«Маршруты абмяркоўваліся з Пальчысам, а жаночымі маршамі займалася Касцюгова». Пратасевіч дае паказанні ў судзе
Сёння ў Мінскім абласным судзе дапытваюць Рамана Пратасевіча па справе кіраўнікоў канала Nexta. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна. Сачыць за працэсам можна толькі па рэпартажах дзяржаўнай прэсы.
«Першы загінулы на пратэстах, Тарайкоўскі, стаў як халодны душ. Гэта крыху нас ацверазіла. Але ў эмацыйным плане ўсе былі спустошаныя. Ніхто не ведаў, што рабіць далей. І тады на Камароўскім рынку, недзе 12 чысла, зʼявіліся дзяўчаты з кветкамі. Гэта дало нам надзею, што вынікі выбараў могуць быць перагледжаныя», — прыводзіць словы Рамана Пратасевіча «Мінская праўда».
Ад планавання жаночых суботніх маршаў, маршаў пенсіянераў Пратасевіч адхрысціўся. Але заўважыў, што, на яго думку, жаночымі маршамі займалася палітолаг Валерыя Касцюгова, пішуць прапагандысты.
— У Пуцілы пачаліся нейкія кантакты з Алесем Зарамбюком — кіраўніком Беларускага дома ў Варшаве, нейкія гранты яны атрымлівалі, да прыняцця рашэнняў ён мяне больш не падключаў, — сказаў Пратасевіч.
Штаб Віктара Бабарыкі Раман ведаў, але не размаўляў з імі. Ні з Марыяй Калеснікавай, ні з Максімам Знакам Пратасевіч асабіста не быў знаёмы.
Блогер Эдуард Пальчыс у снежні 2021 года быў асуджаны да 13 гадоў зняволення па чатырох артыкулах КК за так званае распальванне варожасці; арганізацыю масавых беспарадкаў; арганізацыю дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы.
Каментары