Штучны інтэлект здольны падабраць вам ідэальнага партнёра. Сумна? Затое надзейна
Рамантычныя адносіны раней здаваліся загадкавым бокам чалавечай «душы». Аднак тое, што раней выглядала як таямніца, цяпер выглядае як алгарытм, які працуе для большасці людзей.
Што адбылося?
З’яўленне і бурлівае развіццё такіх мадэляў штучнага інтэлекту, як нашумелы ChatGPT, не дае сціхнуць абмеркаванням і разважанням наконт сфер чалавечага жыцця, якія падобныя нейрасеткі могуць закрануць. А закрануць яны практычна ўсе сферы.
Вялікая размоўная мадэль, створаная OpenAI, амаль адразу пасля з’яўлення пачала выкарыстоўвацца сярод іншага для напісання вершаў, адказаў на экзістэнцыйныя пытанні пра каханне і жыццё, а цяпер і для рамантычнай камунікацыі. Цяпер ChatGPT можа за лічаныя секунды напісаць для вас песню пра каханне, якая растопіць сэрца вашага магчымага партнёра.
Выглядае, што ў недалёкай будучыні людзі могуць выкарыстоўваць ботаў у якасці пасярэднікаў у размове — падобна таму, як зараз вы можаце выкарыстоўваць праверку арфаграфіі, каб выправіць памылкі ў чарнавіку электроннага ліста. Акрамя наладжвання дыялогу, мадэлі машыннага навучання таксама могуць зрабіць пошук пары прасцейшым, больш бяспечным, з больш шырокімі магчымасцямі. Але гэта таксама можа зрабіць спатканні больш нуднымі.
Якія перспектывы выкарыстання?
Інжынеры OpenAI стварылі ChatGPT, запоўніўшы яго велізарнымі аб'ёмамі тэксту (каля 300 мільярдаў слоў) і навучыўшы яго выконваць пэўныя задачы, напрыклад, складаць тэксты прозы або адказваць на пытанні — магчымасці, вядомыя як генератыўны ШІ (штучны інтэлект), у тым сэнсе, што бот прымае запыт ад карыстальніка і стварае частку кантэнту.
Таксама генератыўны ШІ можа не толькі ажывіць размовы паміж двума патэнцыйнымі закаханымі, але ён таксама можа зрабіць больш дакладнымі здагадкі аб тым, з якім чалавекам у вас было б больш шанцаў завязаць доўгатэрміновыя адносіны.
Так, звычайныя службы знаёмстваў накшталт Tinder ужо выкарыстоўваюць некаторую тэхналогію машыннага навучання, каб дапамагчы карыстальнікам знаходзіць іншыя адзінокія сэрцы, але новыя штучныя інтэлекты ўяўляюць сабой скачок наперад ад простага супастаўлення профіляў.
Напрыклад, сэрвіс пошуку супадзенняў AIMM выкарыстоўвае штучны інтэлект, каб даведацца пра карыстальніка і пазнаёміць яго з супадзеннямі прыкладна гэтак жа, як гэта можа зрабіць сват. Стваральнікі такога сэрвісу называюць яго нечым накшталт кіраванага шляху, які можа дапамагчы зняць «усе гэтыя няёмкія моманты, калі вы сустракаецеся або калі вы не ведаеце, ці падабаецеся чалавеку, ці ён проста заняты». Электронныя сваты прызваныя цалкам зняць такія праблемы, кажучы наўпрост, ці сапраўды два карыстальнікі зацікаўленыя ў працягу камунікацыі.
Аўтаматызацыя флірту і падказкі супраць неадэкватаў
Іншыя стартапы імкнуцца цалкам аўтаматызаваць флірт. Сярод іх Keys AI, стваральнікі якога натхніліся фактам, што некаторым людзям адчайна не хапае навыкаў, каб належным чынам мець зносіны з сябрамі і сям'ёй. Таму быў створаны віртуальны трэнер па размове, які працуе як дадатак да клавіятуры тэлефона.
Вы можаце адкрыць Keys AI ў сацыяльных сетках, праграмах для знаёмстваў або ў любым тэкставым чаце, і ён будзе прапаноўваць паведамленні для такіх тыповых сцэнароў, як пачатак размовы, перанос спатканняў і нават ініцыяванне разрыву. Вы нават можаце загрузіць скрыншот размовы ў праграму, каб яна магла падказаць, як растапіць лёд падчас нязручнага зацішша ў размове.
Акрамя палягчэння размоў, нядаўнія дасягненні машыннага навучання таксама могуць зрабіць знаёмствы ў інтэрнэце больш бяспечнымі. У той час як Match Group (уладальнік Tinder) і іншыя буйныя гульцы дадалі функцыі бяспекі з падтрымкай ШІ, некаторыя эксперты лічаць, што дадаткі могуць і павінны рабіць больш для бяспекі карыстальнікаў.
Так могуць з’яўляцца алгарытмы, якія маюць дапамагчы абараніць карыстальнікаў ад сэксуальнага гвалту. Розныя каманды распрацоўшчыкаў навучаюць мадэлі выяўляць «чырвоныя сцяжкі» ў размовах — словы альбо цэлыя фразы, выкарыстанне якіх вашым субяседнікам павінна вас насцярожыць. Таксама праграмы могуць папярэджваць карыстальніка перад адпраўкай паведамлення, што нейкія словы ў ім могуць успрымацца як абразлівыя для пэўных культур — нешта падобнае да функцыі Tinder, якая з'явілася ў 2021 годзе і запытвае карыстальнікаў, ці хочуць яны адправіць патэнцыйна шкоднае паведамленне.
Дык якія ж мінусы?
Хоць дагэтуль усё выглядае даволі прыстойна, але ж камп'ютарны раман мае, вядома, і падводныя камяні. Па-першае, усе размовы, якія кіруюцца чат-ботамі, могуць прытрымлівацца падобных адно да аднаго шаблонаў.
Так як людзі часта чэрпаюць натхненне для сваіх профіляў і размоў у іншых карыстальнікаў або інтэрнэт-гідаў, дадаткі ўжо могуць здавацца аднастайнымі. Прырода штучнага інтэлекту такая, што мадэлі рухаюцца, як снежны камяк з гары: надзвычай хутка збіраючы інфармацыю ад карыстальнікаў і сайтаў па ўсім інтэрнэце. Таксама людзі ў праграмах для знаёмстваў могуць рабіцца вельмі падобнымі адно да аднаго — і штучны інтэлект толькі паскарае гэта.
Спецыялісты па вывучэнні ўзаемадзеяння чалавека са штучным інтэлектам кажуць, што чат-боты нібы ўніфікуюць тое, пра што людзі могуць гаварыць. Моўныя мадэлі могуць выглядаць «крэатыўна» ў тым сэнсе, што гэта нешта новае для карыстальнікаў у пэўны момант, але ў глабальным маштабе яны могуць прапаноўваць падобныя ці аднолькавыя пытанні і падказкі многім людзям.
Да таго ж чалавек можа таксама няправільна інтэрпрэтаваць рамантыку робатаў — асабліва калі дадаткі або карыстальнікі дакладна не паведамляюць, ці выкарыстоўваюць яны штучны інтэлект у размовах або асабістых біяграфіях. Напрыклад, вершы пра каханне, якія стварае ChatGPT, могуць увесці ў зман карыстальнікаў, якія занадта шмат чытаюць паміж радкоў, напісаных ботам.
С. Шыям Сундар, дырэктар Цэнтра сацыяльна адказнага штучнага інтэлекту ў Penn State University, сцвярджае, што яго даследаванне паказала, што людзі могуць давяраць паведамленню, створанаму камп'ютарам, гэтак жа, як і паведамленню, створанаму чалавекам.
Пры гэтым наша гатоўнасць давяраць штучнаму інтэлекту можа заахвоціць нас прапаноўваць усё больш асабістых даных кампаніям, якія стаяць за ботамі. Нягледзячы на сцвярджэнні прадстаўнікоў кампаній пра тое, што рамантычныя дадаткі шыфруюць інфармацыю карыстальнікаў, гэта не гарантыя, што інфармацыя не трапіць у рукі зламыснікаў ці проста рэкламадаўцаў. Праграмы і вэб-сайты для знаёмстваў, якія патрабуюць шмат асабістай інфармацыі, ужо маюць рэпутацыю распаўсюджвальнікаў гэтай інфармацыі і, як правіла, уразлівыя да буйных узломаў.
Нягледзячы на ўсе невядомыя, спадар Сундар лічыць, што нам насамрэч не трэба ведаць, чалавек ці робат напісаў мілыя словы. «Удзел ШІ стане настолькі звычайнай часткай нашай камунікацыі, што нам можа не спатрэбіцца раскрываць інфармацыю [пра тое, што мы карыстаемся ШІ], — кажа ён. — Я думаю, што ў доўгатэрміновай перспектыве гэта стане ўзаемапрызнанай сацыяльнай хлуснёй, якую мы гаворым самі сабе».
Што кажа сам робат?
На пытанне выдання Inverse, ці можа штучны інтэлект дапамагчы камусьці знайсці каханне, ChatGPT адказаў:
«Як моўная мадэль штучнага інтэлекту, я магу дапамагаць людзям рознымі спосабамі, але пошук кахання — гэта складаны і асабісты досвед, які лепш за ўсё пакінуць канкрэтнай асобе. У той час як тэхналогія штучнага інтэлекту можа быць выкарыстаная, каб дапамагчы людзям знайсці патэнцыйных партнёраў праз дадаткі і вэб-сайты для знаёмстваў, працэс пабудовы значных і працяглых адносін у канчатковым рахунку з'яўляецца чалавечым досведам, які патрабуе эмацыйнага і сацыяльнага інтэлекту, якім штучны інтэлект не валодае».
Каментары
раз-пораз даводзіца чуць ад калег ускліканне - 'ну чаму няма кланавання!? я б кланаваў(ла) сябе'
аднойчы ранкам... а якраз незадоўга я пачула гэту фразу... выходжу з ліфта... як туўт...
ліфты размешчаны адзін супраць аднаго і на задняй сценцы ў іх люстэркі...
і вось уявіце...
ранак. прыцемкі. сонная я. выходжу з ліфта і... бачу, як насутрач мне выходзіць...
бясконцая вераніца мяне...
гэта проста ліфт, той што насупраць таго, на якім узнялася я, застраў на нашым паверсе, а дзверы адчыненыя былі, а там люстэрка. і ў ліфце, з каторага выходзіла я, таксама люстэрка. ну вось я і пабачыла бясконцы люстраны калідор і бясконцую вераніцу сябе)
аднак прыкольны атрымаўся на яве спецэфект...