Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»22

Еўропа саспявае для праплаты

Здаецца, Мінск пачынае слаць саломку да лістападаўскай Рады ЕС. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Здаецца, Мінск пачынае слаць саломку да лістападаўскай Рады ЕС.

На ёй, нагадаю, будзе вырашацца лёс замарожаных візавых санкцый супраць беларускага кіраўніцтва. 8 кастрычніка міністр юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, што яго ведамства прапрацоўвае пытанне аб адмене праславутага крымінальнага артыкула 193‑1.

Калі верыць міністру, пытанне нават дыскутуецца з прадстаўнікамі партый і трэцяга сектара. Вось, маўляў, які ў нас шырокі дыялог!

Можна падумаць, што людзі з Мінюста пагражаюць «скасуем артыкул!», а бітыя‑перабітыя айчынныя дэмакраты ўпіраюцца рогам: не, трэба пакінуць, а то жыццё стане прэсным і нудным!

Нагадаю: гэтая фірмавая вынаходка айчыннай нарматворчасці, уведзеная перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года, прадугледжвае да двух гадоў турмы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. За гэта, у прыватнасці, адседзелі маладыя людзі з групы «Партнёрства», якія збіраліся назіраць за выбарамі‑2006, лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч (шэрагу яго паплечнікаў «пашанцавала»: абышліся вялікімі штрафамі). На думку Еўропы, артыкул 193‑1 абсалютна не адпавядае прынцыпу свабоды аб’яднанняў.

Апошнія месяцы Мінск рэагаваў на заклікі гэтай самай Еўропы (час, маўляў, зрабіць новыя крокі па шляху лібералізацыі і ўсё такое) паводле прынцыпу «А Васька слухае ды есць». Але да лістападаўскай пераэкзаменоўкі (вясной Брусель толькі пралангаваў замарозку санкцый) трэба зрабіць нейкі жэст.

Па вялікім рахунку скандальны артыкул КК на сёння і так схаваны ў загашнік. Аказалася, што ёсць шмат іншых прыдатных у сэнсе ўтаймавання апазіцыі нарматыўных дубінак.

І не абавязкова — за краты. Штраф, шматкроць большы за сярэдні заробак беларуса, таксама някепска навучае.

Калі ж у дадатак да такой вось гуманізацыі барацьбы з дысідэнтамі ўлады зробяць яшчэ пару саступак, якія не пагражаюць асновам сістэмы (кшталту: уключаць у паштовыя каталогі некалькі маланакладных незалежных газет), то, як мінімум, новая пралангацыя замарозкі санкцый (во якія дыпламатычныя выкрутасы выкарыстоўвае Брусель!) у тутэйшага начальства ў кішэні.

Мроіцца, канечне, поўнае скасаванне, але ёсць у ЕС пара‑тройка «шкодных» дзеячаў кшталту галандскага міністра замежных спраў Ферхагена, якія лічаць, што «апошнюю дыктатуру Еўропы» гладзіць па галоўцы няма чаго. Рада ж ЕС вырашае справы кансенсусам. Так што, мабыць, сыдуцца на кампрамісе, падвесяць пытанне яшчэ на нейкі тэрмін.

Увогуле ж у ЕС пераважвае прагматычны падыход да адносінаў з Лукашэнкам. Брусель напэўна ацэніць, напрыклад, тое, што беларускі кіраўнік зноў адваяваў сябе прастору для манеўра ў павіслай справе аб прызнанні Абхазіі і Паўночнай Асеціі.

Эскапады Лукашэнкі на адрас Масквы (і найперш Пуціна персанальна) на прэс‑канферэнцыі 2 кастрычніка некаторыя аглядальнікі палічылі зрывам, некантраляваым выкідам эмоцый. Але як сказаць! Лепшая абарона — напад. У выніку пасол Расіі Сурыкаў быў вымушаны, апраўдваючы сваё начальства, публічна заявіць, што Масква ў пытанні аб каўказскіх рэспубліках Мінску рукі не выкручвае. Ну а калі так, то — якія прэтэнзіі, хлопцы, што мы ў парадак дня восеньскай сесіі Палаты гэтае пытанне не ўключылі? Ну павывучаем яшчэ, хутка толькі коткі нараджаюцца.

Канечне, Масква адгулялася, адмовіўшыся вуснамі Кудрына выдаваць 500 мільёнаў даляраў крэдыту. Ды і кіраўнік «Газпрома» заявіў, што патуранняў у сэнсе цаны на газ у 2010 годзе не будзе.

Эмацыйныя каментатары сталі прадказваць газавую вайну. Тыя ж эксперты, што разважаюць больш рацыянальна, мяркуюць: Масква ў такім абвастрэнні не зацікаўлена. Па‑першае, наспявае канфлікт з перадвыбарнай Украінай, а на два фронты ваяваць — неразважліва. Па‑другое, Расія абвесціла з новага года мытны саюз з Беларуссю і Казахстанам, і тапіць гэты праект сваімі ж рукамі — недарэчна.

Так што перамовы па газе маюць шансы закончыцца прымальным для беларускага ўрада кампрамісам. Ну а што да крэдытаў, то на Расіі свет клінам не сышоўся. МВФ амаль саспеў да адкрыцця новай лініі для Беларусі, калі скончыцца тэрмін цяперашняга стэнд‑бая.

І самая свежая навіна: скупаваты Брусель, калі верыць беларускім чыноўнікам, таксама саспявае для макрафінансавай дапамогі Беларусі.

Нагадаю: «макра‑», паводле Бракгаўза ды Эфрона, «часціца, якая прыстаўляецца да слоў для пазначэння істотнай велічыні». Намеснік міністра замежных спраў Сяргей Алейнік паведаміў 8 кастрычніка, што гаворка ідзе аб сотнях мільёнаў еўра.

Глядзіш, акурат шуканыя паўмільярда і абламаюцца. Прычым, магчыма, яшчэ сёлета. Што вельмі актуальна для беларускага ўрада, які дзейнічае ў крызісным форс‑мажоры пад немудрагелістым дэвізам Хлапчыша‑Кібальчыша: нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца! Вось толькі, адрозна ад гайдараўскай казкі, дапамагаюць якраз «праклятыя буржуіны».

Каментары2

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →