Кітайская кавідная катастрофа: кітайскія вакцыны слабыя, заходніх Кітай не закупляў
Шпіталі ў Кітаі перапоўненыя, крэматорыі не спраўляюцца з наплывам памерлых. Гэта пачалося, калі краіна паслабіла ўмовы каранціну.
Усё, як у лукашэнкаўскай Беларусі 2020 і 2021 гадоў: перапоўненыя бальніцы, перапоўненыя крэматорыі. Аднак афіцыйна зусім малая колькасць хворых і смерцяў. І згортванне праграмы масавага тэставання, якая фанатычна рэалізоўвалася раней. У апошнім — вялікае адрозненне ад Беларусі. Калі Лукашэнка ад пачатку рабіў выгляд, што праблемы няма, то камуністычныя ўлады Кітая, наадварот, разумелі ўсю сур'ёзнасць віруса — можа быць, таму, што ён выбухнуў у горадзе, дзе месціцца кітайская бактэрыялагічная лабараторыя.
Аднак пасля таго як народ узвыў ад зверскіх каранцінаў, партыя адступіла. І тады выявілася іншая праблема: у адрозненне ад краін Захаду, Кітай вельмі слаба вакцынаваў сваё насельніцтва.
Згодна з афіцыйнымі данымі, у лістападзе 2022 года толькі 40% людзей, якім 80 гадоў і больш, зрабілі дзве прышчэпкі і адну рэвакцынацыю, піша BBC. Між тым старыя людзі найбольш уразлівыя да віруса.
Калі кітайскае кіраўніцтва праводзіла вакцынацыю, яно аддавала перавагу працаздольнаму насельніцтву. Яно не тэставала вакцыны на пажылых людзях і заявіла, што не можа сказаць, наколькі бяспечныя вакцыны для пажылых.
Кіраўнік кітайскай экспертнай групы па каранавірусе, прафесар Лян Ваньнянь кажа, што гэта адштурхнула многіх людзей рабіць прышчэпкі. Ён дадае, што ў вялікай колькасці пажылых ёсць фонавыя захворванні, таму людзі мяркуюць, што вакцынацыя ім толькі нашкодзіць.
Кітайскія ўлады паведамляюць, што мэта на канец студзеня — гэта вакцынацыя 90% людзей, старэйшых за 80 гадоў. Аднак адной толькі вакцынацыі будзе недастаткова для спынення росту колькасці захворванняў на каранавірус. На думку экспертаў, такі рэзкі тэмп павелічэння колькасці хворых можа быць з-за таго, што насельніцтва Кітая было «зачынена» так доўга, што людзі не атрымалі «гібрыдны імунітэт». Яны не атрымалі імунітэту ні праз вакцынацыю, ні праз заражэнне ад іншых людзей.
Кітай у асноўным ужывае вакцыны ўласнага вырабу: CoronaVac, зробленую кампаніяй Sinovac, і Sinopharm. У абодвух выпадках выкарыстоўваюцца часткі мёртвага віруса, каб COVID уздзейнічаў на арганізм і стымуляваў імунную сістэму да выпрацоўкі антыцелаў. Аднак даследаванні паказалі, што такія вакцыны менш эфектыўныя за mRNA (матрычная рыбануклеінавая кіслата) вакцыны, такія як Pfizer і Moderna, што распаўсюджаны ў заходніх краінах.
Даследаванне, апублікаванае ў снежні мінулага года, паказала, што вакцыны з mRNA працуюць лепей за кітайскія для прадухілення захворвання ў людзей, старэйшых за 60. Такія вакцыны трэніруюць імунную сістэму атакаваць бялок віруса, які пашкоджвае клеткі арганізма. Яны забяспечваюць больш надзейную ахову ад хваробы і смерці.
Кітай сцвярджае, што вырабіў каля паловы ўсіх сусветных запасаў вакцыны супраць COVID. Але ўрад не даў дазволу на выкарыстанне mRNA-вакцыны замежнай вытворчасці ў мацерыковым Кітаі.
Нямецкая кампанія BioNTech, якая супрацоўнічала з Pfizer у вытворчасці вакцыны супраць COVID, таксама супрацоўнічала з шанхайскай кампаніяй Fosun Pharma ў вырабе той жа вакцыны на аснове mRNA. Гэта было даступна грамадзянам Германіі, якія жывуць у Кітаі, а таксама ў Ганконгу і Макаа. Аднак у цяперашні час яна не даступная для рынку мацерыковай часткі Кітая.
Паведамляецца, што Кітай распрацоўвае ўласныя вакцыны супраць mRNA, і, хоць адна з іх была ўхваленая для экстраннага прымянення ў Інданезіі, у Кітаі яна не выкарыстоўваецца.
Еўрасаюз заявіў, што гатовы перадаць Кітаю рэшткі сваіх запасаў вакцын.
Аднак у адказ на гэтую прапанову афіцыйная прадстаўніца Кітая Маа Нін сказала, што ў Кітая ўжо ёсць дастатковы запас вакцын.
«Сітуацыя з COVID у Кітаі прадказальная і знаходзіцца пад кантролем», — заявіла яна на прэс-канферэнцыі 3 студзеня.
Каментары