Журналіст Ігар Казмярчак: Не ведаю, чым я так мог абразіць самага няшчаснага чалавека ў Беларусі
Беларускі журналіст, рэдактар выдання orsha.eu Ігар Казмярчак абвешчаны ў міждзяржаўны вышук за абразу Лукашэнкі. Для «Радыё Унэт» ён пракаментаваў гэту навіну.
Пра пагрозу абвяшчэння ў вышук журналісту раней казала следчая, якая звязвалася з ім праз тэлеграм і намагалася выклікаць яго на допыт. Запытвала, дзе ён, калі прыедзе. Ён адказаў, што з улікам падзей на фронце, можа, і да новага года прыедзе. На гэтым допыт праз тэлеграм скончыўся.
Ігар Казмярчак кажа, што шчыра не ведае, чым мог абразіць Лукашэнку і ад чаго той адчувае сябе няшчасным. Матэрыялы справы журналіст не бачыў. Але мае здагадку, што пераслед можа быць звязаны з ягонымі блогамі з зоны баявых дзеянняў.
Ігар сустрэў вайну 24 лютага ў Чарнігаве і, пакуль гэтыя тэрыторыі не звольнілі ад акупантаў, знаходзіўся там.
З пачаткам акупацыі ён пачаў весці відэаблог «Дзённікі з зоны баявых дзеянняў», у якім распавядаў пра ўсё, што адбывалася ў горадзе. Магчыма, падчас аднаго з такіх стрымаў і прагучалі выказванні, якія маглі быць расцэненыя як абраза.
Там гучалі меркаванні наконт удзелу беларускай арміі ў гэтай вайне. А таксама меркаванні аб тым, што ў Лукашэнкі засталося суверэнітэту толькі на тое, каб у розных касцюмчыках ездзіць па фермах і несці нікому не патрэбную ахінею. Можа, дзесьці ў гэтым спічы і было сказана тое, што магло пакрыўдзіць самага няшчаснага чалавека ў Беларусі, мяркуе журналіст.
Новы статус чалавека ў вышуку ніяк не паўплывае на жыццё Ігара Казмерчака, бо вышук абвешчаны ў межах СНД. А па ягоных словах, у Расіі за сваё жыццё ён быў толькі чатыры разы, а зараз тым больш не плануе наведваць гэтую краіну. Таму настрой рабочы, нармальны. Толькі з сябрамі з’явіліся новыя жарты наконт таго, што, у адрозненне ад многіх, Казмярчак праз пераслед рэжымам выйшаў на міжнародны ўзровень.
Каментары