Ці можна прадаваць царкоўныя рэліквіі? Меркаванні святара, рэлігіязнаўцы і прававыя рэаліі
Выстаўленыя на продаж «мошчы Еўфрасінні» хоць і аказаліся падробкай, але сам лот спарадзіў пытанне, ці могуць такія рэліквіі наогул прадавацца праз аўкцыён і ці законна гэта.
Святары: «Рэліквіі прадаваць нельга»
Святары, апытаныя намі, кажуць, што паводле царкоўных нормах рэліквіі і ўсе святыя рэчы не павінны прадавацца і купляцца. Гандаль імі недапушчальны.
«Што ж тычыцца свецкіх законаў, то ў сувязі з тым, што свецкія ўстановы маюць іншы падыход да ўспрыняцця і трактоўкі рэліквіі, то адпаведна і падыход да іх, як да звыклых рэчаў», — адзначаюць суразмоўцы.
У выпадку з продажам праз аўкцыён «мошчаў Еўфрасінні», то беларускія святары акцэнтуюць увагу на ашуканстве:
«Бадай, большае зло ёсць у тым, што ўладальнік рэліквіяў спрабаваў падмануць тых, для каго сама Еўфрасіння з’яўляецца вялікім маральным, духоўным і рэлігійным аўтарытэтам».
Найчасцей рэліквіі збываюць тыя, хто не адносіць сябе да Царквы.
«Тое могуць рабіць спадкаемцы з сям'і духоўнай асобы, якія не лічаць сябе вернікамі», — тлумачаць святары.
Спадкаемцы не бачаць каштоўнасці ў тым, што прадаюць, а разглядаюць яе як уласнасць.
«Застаецца толькі бок маралі, бо ў рэшце гэта косткі чалавека, а яны, як і сам чалавек, наўрад ці могуць быць чыёйсьці ўласнасцю», — адзначаюць святары.
Польскі святар у прыватнай гутарцы катэгарычны: «рэліквіі — гэта не бізнэс». «Сапраўднасць рэліквіі пацвярджаецца адмысловым сертыфікатам, а прадавец мае давесці, адкуль яна ў яго. Нават у выпадку, калі прадмет акажацца падробкаю», — кажа ён.
Прававыя асаблівасці ў розных краінах
Паводле свецкіх нормаў, рэліквія — гэта культурная каштоўнасць, артэфакт, прадмет даўніны.
Пераслед за яе продаж надыходзіць, калі выяўляецца, што яна скрадзеная або незаконна здабытая. У нацыянальных заканадаўствах зламысніку за гэта пагражае штраф ці зняволенне.
У Польшчы, напрыклад, за спробу прадаць артэфакт пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. За яго фальшаванне ці пераробку — да 2 гадоў. Да 5 гадоў зняволення пагражае выкрытаму ў спробе вывазу культурнай каштоўнасці.
У Беларусі за незаконнае абарачэнне культурных каштоўнасцяў могуць пакараць як за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць ці нясплату падаткаў.
Уладальніку неабходна мець дакументы, якія пацвярджаюць, адкуль у яго артэфакты.
Археалагічныя артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак, забаронена прадаваць, купляць, дарыць, абменьваць.
Выключэнне толькі для дзяржаўных навуковых арганізацый і дзяржаўных музеяў, а таксама для фізічных і юрыдычных асоб, якія да 1 студзеня 2017 года ўключылі археалагічныя артэфакты, якія ёсць у іх уласнасці, у адмысловы рэестр.
Капачам за незаконнае скарбашульніцтва пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1850 рублёў).
Такая дзейнасць можа ажыццяўляцца толькі падчас правядзення археалагічных даследаванняў з дазволам Акадэміі навук.
Пытаннямі вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцяў займаецца адмысловая камісія Міністэрства культуры.
Рэлігіязнаўца: «Рынак рэліквій — гэта махлярства яшчэ з сярэднявечча»
Рэлігіязнаўца Наталля Васілевіч з «Хрысціянскай візіі» кажа, што ў выпадку з продажам «мошчаў» трэба было б звярнуцца ў паліцыю, каб іх уладальнік патлумачыў, адкуль яны ў яго, ці законна ён імі валодае і прадае.
«Царква па-рознаму рэагавала на продаж рэліквій, — працягвае Наталля Васілевіч. — Былі і тыя, хто не супраць прыкупіць сабе чагосьці, чым можна прыцягнуць увагу паломнікаў ці турыстаў. Узаемавыгадны бізнэс. Але ў прынцыпе цяпер трэнд на ўрэгуляванасць пытання. Трэба даказваць паходжанне святыняў».
Наталля кажа, што «рынак рэліквій — гэта махлярства яшчэ з сярэднявечча».
Экспертка кажа, што цэрквы спрабавалі абмежаваць такія дзеянні, асабліва Рымская царква. У праваслаўных былі камісіі па мошчах, якія каталагізаваліся, падрабязна апісваліся ў дэталях.
«Продаж мошчаў — гэта ў любым выпадку чорны рынак, таму тым, хто займаецца перапродажам мошчаў, трэба ці рабіць махлярства і выдаваць падробку за сапраўдныя мошчы, ці ўчыняць нейкія іншыя нелегальныя дзеянні.
Вельмі малаімаверна, што ў продажы можа аказацца нейкая аўтэнтычная рэліквія, атрыманая легальным шляхам», — тлумачыць Наталля Васілевіч.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары