«А что, белорусский язык существует? Так это красивый язык». Намеснік дырэктара «Белсата» расказаў пра моўную палітыку канала
Намеснік дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі даў вялікае інтэрв'ю радыё «Свабода», у якім сярод іншага закрануў і такі аспект, як моўная палітыка канала, — пашырэнне вяшчання на рускай мове і практыку двухмоўных эфіраў, якая многім падаецца заганнай.
— «Белсат» цяпер многія крытыкуюць за рускую мову. Чаму вы пачалі рабіць стаўку на рускамоўную аўдыторыю Расіі і аўдыторыю ва Украіне? Які плён працы ў гэтым кірунку? Ці не замінае гэта працы для беларусаў?
— «Белсат» застаецца беларускамоўным каналам. У будні мы максімальна маем ад 2 да 2,5 гадзіны эфіру па-руску. А «Белсат» вяшчае 17—18 гадзін у суткі. Так што гэта вельмі малая частка эфіру.
У нас і раней было пару праграм па-руску (да прыкладу, сатырычная праграма «Вечерний шпиль», кароткая праграма «Вот так»). Праграма «Жэстачайшы мульт» была на трасянцы.
24 лютага 2022 года, калі пачалася вайна, мы сабраліся раніцай у студыі, і трэба было прымаць рашэнне, што рабіць. Вядома, што трэба было пераходзіць як мага хутчэй на жывы эфір. Паўстала пытанне: на якой мове. І мы прынялі рашэнне, што на дзвюх мовах пачынаем вяшчаць. Беларуская мова, вядома, будзе нашай асноўнай. Але ў нас ёсць гледачы — украінцы, расіяне, мы хочам, каб праўду пра нас пабачылі не толькі ў Беларусі. У нас ёсць пэўная публіка ў Казахстане — каля 10%, у Арменіі, у Азербайджане, у Малдове — будзем вяшчаць на дзвюх мовах. І гэта апраўдалася.
На пачатку вайны наш рускамоўны канал «Вот так» меў каля 300 тысяч падпісчыкаў. А зараз — 1 мільён. І што важна — прыкладна палова падпісчыкаў і ўвогуле праглядаў — з расійскіх ІР. Калі за год палічыць — гэта сотні мільёнаў праглядаў. Я лічу гэта вельмі істотным. Бо часта расіяне не разбіраюцца, можа, думаюць дзе-небудзь у Сібіры, што гэта афіцыйныя беларускія каналы, калі вяшчаюць па-беларуску…
Але калі паглядзець на фронт не вайсковы, а інфармацыйны, на пачатку вайны на гэтым інфармацыйным фронце было вельмі мала жаўнераў. Каго мы можам назваць? Свабодаўскі праект «Настоящее время», «Нямецкую хвалю» — і ўсё. Потым «Дождь» аднавіў вяшчанне, але ў іх праблемы. А беручы пад увагу моц і такое «багацце» расійскай дзяржаўнай прапаганды — гэта нуль, мы вельмі слабенькія. Таму я вырашыў, што вельмі істотна гаварыць расіянам пра гэта. Бо вораг жа адзін.
Калі Расія паламае зубы аб Украіну, гэта залежыць і ад Беларусі. Калі некалькі тысяч расіян зразумеюць, што творыць іх урад, гэта варта рабіць. І яшчэ адзін істотны момант: калі шмат гадзін у эфіры сядзеў беларускамоўны і рускамоўны вядоўца, вельмі цікава было чытаць каментары расіян.
То-бок, у прынцыпе, гэта не было мэтай, але аказалася, што для часткі расіян мы адкрылі існаванне беларускай мовы і зрабілі яе раўнапраўнай. Нам шмат пісалі: «А что, белорусский язык существует? Так это красивый язык».
Таму мы працягваем рускамоўнае вяшчанне. Мы хочам, каб нас глядзелі і ў Расіі, і ва Украіне, у нас ёсць цяпер дзве беларуска-ўкраінскія праграмы. Так што мы ўсё больш становімся рэгіянальным тэлеканалам, абсалютна не губляючы сваёй беларускай ідэнтычнасці.
Каментары
Ён, падаецца, сам не ўсведамляе, наколькі гэта ўзаемна супярэчлівая шыза. Ці наўмысна крывіць душой