Што паглядзець. «Тэрапія» (Shrinking) — камедыя пра псіхатэрапію з Харысанам Фордам
Дзеянне ў серыяле разгортваецца няспешна, і вам нават можа падацца, што нічым арыгінальным «Тэрапія» не вылучаецца. Але калі пацерпіце зусім трошкі, то гэтая гісторыя з вельмі смешнымі момантамі і прывабнымі героямі, ды яшчэ і з Харысанам Фордам сапраўды вас зацікавіць.
Фота: Apple TV+
У цэнтры гісторыі ад Apple TV+ — Джымі, псіхатэрапеўт, ён балюча перажывае смерць жонкі і лічыць сябе вінаватым. Цяжкі стан вымушае Джымі часткова даручыць выхаванне дачкі-падлетка суседцы, а таксама ставіць пад пагрозу яго прафесійнае жыццё, расказвае cnn.com.
Стомлены ад суперажывання людзям, Джымі пачынае шчыра казаць сваім пацыентам, што ён думае пра іх і пра іх стан, нават калі часам гэта дрэнна суадносіцца з псіхатэрапеўтычнай этыкай і нормамі тэрапіі. Усё гэта турбуе калег Джымі — Габі і Пола. Габі пры гэтым сутыкаецца з распадам уласнага шлюбу, а Пол — з раннімі стадыямі хваробы Паркінсана.
У кожнага ў гэтай гісторыі — свае праблемы і слабыя месцы. З часам Джымі знаходзіць у сабе сілы, каб сабраць сваё жыццё нанава, але ў яго застаецца сямейная праблема: дачка Эліс яго не любіць ад слова зусім. Яна пасябравала з суседкай і з Полам, які ўсё ніяк не можа расказаць уласнай дачцэ пра сваю хваробу Паркінсана.
Усё пачынае мяняцца, калі да Джымі прыходзіць новы кліент — цемнаскуры ветэран Шон са сваімі армейскімі псіхатраўмамі і агрэсіўнасцю. Джымі шукае незвычайныя спосабы тэрапіі: напрыклад, пасярэдзіне тэрапеўтычнай сесіі ён з Шонам нечакана апынаецца ў баксёрскай зале, але ў выніку Шон пасля сваркі праводзіць ноч у турме і яго выганяюць з бацькоўскага дома.
Серыял прываблівае добрым гумарам і яскравымі героямі.
Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:
IMDB — 7,7/10
Rotten Tomatoes — 82% (крытыкі), 86% (гледачы)
Каментары