Гісторыя11

«Плюшавы дэсант», ці Як цацкі прывялі да гучных адставак. А што будзе па выніку Мачулішчаў?

У сувязі з нечаканай дзёрзкай акцыяй — пашкоджаннем самалёта ў Мачулішчах — некаторыя СМІ згадваюць пра іншы гучны інцыдэнт, які адбыўся больш за 10 гадоў таму. Ён не прынёс рэжыму Лукашэнкі ніякіх матэрыяльных страт, але балюча ўдарыў па іміджы ягоных сілавікоў. Таму не дзіўна, што па яго выніках паляцелі некаторыя галовы. 

Плюшавы дэсант. Фота з паведамлення «Нашай Нівы» за 4 ліпеня 2012 года

4 ліпеня 2012 года, на другі дзень пасля святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці, Беларусь ускалыхнула незвычайная навіна.

Гарады Беларусі былі «бамбардаваныя» плюшавымі цацкамі. Адказнасць за гэта на сябе ўзялі два шведы, якія здолелі на сваім лёгкаматорным самалёце незаўважна для сіл супрацьпаветранай абароны краіны перасячы паветраную прастору Беларусі і на малой вышыні даляцець да Мінска.

У той жа дзень з'явілася некалькі відэа гэтай акцыі. Па іх дакладна можна было вызначыць месца акцыі. Гэта быў гарадскі пасёлак Івянец і ўскраіны Мінска (Сухарава і Малінаўка). На відэа быў бачны пілот, які схаваў твар пад маскай мядзведзіка, і ягоны сябра, які скідаў плюшавыя цацкі з прычэпленымі да іх улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь.

З’явілася відэа дэсанту мядзведзікаў над Беларуссю.

На другім відэа было бачна, як з неба спускаюцца мядзведзікі на парашуціках.

Новае відэа дэсанту мядзведзікаў: самалёт над Мінскам.

Жыхары Івянца пацвердзілі, што бачылі самалёт. Яны расказалі, што плюшавыя цацкі ў мястэчку сабрала міліцыя.

Як стала пазней вядома, самалёт стартаваў з аэрадрома ў Пачунах (Пачунай) каля Коўна, перасек мяжу з Беларуссю каля вёскі Баранавічы Іўеўскага раёна. Шведы кажуць, што баяліся, каб самалёт не быў збіты беларускай СПА. Паводле слоў пілотаў, што бралі ўдзел у акцыі, яны прабылі ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь прыкладна 1—1,5 гадзіны і без цяжкасцяў вярнуліся ў Літву.

Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ніякіх неапазнаных самалётаў у беларускай паветранай прасторы 4 ліпеня не з’яўлялася. А відэа палёту, маўляў, мантаж і «груба сфабрыкаваная правакацыя».

Большасць СМІ палічыла, што заявы шведаў былі піярам.

Тое, што факт перасячэння мяжы ўсё ж такі быў, Аляксандр Лукашэнка прызнаў толькі 26 ліпеня.

31 ліпеня ён вызваліў ад пасады камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрыя Пахмелкіна і старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігара Рачкоўскага. Прычына — «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Тагачасныя дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі Леанід Мальцаў і старшыня КДБ Вадзім Зайцаў атрымалі вымовы. Міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброных Сіл Пятро Ціханоўскі былі папярэджаныя аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Канфлікт прывёў і да замарожвання дыпламатычных адносін са Швецыяй (дыпламаты абедзвюх краін вярнуліся дахаты) і ўскладнення адносін з Літвой.

Расследаванне праводзіў Следчы камітэт. У адпаведнасці з яго вынікамі, пры перасячэнні мяжы самалёт заўважыў памежны нарад і паведаміў дзяжурнаму па памежным пасту «Суботнікі». Але дзяжурны не перадаў данясенне ў падраздзяленні Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны і вышэйстаячаму начальству. За гэтае парушэнне дзяжурны атрымаў два гады пазбаўлення свабоды.

15 ліпеня КДБ затрымаў фатографа Антона Сурапіна, які першым размясціў фота акцыі на сваім сайце, і рыэлтара Сяргея Башарымава, які дапамог з арэндай жылля легальна прыехаўшым шведам, якія з зямлі здымалі акцыю.

Праўда, калі параўноўваць з цяперашнімі часамі, то абодва, можна сказаць, абышліся «лёгкім спалохам», бо ўжо 17 жніўня абодва абвінавачаных былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, а 28 чэрвеня 2013 года КДБ публічна аб'явіў аб спыненні крымінальнай справы супраць іх і зняцці абвінавачанняў.

У 2016 годзе Сурапін нават адсудзіў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды. Цяпер гэта ўспрымаецца як нешта ўвогуле казачнае, але часы тады былі іншыя — рэжым быў зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Захадам, і гэтае жаданне было ўзаемным.

Што тычыцца сілавікоў, галовы якіх тады паляцелі, то іх кар'ера ў сілавых структурах была незваротна спыненая. Аднак Ігар Рачкоўскі паспяхова працягнуў яе ў іншай галіне: ужо 1 лістапада 2012 года ён стаў першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, гэта значыць першым намеснікам самога Лукашэнкі. А вось імя Дзмітрыя Пахмелкіна пасля ў новай якасці не ўсплывала.

Цяперашняя сітуацыя непараўнальна больш сур'ёзная ва ўсіх сэнсах, ды і часы больш суровыя. Таму, у прынцыпе, варта чакаць і куды больш сур'ёзных лукашэнкавых кадравых «ператрахіванняў» у сферах, адказных за вайсковую авіяцыю. Ці яны адбудуцца насамрэч — пакажа найбліжэйшы час. Пакуль што Лукашэнка, прынамсі, публічна абышоўся хоць і строгімі, але толькі словамі.

Чытайце таксама:

«Жэстачайшай дысцыпліны!» Лукашэнка адчытаў кіраўніцтва сілавога блоку. Хрэнін сядзеў як мыла з'еўшы

 

Каментары1

  • Крот
    28.02.2023
    Яшчэ адна ... акцыя для неафітаў ад фсб з мэтай змяніць кіраўніцтва штаба на больш прарасейскае, якое паспяхова выканаў псеўданезалежны журналіст і ко

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу36

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

«Сітуацыя блізкая да катастрофы», а «такі мог быць зімовы курорт!». Расійскія ваенкары пра наступ паўстанцаў у Сірыі9

Пушыстыя VIP-кліенты. Як у Бараўлянах стварылі цырульню для хатніх жывёл

Паліна Шарэнда-Панасюк абскарджвае апошні прысуд — але яго абскарджвае і пракуратура

У Мінску таксіст ударыў пасажыра за тое, што той нібыта гучна бразнуў дзвярыма3

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу36

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →