, а ўнутранае ўбранне царквы будзе ўпрыгожана мазаікай ў залатых танах.
Адзін з пяці купалоў, якія з'явіліся над царквой, — самы вялікі ў Беларусі, ён важыць 12 тон. Чатыры іншыя купалы маюць вагу па 6 тон.
Каментары