«Падчас матчаў звыклае турэмнае жыццё нібы спыняецца». Беларускі футбол за кратамі
Стадыёны, форма, прафесійныя футбалісты і нават чэмпіянаты. Самы папулярны від спорту ў свеце існуе і ў беларускіх калоніях, піша «Радыё Свабода».
З 20 лістапада ўвагу футбольных заўзятараў з усяго свету прыцягвае чэмпіянат свету па футболе, які сёлета праходзіць у Катары. Беларуская зборная яшчэ ніколі не ўдзельнічала ў такім турніры, а магчымасці клубаў і зборнай Беларусі моцна абмежаваныя пасля пачатку вайны ва Украіне і саўдзелу ўладаў Беларусі ў агрэсіі супраць краіны-суседкі. Поспехаў на міжнароднай арэне таксама няма, футбалістам застаецца ўдзел ва ўнутраных турнірах — чэмпіянаце і розыгрышы футбольнага кубка. Ёсць у Беларусі і такі футбол, пра які ведае толькі даволі вузкае кола людзей. У матэрыяле Свабоды журналіст і былы палітвязень Алег Груздзіловіч расказвае пра футбол за кратамі.
«Футбол быў першым, што я пабачыў у калоніі»
Алег быў арыштаваны ў канцы снежня 2021 года. Некалькі месяцаў правёў у СІЗА, пасля суда адбываў пакаранне ў калоніі пад Магілёвам. Расказвае, што пасля пераводу туды спачатку мусіў адбыць так званы каранцін — правесці некалькі тыдняў асобна ад іншых вязняў. Але з мясцовымі «футбалістамі» сутыкнуўся амаль адразу пасля пераводу з СІЗА.
«Футбол быў першым, што я пабачыў у калоніі, — расказвае Алег. — Нас выводзілі з каранціннага барака ў лазню, пашыхтавалі на вуліцы. Побач ішла будоўля, людзі везлі на вазках аконныя рамы. Зэкі, але апранутыя, як звычайныя рабацягі. І вось ідзём мы паміж двух корпусаў, нейкая брама. Паварочваем налева — і тут я раптам бачу стадыён, засыпаны пяском. А на ім ганяюць мяч хлопцы. З нейкай вар’яцкай хуткасцю. Як быццам у іх нейкая батарэйка ўнутры. Я такіх хуткасцяў у жыцці нармальным не бачыў. Магчыма, людзі так выседжваюцца за кратамі, што потым настолькі хутка бегаюць. Я не ведаю».
Са слоў Алега, футбольны стадыён у калоніі моцна адрозніваецца ад таго, які можна пабачыць у вольным жыцці. Гэта прастакутная пляцоўка, засыпаная ўтрамбаваным пяском. Агароджаная па перыметры. Па перыметры таксама пратаптаная сцежка, дзе ахвочыя займаюцца бегам, у тым ліку падчас футбольных матчаў.
«На другім баку стадыёна арганізаваныя трыбуны, — успамінае Алег. — Там вязні заўзелі за каманды стоячы. Заўзятары ўсе ў чорным. Вядома, ніхто асабліва не крычыць, такога няма. Але свіст ці воклічы бываюць. Ахоўнікаў пры гэтым не відаць. Сам стадыён агароджаны высокім плотам з металічнай сеткі. Ахоўнікі запускаюць туды гульцоў і заўзятараў і самі не ідуць далей. Назіраюць звонку. Стадыён крыху меншых памераў, чым звычайны футбольны, але вялікі. Брамы таксама меншыя. Гэта нешта сярэдняе паміж хакейнай пляцоўкай і звычайным футбольным стадыёнам».
«Ты быццам на нейкі момант забываеш пра турму»
Як расказвае Алег, гуляюць у футбол вязні звычайна ў спартовай форме — футболкі, майткі і абутак. Пры гэтым падчас «засялення» ў калонію мець пры сабе такія рэчы забаронена. Усё гэта пазней зняволеным перадаюць родныя пры спатканнях.
«Хтосьці гуляе нават у спартовых штанах, калі холадна, — кажа былы палітвязень. — На нагах красоўкі. Мне ўсё гэта вельмі цікава было паглядзець, вядома. Як быццам ты на нейкі момант забыў пра турму і апынуўся ў нармальным жыцці. Пасля мяне вярнулі на каранцін, а адтуль я ўжо ў ШЫЗА трапіў. І вось іду адтуль са сваім вялізным матрацам, чалавек вядзе мяне ў атрад. І аказалася, што мой 9-ы атрад акурат насупраць стадыёну. А там зноў бегаюць, гуляюць зэкі. Было ўражанне, што яны ўвесь час гуляюць у футбол. І так яно амаль што і бывае».
Са слоў былога палітвязня, футбол настолькі папулярны за кратамі, што ў калоніі нават праводзяць уласны чэмпіянат, які цягнецца некалькі летніх месяцаў. Свая каманда ёсць у кожным атрадзе, а іх у калоніі Алега было каля дваццаці. Не гулялі толькі сядзельцы з так званага «пенсіянерскага» атрада, дзе сабралі вязняў пажылога ўзросту.
«Футбол — гэта другі паводле папулярнасці спорт у калоніі пасля трэнажораў, — расказвае Алег Груздзіловіч. — Самаробныя трэнажоры каля кожнага атрада ёсць. А на стадыён ужо прыходзяць толькі аматары футбола. На выхадных стадыён заняты ўвесь час. Адныя каманды прыходзяць, іншыя сыходзяць. Графік робяць. У будны дзень таксама, калі работы скончаныя. Яны заканчваюцца прыкладна каля 14-й гадзіны, бывае і раней, тады вязні адразу ідуць гуляць альбо заўзець».
«Падчас чэмпіянату калоніі вязням дазволеная нават каляровая форма»
Алег кажа, што адміністрацыя калоніі нават вітае захапленне вязняў футболам, бо яны тады чымсьці занятыя і не сядзяць у атрадах, нічога не робячы. Людзі стараюцца запісацца на стадыён амаль пагалоўна, але ўдаецца не ўсім.
«Я пайшоў да начальніка атрада з заявай, а ён мне сказаў, што не, што я там «буду кучкавацца і ячэйкі ўсякія ствараць», — успамінае Алег. — То мне загадалі сядзець у атрадзе. І акурат пачаўся чэмпіянат калоніі».
Паводле былога палітвязня, для чэмпіянату вязням дазволілі мець нешта накшталт формы. Звычайна вязням не дазваляюць мець светлае ці каляровае адзенне. Толькі цёмнае і шэрае. Але футбола гэта не датычыць.
«Я са здзіўленнем пабачыў, што хлопцы прыходзяць на стадыён, пераадзяваюцца — і ў іх усё рознакаляровае, — кажа Алег. — Аказваецца, на футболе можна. Гэта ўсё вязні атрымліваюць альбо ў пасылках, альбо на спатканнях. Неяк умудраюцца мець. У выніку адна каманда бегае ў чырвоных футболках, другая ў белых. А ніз, гетры — ужо хто як. Нумароў на спінах не памятаю. Каманда звычайна 6—7 чалавек. Буцаў няма, красоўкі звычайныя. Замены таксама іначай адбываюцца. Пабегаў чалавек і адпачывае, замест яго нехта іншы. Потым зноў мяняюцца».
Пільнуюць парадку на матчах, як кажа Алег, адмыслова выбраныя суддзі, таксама з ліку вязняў. Яны нават маюць свісткі. Ёсць і табло, на якім вывешваюць лік. Падчас чэмпіянату на наведванне стадыёна ў пэўны час запісваюцца як гульцы, так і гледачы. А вось адмысловага агляду пры ўваходзе на стадыён у калоніі няма.
«Людзі за кратамі заўзеюць больш аддана, больш эмацыйна»
Алег расказаў, што ў кожнай камандзе на чэмпіянаце калоніі можна было вылучыць 2—3 чалавек, якія гулялі на вышэйшым за іншых узроўні.
«Мячы ў кожнай каманды свае, яны захоўваюцца ў капітана, — успамінае Алег. — Я ў атрадзе акурат трапіў у пакой, дзе жыў капітан нашай каманды. Мячы захоўваліся ў шафе. Прычым фармальна гэта ўсё забаронена трымаць. Правяраюць па спісах рэгулярна. Тумбачкі, шафы. Бываюць незапланаваныя кантралёры ў выхадныя перыядычна. Усё правяраюць. Але футбольных мячоў не чапае ніхто. Да спартовага адзення таксама не чапляюцца». Былы палітвязень таксама расказвае, што футбольныя матчы ў калоніі адрозніваюцца ад гульняў на свабодзе яшчэ і лексікай. За кратамі катэгарычна забароненае выкарыстанне мацюкоў, хоць гэтае правіла часта вязні абыходзяць. Карыстацца словамі, якія ганебна апісваюць асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, што часта здараецца на стадыёнах на ўсім свеце, у калоніях катэгарычна нельга. Такі ўчынак можа мець самыя трагічныя наступствы.
«Калі так скажаш, то будзеш адказваць за свае словы, — гаворыць Алег. — Эмоцыі, вядома, выказваюць вязні-футбалісты і гледачы. Мне наогул здалося, што там заўзеюць людзі больш аддана, больш эмацыйна. Калі каманда з нашага атрада выйшла ў фінал, то частка вязняў пайшла на стадыён, а частка назірала за гульнёй проста з акна. Чалавек 20 набіліся туды. Ім ужо цяжка было глядзець. Я ў сваім пакоі быў тады і нават адтуль дакладна ведаў пра падзеі гульні. Увесь корпус тросся. У фінале нашы пасля выйгралі. Цікава, што калі ў атрад заходзілі кантралёры, то яны не чапалі заўзятараў, не ганялі іх. На час футбольных матчаў звыклае турэмнае жыццё нібы спынялася, было крыху нармальнасці ў нас».
Алег таксама расказвае, што канфліктаў паміж заўзятарамі розных камандаў у калоніі, як і паміж футбалістамі, не бывае. За гэтым вельмі пільна сочаць ахоўнікі, пры любой вострай сітуацыі людзей разводзяць па розных атрадах.
«Чэмпіянат у нашай калоніі працягваўся даволі доўга, — расказвае Алег. — Памятаю сходы вязняў: кіраўнік атрада на іх абвяшчаў, колькі мы маем спагнанняў і колькі заахвочванняў. Рапартуе так — што на вытворчасці, што ў культуры ў нас. І агучвалі таксама і футбольныя дасягненні — і якія ў нас яшчэ сустрэчы, і якія прамежкавыя дасягненні, і нарэшце мы выйшлі ў фінал і мы перамаглі. Я глядзеў за гэтай гульнёй. Але яшчэ раней заўважыў, што ў нашым атрадзе адзін вельмі добры футбаліст ёсць. І аказалася, што гэта былы гулец «Крумкачоў».
За краты былы прафесійны футбаліст трапіў у 2018 годзе, ён быў асуджаны па «наркатычным» 328 артыкуле. Алег расказвае, што ў выніку перамогі ў чэмпіянаце калоніі былому футбалісту дазволілі працягваць адбываць пакаранне ўжо на «хіміі».
«Я не ведаю дакладна, ці было гэта вынікам нашай перамогі альбо ў яго проста так тэрмін падыходзіў, — кажа Алег. — Бо калі дзве траціны тэрміну прайшло, то могуць перавесці, калі спагнанняў няма і ёсць заахвочванні. Але, хутчэй за ўсё, гэта было звязана з чэмпіянатам, бо яго перавялі ўжо праз 2—3 дні пасля фіналу. У нас у атрадзе застаўся кубак пераможцаў, гэты хлопец яго пакінуў нам. Такая тыповая спартовая ваза. Паставілі ў атрадзе на паліцы».
Алег таксама кажа, што ахова калоніі альбо афіцэры, адказныя за атрад, футболам зняволеных не цікавяцца. Прынамсі, ён не заўважаў, каб яны заўзелі за кагосьці. Але ставяцца да «футбалістаў» прыязна, падчас гульняў сочаць за падзеямі на стадыёне.
«У тэлевізары футбол у калоніях не глядзяць»
Алег гаворыць, што наўрад ці нехта з вязняў зараз мае магчымасць сачыць за чэмпіянатам свету ў Катары. Нейкая інфармацыя аб гэтых матчах можа трапляць у калонію ад родных. Магчыма, з навінаў БТ, калі там штосьці вырашаць расказаць пра вынікі гульняў. Іншай інфармацыі няма.
«Там увогуле дзіўныя адносіны да спорту ў тэлевізары, — кажа былы палітвязень. — У любым атрадзе, як правіла, палова моладзі. А другая палова — людзі сярэдняга ўзросту. І ў іх вельмі не супадаюць густы што да прагляду тэлевізара. А ён адзін жа. Звычайна тэлевізар захопліваюць тыя, каго большасць. Мне ніводнага разу не ўдалося паглядзець футбол. Нават калі ўдавалася на пяць хвілін уключыць, то хтосьці там сядзеў, нейкі вязень, які пераключыць. Знойдзе нейкі тупы фільм і будзе глядзець. Звычайна чамусьці тыя захопліваюць, хто паводле 328-га артыкула сядзіць. Такая публіка».
Як расказвае экс-палітвязень, ад футбола за кратамі ў яго засталося збольшага пазытыўнае ўражанне. Алег гаворыць, што адчуў там сапраўдную шчырую цікавасць да гэтага віду спорту.
«За кратамі гульня ў футбол — гэта яшчэ і ўдзел у грамадскім жыцці калоніі, атрада, — кажа былы палітвязень. — За гэта вязні атрымліваюць заахвочванні ад кіраўніцтва. Гэта лічыцца плюсам. Там жа не толькі спагнанні ёсць — цэлая сістэма існуе такіх рэчаў, якая нібы перавыхоўвае чалавека. Шмат каму важна мець заахвочванні. Каманды, якія прайграюць, таксама іх атрымліваюць. Але я скажу, што людзі за кратамі гуляюць у футбол не за гэта. Гуляюць, каб атрымаць задавальненне. Гэта такі чысты футбол. Ні за грошы, ні за што, толькі для сябе, за адчуванне свабоды».
Каментары