Пра гэта паведаміў прадстаўнік Антоніу Гутэрыша, адказваючы на пытанне інфармацыйнага агенцтва dpa.
Генеральны сакратар ААН прыбыў у сталіцу Украіны ноччу. Падчас свайго трэцяга візіту ва Украіну з пачатку вайны 73-гадовы Гутэрыш сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім для перамоў аб падаўжэнні збожжавай здзелкі.
Кантракт на экспарт украінскага збожжа праз кантраляванае Расіяй Чорнае мора заканчваецца 18 сакавіка, і ААН настойвае на чарговым яго падаўжэнні.
СМІ паведамлялі, што Украіна пачала анлайн-перамовы з партнёрамі аб падаўжэнні Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, накіраванай на тое, каб Кіеў мог працягваць пастаўкі збожжа на сусветныя рынкі.
Ініцыятыва была заснаваная пры пасярэдніцтве Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Турцыі ў ліпені мінулага года, а ў лістападзе яна была працягнутая. Яе тэрмін дзеяння заканчваецца 18 сакавіка, калі не будзе дасягнута дамоўленасці аб прадаўжэнні.
Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу заявіў у нядзелю, што Анкара прыкладае ўсе намаганні для падаўжэння дзеяння «збожжавай здзелкі».
Расія заявіла, што пагодзіцца на прадаўжэнне Чарнаморскага збожжавага пагаднення толькі ў тым выпадку, калі будуць улічаны інтарэсы яе ўласных сельгасвытворцаў.
Каментары